Літаратурны марафон «СВЯТЛО ВЯЛІКАЙ ПЕРАМОГІ». Уладзімір ЦАНУНІН

Уладзімір ЦАНУНІН 

Духавы аркестр
Суботнім вечарам у парку
на пятачку густой травы
граў польку весела і шпарка
аркестр ваенны духавы.
Кружылі на пляцоўцы пары,
здалёк нагадвалі вянок.
У вышыню ляцеў да хмары
дзявочы смех, нібы званок.
Яшчэ далёка да адбою,
і цёпла свецяць ліхтары.
Трубач бліскучаю трубою
ўзмахнуў загадкава ўгары.
Даўно не чула наваколле
прыгожай музыкі такой.
Расквеціў чэрвень, як ніколі,
куточкі парка над ракой.
Душа трымцела ў хваляванні,
нібы анёлава крыло.
Свяцілася ў вачах каханне –
яно бязмежнае было.
Аркестр ваенны граў факстроты,
мазуркі, вальсы да відна…
А ранкам у нядзелю потым
у гэты парк прыйшла вайна!

Самы доўгі чэрвенскі дзень
Ад слупа пагранічнага цень
лёг на чырвань куста шыпшыны.
Самы доўгі чэрвенскі дзень
пачынаўся не спевам птушыным.
Гул матораў разбіў цішыню
нечуваным выццём шалёным
і разліў акіян агню
нечакана над краем сонным.
Змеі чорных чужых калон
у тумане дарожнага пылу,
узарваных мастоў бетон
і абапал дарог – магілы.
Гімнасцёрку ламала соль.
Твар на сонцы гарэў ад поту,
а на сэрцы – трывогі боль:
хто ж адкажа за гэта потым?
Нетрывалы драўляны схрон
на адхоне прырэчнай поймы,
і адзін баявы патрон
у апошняй на ўсіх абойме.
Дым пажараў над полем цень
распластаў, нібы хвост ваўчыны.
Гэты чэрвенскі доўгі дзень
стаў пачаткам вайны Айчыннай.

Пасмяротна
Ён атрымаў тры кулі навылёт
і беспрытомны з’ехаў у варонку.
Яго згубіў на полі бою ўзвод,
таму дамоў паслалі «пахаронку».
Не высветліўшы праўды да канца,
прыняў рашэнне пасівелы ротны –
за гераізм і подзвігі байца
да ордэна прадставіць пасмяротна.
Папера па інстанцыях пайшла…
І згінула ў дубовай шафе штаба.
У гэты час на ўскраіне сяла
параненага падабралі бабы.
Ён, дзякуючы ім, застаўся жыць.
Пасля вайны вярнуўся ў дом да маці.
Не ведаў хлопец, што даўно ляжыць
ягоны ордэн у ваенкамаце.
Аб гэтым нават думкі не было,
бо праца зацягнула невылазна.
Франтавіка любіла ўсё сяло
за справядлівасць, волю і адказнасць.
З гадамі пасівела галава.
Усё, што толькі мог, аддаў народу…
Праз трыццаць год ягоная ўдава
нарэшце атрымала ўзнагароду.

Два салдаты
(тэкст песні)
Ціхая рачулка каля хаты
і амаль да лесу – сенажаць.
Тут, у дзвюх магілах, два салдаты
пад дзвюма бярозамі ляжаць.
Раніцай туман бялявы крые
саванам дрыготкім далягляд.
У адной магіле – сын Расіі,
у другой – з Германіі салдат.
Завіруха тут зімою вые,
і лютуе раніцай мароз.
Чорныя гады саракавыя
іх з’ядналі тут, паміж бяроз.
Зацягнула рэчка цёмнай цінай
з тых часоў крутыя берагі,
дзе ляжыць адзін хлапец з Берліна,
са Смаленска – малады другі.
Кветак жменькі на пагорках вузкіх
у траве пасохлыя ляжаць.
Крокі два зямелькі беларускай
паміж імі нібыта мяжа.
Сірацее адзінока хата.
А вакол такая цішыня!
І, скажыце, хто ў тым вінаваты?
У адказ, як рэха мне – вайна!