Літаратурны марафон «СВЯТЛО ВЯЛІКАЙ ПЕРАМОГІ». Таццяна ЦВІРКА

 

Таццяна ЦВІРКА

А салавей спявае…
Дзеду Івану, загінуўшаму ў часы
Вялікай Айчыннай вайны, прысвячаю
Цёплым майскім надвячоркам заліваўся салавей. Выцёхкваў, шчоўкаў, высвістваў на ўсе каленцы.
Непаўторная птушыная мелодыя разлівалася ў бэзава-чаромхавых прысадах, патанала ў выспяваючым
аксамітна-чарнільным змроку, цешыла слых Аляксаны, маладой жанчыны, якая, нягледзячы на вечаровы
час, усё яшчэ корпалася ў агародзе, старалася дасеяць
агуркі, паўтыкаць расаду капусты. Спяшалася, бо немавет што там робіцца ў хаце: зачыніла чацвярых – адно
з пад аднаго – сваіх дзетак, каб не прастудзіліся, бегаючы цэлы дзень босымі каля яе. Маруську, старэйшую
дзевяцігадовую дачушку, за няньку пакінула. Косцік
з Пётрусем то абы-куды не ўлезуць, а Валодзьку ўсяго тры з паловай – той яшчэ шкоднік. Нарэшце Аляксана разагнула спіну, адкінула назад голаў, пацягнулася плячыма ўверх, робячы глыбокі ўдых. Трывога густа
пасеялася на прыгожым загарэлым твары жанчыны,
на вострых скулах выдзяляліся пігментныя плямкі.
Стомленымі вачыма яна пашукала птушку (дзе там яе
ўбачыш ў густым лісці), загаварыла: «Ох, птах-шарачок,
няма табе справаў да людскіх гора-бедаў! Ладкуеш ноткі свае, душу лечыш, мо і не ведаеш, што вакол зямля
гарыць, баі грымяць, людзі гінуць. Вайна… Амаль тры
гады ўсё на жаночых плячах…»
– Цётка Лёкса! Цётка Лёкса! – недзіцячы крык
суседскага падлетка Сёмкі разрэзаў жаночае сэрца… –
Чаго крычыш так, дзіцё?
Запэцканыя пальцы хлопчыка трымалі… шэры
казённы трохкутнік… – Вось… Паштальён дзед Дзяніс
папрасіў вам перадаць!
«…В бою за освобождение … проявив геройство
и мужество… Без вести»… – Іванка! Муж мой… Іва-аа-а..!» – Памерк у вачах белы свет…
* * *
Лізавета збірала ламачча. Грубка ў бабулінай
хаце на хутары была старая, і паліць яе трэба было некалькі разоў на дзень, каб ноччу праз кожную гадзіну
не прачынацца, курчачыся ад холаду. Калі б хто напрарочыў, што прыйдзецца ёй вярнуцца сюды, на закінуты хутар, поўнай сіратой, жыць-выжываць у хацінцы яе
дзеда і бабулі, нізавошта не прыняла б за праўду. Вайна… Праклятая, ненажэрная. Смяротныя абдымкі полымя ўсіх, усіх забралі… Мамусю, татку, двухгадовую
Зоечку-дачушку. Лізавета ў той страшны дзень была
ў лесе, зранку зёлкі лекавыя збірала. Бабуля пакінула
ў дар здольнасць людзей лячыць. Мабыць, таму Бог і
выратаваў яе. Трэці год плача-смуткуе, залечвае душэўныя раны.
Лізавета спынілася ля куста палымнеючай
каліны, пацягнулася да падвялых зябнучых гроначак,
не ўтрымалася і бухнула ў снег: «Ах ты!» І раптам…
Убачыла, што воддаль, пад кустамі, ляжыць чалавек.
Салдат! Ранены, напэўна… На днях бой быў непадалёк, так гуло-грукатала. Жывы ці..? Лізавета паднялася,
агледзелася навокал, рушыла да мужчыны.
«На моры-акіяне, на востраве Буяне, стаіць гаручы камень Алатыр. На ім сядзіць дзяўчына, а побач –
яе сястрыца. Адна трымае іголку залатую, другая – нітку
шаўковую, абедзве рану зашываюць, кроў у раба Божага
Івана сунімаюць. Амэн. Амэн. Амэн» – дваццаць першы
раз запар прачытала Лізавета чарговую святую замову, схіліўшыся над параненым. Спіна зацякла, па нагах
сыпалі мурашы, нарэшце прыўстала з каленяў, яшчэ
раз прыслухалася да дыхання мужчыны. Роўна сапе.
