Літаратурны марафон «СВЯТЛО ВЯЛІКАЙ ПЕРАМОГІ». Віктар САБАЛЕЎСКІ

Віктар САБАЛЕЎСКІ

Адплата
Сінія вочкі
У Васілёчка.
Носік кірпаты
Тырчыць зухавата,
Жменькі вяснушак
Ад носа да вушак.
Зубоў не хапае –
Часта губляе.
Непаслухмяны
Чуб свой старанна
Хлопчык намочыць –
Зноў той ускочыць…
Пяты гадочак
Знайшоў Васілёчак
Тут, на чужыне,
Ў нялюбай краіне.
З роднага дому
Ў свет невядомы
З мамай забраны,
Вайною пагнаны.
Мама працуе –
Статак гадуе
На ферме ў немца.
Куды хлапцу дзецца?
Васька сумуе.
Бачыць і чуе
Маму ён рэдка.
Днямі ён сведка
Немцаў размовы.
Асобныя словы
Сам разумее.
Ледзь не самлее,
Пачуўшы не ў жарт
“Цурук!” альбо “Хальт!”
Стары гаспадар
І бог тут, і цар.
А гаспадыня,
Нібы гусыня,
Пройдзе па сцежцы,
Прамовіць у спешцы:
“Русішэ швайнэ”.
Хлопчык звычайна
Схіліць галоўку,
Адвернецца моўчкі.
Толькі б не біла.
Мама вучыла
Трываць усе здзекі
Ад нечалавекаў.
Пітэр, унук іх,
Не любіць рускіх.
Гадоў мае восем,
А колькі ў ім злосці,
Колькі той пыхі –
Бы пан вялікі.
То ён ушчыкне,
То падштурхне,
То пырсне вадой,
То – крапівой…
З крамы аднойчы
Выбег той хлопчык
З торбай цукерак.
Гэткіх паперак,
Яркіх, бліскучых,
Вельмі пахучых,
Васька ніколі,
Ні тут, ні на волі,
Нават не бачыў.
Ледзь ён не плача.
Пітэр рагоча,
Са здзекам у вочы
Хлапцу пазірае.
Потым хавае
Смакоцця жменю
Сабе, у кішэню.
Колькі прысмакаў
Кінуў на лаўку.
Слінкі глытаў,
На іх пазіраў
Мо паўгадзіны
Наш Васілёк.
Ды ўсё ж перамог
Такую спакусу.
Зусім і не трус ён.
Матулі наказ
Помніў штораз:
“Чужое – не браць,
Лепш – галадаць!”
Ды раптам вочкі
У Васілёчка
Заззялі агнём.
Скокнуў ваўчком,
Хутка з паперкі
Выняў цукерку,
Тут жа ў абгортку
Малеча вёртка
Памёту-гарошку
Загарнуў трошку.
“Ласунак” паклаў
Там, дзе і ўзяў.
Сам – на гарышча,
Сеў у зацішку
І пазірае,
Нямчонка чакае.
Вось той выходзіць,
Позіркам водзіць –
Ваські няма.
Цукерак жа смак
Сам адчувае.
З лаўкі хапае
Ён пачастунак.
Падвёўшы рахунак
(Усе тут, на месцы),
Можна і з’есці.
Якраз тую, з краю,
Ён раскрывае,
Нягледзячы ў рот…
“О, пся крэў! О, майн гот!”
Крычыць і плюецца,
Да мамы нясецца.
Васька нягучна
Зверху смяецца:
“За маму, за тату,
За родную хату,
За рэдкія святы –
Мая вам адплата!”

Вяртанне
У старой вясковай хаце
Пазірае са сцяны
Побач з фота немаўляці
Твар мінулае вайны.
Усміхацца хочуць вочы,
Ледзь прыкметныя вусы,
Падбародак бы дзявочы,
Русай горкай – валасы.
Дзве малюсенькія зоркі
На пагонах ледзь відаць,
Пазірае з гімнасцёркі
Сіратой адзін медаль.
Збоку – борт аўтамабіля
Ды руіны ад сцяны
Перад камерай застылі.
І ва ўсім – дакор віны…
Гэта фота ў сорак трэцім
Пераслаў дамоў салдат.
А пасля было раненне,
Выратоўцам – медсанбат.
Каля года – у шпіталі –
Зведваў лекаў горкі смак.
Так, жыццё адратавалі,
А нагі – лічы, няма.
Ёсць кароткі пацурбалак,
Ні ступіць, ні мяч падбіць.
Не пісаў пра гэта маме,
Не хацелася і жыць…
Прычакалі вызвалення
Беларускае зямлі.
З маладога пакалення
Хлопцы ў армію пайшлі.
Да старой вясковай хаты
Травой сцежка зарасла.
Без нагі сюды салдата
Шлях-дарога прывяла.
На падворку прыпыніўся,
Бо на вокнах – з дошак крыж.
Ледзь да плоту прыхіліўся,
Сусед веснічкі адкрыў.
− Ты, Васіль? – слязіна ўпала.
Шапку зняў ён з галавы.
− Цябе маці так чакала,
Яна верыла – жывы…
За сталом сядзелі доўга,
Самагонкай гналі боль,
Ды з мінулага трывога
Падпаўзала больш і больш.
Так, нямала страт і гора
Дасталося ад вайны.
І глядзеў нямым дакорам
Фотаздымак са сцяны…