Літаратурны марафон «Святло Вялікай Перамогі». Віктар КАЖУРА

Літаратурны марафон «Святло Вялікай Перамогі»

Віктар КАЖУРА

ПАКУЛЬ З’ЯВІЎСЯ Я

Каля дарогі, што да Белі
Праз вёску роўненька вяла,
Сярод пясчанае купелі
Ляксандры хата там была.
Яна б і сёння шчэ стаяла,
Здалёку путнікам відна…
Ды зыркай свечкай запылала:
Быў дзень, быў час – была вайна.
І толькі яркі кусцік бэзу
Там Вечным полымем гарыць.
Ён выжыў між агню й жалеза
І ціха шэпча: “Трэба жыць!
За тых, каго ВАЙНА забрала,
Дачасна ў вечнасць павяла,
Калі карычневай навалай
Бяда на вёску наплыла.”*
*У 1943 годзе мая родная вёска Краўчонкі, што ў Вілейскім раёне
Мінскай вобласці, была часткова спалена фашыстамі (за дапамогу
партызанам). Першай згарэла хата майго дзеда Кажуры Аляксандра
Аляксеевіча.

ТАТА ЎСПАМІНАЕ…**

Штрых першы
Бальшак лесам –
Караністы.
Злева, справа там –
Фашысты.
Каскі, каскі …
Аўтаматы…
“Partisanen? Halt!
Soldaten!”
“Партызану”
Год дванаццаць –
Ледзь не плакаў:
Не ўцячы
І не схавацца
Ад “сабакаў”.
Прад чужымі
Ў сваім лесе
Вінаваты…
А ў кашы
Ляжаць
Дзве міны –
Для расплаты.
Ды вайна
Не ўсіх
Счарсцвіла,
Нат салдатаў,
Бо знайшоўся
Чалавек
І сярод катаў.
(Можа ўспомніў
Ён сваіх там
Немчанятаў),
Але ўсё ж
Уратаваў дзіця
Ад страты.
Немцы сцежку хлопцу
Саступілі,
Хто са здзекам,
Хто са злосцю –
Прапусцілі.
Сам не ведаў,
Як дайшоў хлапчук
Да хаты…
І дачасна
Пасівеў тады
Мой тата.*
Штрых другі
Ад паразаў
Немец
Ашалелы:
Не шкадуе
Куль, снарадаў –
Азвярэлы.
І Краўчонкам*
Ён рыхтуе
Лёс Хатыні –
Знікне вёска,
Згінуць людзі –
ПАМЯЦЬ згіне.
І па десе,
Як скаціна,
Чарадою
Чалавек
За чалавекам –
Ды з бядою.
Злева, справа –
Аўтаматы,
Аўтаматы…
А вяскоўцам:
“Schneller, schweine!” –
І да страты,
Ці хто чуе,
Ці ідзе
На дапамогу?
А ці смерць
Касу рыхтуе
На дарогу?
Ды пачулі
Плач хаўтурны
Партызаны,
Як маланка,
Паласнулі
Па нязваных.
Дымам-полымем
Чужынцы
Адляцелі…
Так з бяды
Мае краўчонне
Ацалелі.
**Гэтыя апавяданні – рэальныя факты з ваеннага жыцця маіх родных
і суседзяў-вяскоўцаў.

УДЗЯЧНАСЦЬ

Святочны дзень цвіце зарою,
Аркестраў музыка гучыць,
Людскі паток ракой жывою
Праспектам сонечным спяшыць.
Хадзем і мы, унук, з табою
На плошчу, дзе Агонь гарыць.
Хадзем, паклонімся Герою,
Які ў магіле брацкай спіць.
Устаў ён грознаю парою
З бяды Радзіму бараніць…
Загінуў сам, каб мы з табою
Маглі спакойна сёння жыць.
Каб сонца ў нас над галавою
Магло ласкавае свяціць,
А бусел кожнаю вясною
Мог над буслянкаю кружыць…
***
І ўнук маленькаю рукою,
Удзячна, ад усіх жывых,
Паклаў да помніка Герою
Букецік кветак палявых.
Выкарыстана ілюстрацыя да кнігі В.Катаева “Сын полка”
Прэс-служба МАА СПБ