Без сумневу: пайшоў на папраўку! Ну, дзякаваць Богу!
Амаль два тыдні змагалася кабета ў няроўнай сутычцы
з касавокай смерцю за жыцццё салдата, якога прыцягнула з лесу на ўласных плячах. Няўжо ж такі перамагла?!
* * *
– Дзе я? – Перад вачыма – шэрая запыленая
столь, драўляныя сцены, увешаныя венічкамі розных
зёлак ды кветак. Пахне, як у родных сенцах, калі Ляксана развешвала сушыцца зверабой, мяту ці ліпавы цвет.
– Дзе я?
Іван пачаў успамінаць. Пад Рагачовам!.. Бой!
Вызваленчы! Фрыцы так бамбілі!.. Не хацелі адступаць! Артылерыя аглушала! Галасы, крыкі… Хлопцы падалі! На часткі рваліся целы… Свіст куль, дробны стук
аскепкаў… Дзікім зверам задыхаўся кулямёт… Выбух…
Пякучы боль… Цемра…
– Дык, дзе ж я? Не падобна, што на тым свеце.
Хата-зямлянка, няйнакш. – Паспрабаваў паварушыць
рукой, нагой. Здаецца, адчувае. Але баліць. Усё баліць!..
Успомніў! Ён поўз па снезе. Куды – не ведаў.
Проста ачомаўся, прыслухаўся, прыгледзеўся… Чорным надмагіллем вісела дымнае паветра, крывавіў
снег, змешаны з зямлёй. Папоўз… Не стралялі, не крычалі… А, можа, ён нічога не чуў? Проста па-пластунску
прабіраўся праз чалавечыя целы, абгарэлыя да касцей,
абломкі тэхнікі, выплёўваючы горкі пыл, ліжучы снег,
цярпліва вытрымліваючы боль. Праз сэрца сачыўся
слізкі лютаўскі холад уперамешку са страхам, але ён па
сантыметрыку, перамагаючы сябе, рухаўся, бо ведаў,
што дзесьці там, не так далёка, родная хата… Прыпадаў
да зямлі, цяжка дыхаў, прасіўся: «Не спяшайся, зямліца, як перагной увабраць мяне ў сябе, я ж у кашульцы
нарадзіўся, нельга мне пакуль… Як Аляксанка мая з чатырма адна справіцца?.. Вядзі туды, да родных ніў, каб
хоць на хвілінку, хоць адным вокам…»
* * *
– Можа, пабудзь трошкі, Ванечка? Сілаў у цябе
малавата! Падлечымся яшчэ. Як што, я ў суседнюю вёску схаджу, пра партызанаў распытаю. Яны табе дапамогуць часць знайсці…– угаворваць сілаю Лізавеце не
хацелася, але больш як за месяц яна так прывыкла да
Івана! Бальзамам па сэрцы разлівалася жаданне жыць!
Клопат пра параненага салдата скінуў з душы пякельную заслону адзіноты і журбы. Моцна застуджаны, абмарожаны Іван папраўляўся марудна. Хоць смяротных
ранаў не было, цела было пасечана аскепкамі, абгарэлае… Лізавета дзіву давался, як выжыў гэты чалавек, як
выпаўз з пекла, як стараўся стаць на ногі. Рвецца ісці
шукаць сваіх, бо яго, напэўна, палічылі прапаўшым без
вестак… Дакументы пры ім былі. Цела не знайшлі…
Кажа, у штрафбат трапіць – смерці падобна! Але куды
рвацца, калі ногі слабыя, цела не зажыло… Добра што
гарачкі ўжо колькі дзён няма. І есці пачаў. У Лізаветы –
куры. Яйкі, булён… Зёлкі, ягады, замовы… Ажыў чалавек!
Радасці колькі! Сабе самой сорамна прызнацца, як кожны вечар казыча спакуслівая думка: «Эх, за мужа б яго
пакінуць! Юрась яе ў першы ж ваенны месяц… Смерцю храбрых… Удава ў 35! А з Іванам – аднагодкі амаль.
Жыць бы пажываць! Скончыцца ж вайна праклятушчая!
Наступаюць нашы, гоняць фашыстаў з Беларусі роднай!
Ой, даруй, Госпадзі! Як можна? У Івана – сям’я: жонка,
чацвёра дзетак!» – перасільваючы сябе, адганяла назолы-мары! Малілася Богу, каб дапамагаў мужчыну вылечыцца, а заадно, не тоячыся, прасіла, каб не спяшаў
ён пакідаць хутар.
