Літаратурны марафон «СВЯТЛО ВЯЛІКАЙ ПЕРАМОГІ». Таццяна ЦВІРКА

Таццяна ЦВІРКА

Адзін з апошніх
− Васька, Васька,
хадзі сюды, дружа,
Малачка, во, налью, пакупнога.
Я, мой коцік, зусім занядужаў,
А сказаць табе трэба так многа!
Пі, рыжманчык, маленькі прыблуда,
У абед пачастую сасіскай.
І з табой сумаваць я не буду,
Для мяне ты цяпер – самы блізкі.
Дзед Савелій рукою старэчай
Гладзіць Ваську (нядаўна прыбіўся):
Хвост трубою, пагляд чалавечы,
На вусах – малако.
− Ну, напіўся?
То скачы мне хутчэй на калені,
Пачашу табе трошкі за вухам,
Ды ізноў пра маё пакаленне
Гаварыць пачну, а ты слухай.

… Сорак трэці быў год – ваенны.
Чула, пэўна, уся ваколіца,
Як суседкі Марыля з Аленаю
Выпраўлялі сыноў-дабравольцаў.
Нам з Алёшкам – сямнаццаць з паловай,
Нават шчокаў яшчэ не галілі.
Маладыя! Не бралі і ў голаў…
Толькі мамаў шкада – галасілі…
Перажыць давялося многае,
Усяго не прыпомню ўжо сёння.
Беларускімі йшлі дарогамі –
Прыдняпроўя і Прынямоння.
Лёс няпросты нам быў прызначаны:
Голад, страты, страх смерці, разруха…
Выпрабоўвалі душы юначыя,
Кожны пораху ўволю панюхаў.
Эх, Васёк! Так было часам страшна…
Але Бог надаваў нам сілаў.
За Айчыну – урукапашную!
Хоць без жалю ўсіх смерць касіла…
Крыўдна вельмі, што мала-мала нас
Сустракала, браток, вызваленне…
Згуртаваў-з’яднаў той крывавы час.
«Франтавое» – мы ўсе – пакаленне!»
Дзед неўпрыцям вочы прымружвае,
Адчувае: сэрца трапечацца,
І хрыпіць у грудзях прастуджана,
Хоць, мо з тыдзень ужо, як лечыцца.
Кіпцюрамі Васька падрапвае
Дзеда Савы худыя калені
І хвастом незласліва паляпвае –
Знак дае: «Ну, працягвай, Савелій!»
І стары, прыступ кашлю адолеўшы,
У мінулае зноў вяртаецца.
Уздыхае: «Эх, доля-долюшка!»
Успамін за ўспамін чапляецца…
− Дзень пракляты той, Васька, коцік мой,
У нутробе сядзіць паразітам.
Ля Баранавіч быў страшэнны бой,
Рэчка Шчара крывёю заліта.
Боль пранізлівы… Сонца – чорнае!
Куляў свіст… І агністае неба.
Я шаптаў: «Старана азёрная!
Закажы ты па мне малебен»…
Толькі, бач, не спаў у той міг анёл,
Спрацавалі і маці замовы.
Памятаю: бель-белізна вакол.
Зразумеў: «Нарадзіўся нанова!»
Ног не чуў сваіх, і жывот – чужы,
Быццам сноп, у шпіталі валяўся.
Але от жа як! Калі жыць – дык жыць!
Праз паўгода жаніцца сабраўся!
Лёс з Галінай звёў, медсястрычкаю,
Вочы – зорачкі, косы льняныя,
Хоць была каранною масквічкаю, –
Беларусь стала роднай стыхіяй.
Разам стрэлі з ёй Перамогі дзень!
Хатку ў вёсцы сваю збудавалі,
Праўда, мець сваіх не змаглі дзяцей,
Я пра гэта ўжо знаў у шпіталі…
Семдзесят гадкоў пражылі, як дзень,
Жонку з рук адабрала кашчавая.
Як мне без яе?.. Вось жыву, як пень,
Адзінокі, замшэлы, трухлявы я…

Замаўкае. Кот, бы клубок, ляжыць.
Цішыня павісае ў паветры.
Раптам голас: «Дзед! На абед бяжы!
Суп астыне! Чакаюць катлеты!»
Трэці месяц тут, у прытулку, дзед
На гатовым усім, пад наглядам.
– Папляліся, брат, клічуць на абед!
(Запрашэнню Васіль вельмі рады).
Ціхенька ўстае, кýльбу – у руку
Дзед Савелій – амаль стогадовы,
І жартуе ўслед: «Ну, бягу, бягу!»
Кот прастуе за ім – ганаровы.
Ды бубніць ізноў повар Верачка:
– Не патрэбен мне кот у сталовай!
Не крыўдуе дзед: «Мая дзевачка!
То мой сябра, слухач адмысловы!»
– Ай-яй, Паўлавіч, ах ты, Божа ж мой!
Слухачы вам для шчасця патрэбны!?
Што ж маўчалі вы, мілы наш герой!
Зробім днямі сеанс вам лячэбны:
Ў зале гасцявой вывесім шары,
Акцябрат-піянераў запросім!
… Змахвае слязу потайкам стары
Ды пагладжвае чуб свой бялёсы.
− Чуў, Васіль? Ого! Гонар буду мець!
Нават залу дадуць – тусавацца!
Ну, пайшлі, пайшлі, каб не чырванець,
Трэба ж нам з табой падрыхтавацца!
Апрану пінжак з медалямі свой,
Безапаскай так-сяк пагалюся,
Перад дзецьмі я – ветэран-герой –
Мо ў апошні раз пахвалюся!..
Раскажу я ім, як быў на вайне,

Як няпроста прыйшла перамога!
Пра любоў і лёс, што дастаўся мне,
І пра веру ў людзей і Бога!
У пакоі – ціш… За акном – вясна!
Дрэмле ў шафе пінжак з медалямі.
– Сава, Савачка! Па цябе прыйшла!
Пойдзем, любы! – заве жонка Галя.
– Ты стаміўся тут, я сумую там,
Запрашаю ў свой рай, калі ласка!
– А ката? Забраць?
– Не! Пакінь ката!
…Дзікім енкам заходзіўся Васька!