* * *
Хату сваю Іван пазнаў бы з тысячы. Яму часам
нават падавалася, што адчувае смалісты пах яе круглякоў, якія ён разам з суседам клаў-ладкаваў сам. Добрая
выйшла хата, вялікая, светлая, на самым узвышшы. Якраз перад чацвёртымі родамі Аляксаны ўлазіны зрабілі. Шчасця было – не абхапіць, не выказаць! Бульба ў
той год на іх агародзіку ўрадзіла з грэцкі арэх, але як
яны ўвіхаліся ўсе, нават малечы, збіраючы гэтыя бульбінкі-арэшкі, як радаваліся – свая! Цёплыя ўспаміны,
якія пераняслі Івана ў даваенны год, так прытулілі-суцешылі, што і не заўважыў: прыйшоў! Божа! Колькі дзённачэй пхаўся ён, трымаючыся чыгункі, у бок любых мясцін, назад ад лініі фронту! Колькі перажыў за гэты час.
З’еў усе Лізавеціны прыпасы, нацёр мазалёў, растраціў
сілы. Так сабе загадаў-прадумаў: «Асцярожнічай! Лесам-полем-пералескам… Чыгунка давядзе да знаёмай
станцыі. Ведаў, мясціны савецкія ўжо! Але, як дзе каго
стрэнеш, прызнавайся, што паранены з поля бою ідзеш,
зблудзіў, прасіся, каб дапамаглі знайсці сваіх!»
Пашчасціла! Наперадзе чарнелася роўным радком хат родная вёска. Здаецца, цэлая! Абышла бяда.
Цемра – хоць вока выкалі. Ціха. Нават сабакі спяць.
І слаўна, бо ніяк не патрэбны лішнія гукі-зыкі (ці не дай
бог вочы) Івану.
Абачліва, нават насцярожана ступіў на падворак,
удыхнуў на ўсю сілу паветра. Родны пах! Усё змяшалася
ў ім: водар чаромхі, бэзу, маладой травы, пах духмянага
сырадою, жывёльнага поту, гною… Стаяў слупком і не
верыў, што можна вось так цешыцца цішынёй і спакоем!
Вось дзе адчуў кожнай жылачкай, што мірнае неба над
галавой – найвялікшая каштоўнасць для чалавека. Эх,
як хочацца ўваліцца ў хату, вымыцца ў начоўках, прытуліць у цёплай пасцелі жонку, пабачыць, як падраслі
дзеці… Не! Лепш не рызыкаваць! Нечакана з аддаленых
прысадаў данеслася: «Тр-р-р-р! Піль-піль-піль… Ці-івіць-ці-і-віць-ці-і-віць!..» Не спяшаючы, ярка, разборліва павёў сваю песню салавейка! «Спыніся, імгненне!»
Змарнелы, знясілены стаяў Іван і шчаслівы-шчаслівы…
Дзверы сенцаў рыпнулі нямоцна, але ад нечаканасці мужчына аж прысеў. Забарабаніла спалоханае
сэрца. З сенцаў выбегла ў адной сарочцы, як спала,
Аляксана, кінулася да хлеўчука. Чуваць было – гаварыла
нешта да каровы. «А-а! – здагадліва супакоіў сябе Іван,
– мабыць, цяліцца будзе, пільнуе жонка, каб дапамагчы,
калі што». Пастаяў хвілін колькі, ціхенька пасунуўся да
сянец: сам бог спланаваў убачыцца…
– Госпадзі, Госпадзі, Госпадзі!… – прыкрываючы рот рукой шаптала Аляксана. Яна механічна хітала
галавой і глядзела на мужа поглядам на тысячу ярдаў:
глядзела і не бачыла! – Я ж ужо тры дні за спачын твой
малюся, Іваначка-а! У аўторак пахавальную атрымала…
Без вестак! Верыла і не верыла… Спадзявалася… Але
Бога прасіла: калі загінуў, каб лёгенька табе там было-о-о!
Ён абхапіў худое жаночае цела дрыжачымі
рукамі, прыхінуўся да яго, як дзіця, і абое наўзрыд
заплакалі.
Угаварыла такі, учапілася аберуч за палінялую,
латаную-перлатаную гімнасцёрку: «Не пушчу-у-у!»
Паслухаўся зайсці ў хату, вымыцца, пад’есці. Змяніў
бялізну. Так лёгка стала целу! Так спявала знураная
душа! І дазволіў Іван марам-думкам збыцца! «О, Богі-Духі! Калі вы ёсць на небе, вы не асудзіце мяне! Магчыма, гэта апошняя ноч у жыцці ў роднай хаце, з роднымі людзьмі… Даруйце мне, за слабасць і спакусу!»
Богі-Духі даравалі… Не даравалі свае, ваенныя,
сустрэўшы і прыняўшы за дэзірціра. Добра, што Аляксана не ведала і не ўяўляла, якую цану прыйшлося заплаціць яму за тую салодкую ноч і найшчаслівейшы дзень
у сваім жыцці! Але, што можа быць страшней за смерць?.. Перажыў! Змыў віну. І ваяваў з адным жаданнем –
хутчэй перамагчы ворага і працаваць-пацець на роднай зямельцы, трымцець ад задавальнення, гледзячы,
як пад веснавым сонейкам ловяць матылькоў дзеці, як
расцвітае бульбачка ў агародзе, слухаючы, як самазабыўна выцёхквае на ўзлеску перасмешнік-салоўка…
* * *
Незвычайны выдаўся красавік у той памятны пераможны год. І дожджыку не шкадаваў, і цяплом шчодра дзяліўся. Седзячы на чамаданах, апошнія дзянькі
песціўся ў сонечных ваннах, радаваўся, што пакіне брату-маю свае квяцістыя слядочкі ў садзе-агародзе, на
полі, у лесе…
Цёплым адвячоркам Аляксана з дзецьмі шчыравала ля хаты. Разам пасадзілі трохі бульбачкі, Маруська
наўтыкала ўздож разоры гарбузікаў, хлопцы, пабраўшы
самаробныя венічкі з бярозавага галля, дружна падмяталі двор. Час не стаяў на месцы. Людзі жылі чаканнем.
Вось-вось, праз тыдзень-два, ну, можа, праз месяц,
павінна скончыцца вайна! Салодкае чаканне! Для Аляксаны яно было мядова-палыннае! Вайна скончыцца!
А ці вернецца Іванка? Ні слыху ні дыху з таго дня…
Дзеда Дзяніса, які клыпаў па вуліцы, цягнучы
збоку сябе зломаны ровар (абаперціся затое ёсць на
што), яна заўважыла адразу. Баялася назіраць, куды
паверне стары, але нутром адчувала: да яе хаты ідзе.
Не памылілася. І не сцярпела. Каршаком кінулася да
паштальёна. І ўжо, прабегшы крокаў з дзесяць, аслупянела, па выгляду мужчыны зразумела – чорную вестку
вязе, воч не падняў, спыніўся і стаіць.
– Дзед!?..
Стары не ўтрымаў ровара, той гучна бразнуўся вобзем, нарабіўшы лёскату. Памкнуўся падняць яго,
і Аляксана заўважыла ў нязграбных пальцах афіцыйны
канверт…
Жанчына ўпала на калені перад паштальёнам,
пачала трасці яго за худыя старэчыя ногі. Той паволі
расчапіў яе рукі, прысеў, абняўшы гаротную за плечы,
і горка заплакаў.
– Не-е-е-э-э!.. – рэхам адазваўся крык удавы!
Разрэзаў вясковае паветра! Зачапіўся за вершаліны бяроз і звінеў-звінеў-звінеў… – Не-е-е-э-э!..
– Э-э-цю-ю-у! Э-э-ці-ці! Уюць! Уюць! – падхапіў
гукі салавей. Ён сядзеў на тонкай чаромхавай галінцы
і заліваўся. Выводзіў сваю мудрагелістую трэль, радуючыся вясновай вечарніцы, забаўляючы самку-каханку. А можа, ён заклікаў удачу і дабрабыт для няшчаснай
Аляксаны, ці, хутчэй за ўсё, складаў гімн-праслаўленне
гаспадару хаты, да якой прылятае ўжо колькі гадоў запар, – Івану, які не дажыў да перамогі роўна 40 дзён.
* * *
Ужо 75 гадоў выводзяць пеюны-салоўкі свае дзіўныя трэлі-рулады пад мірным небам Беларусі! Няхай іх
пошчак будзе напамінам пра тое, што “нельга забываць
вайну, каб яна не паўтарылася зноў”. Няхай гучыць іх
песня як шчыры малебен за нашых дзядоў-прадзедаў,
што сваёй маладосцю, здароўем, жыццём здабылі для
нас ПЕРАМОГУ!