Літаратурны марафон «СВЯТЛО ВЯЛІКАЙ ПЕРАМОГІ». Аркадзь ЖУРАЎЛЁЎ

Аркадзь ЖУРАЎЛЁЎ 

Кампенсацыя
Над зямлёй займаўся ранак. Неба загаралася
адценнямі чырвані і золата, што лілося ў шырокія новыя
вокны. Пачынаўся новы дзень. Шура ўсхапіўся ўстрывожаны, узмакрэлы…
…Пад раз’ятраны брэх аўчарак фашысты зганяюць на Сваткаўскі лог людзей з Азарак, Ліпава,
Шкленікава, Лук’янавіч, Даўжань для адпраўкі ў Германію. Рабочая сіла новай уладзе спатрэбілася. Бацькі
баяліся за сваіх дзяцей і сваякоў, бо чулі, што маладзейшых адпраўляюць на медыцынскія доследы. Як скаціну
ў статку, трымалі ўсіх кулямётчыкі пад адкрытым небам
двое сутак. Затым пехатою пагналі за дваццаць кіламетраў у Мядзел. Ля возера Баторына, насупраць трыснягу, што падступаў да самай шашы, Шура не паспеў
ухапіцца за дзяўчынку Валю са Слабады, каб утрымаць
ад пабегу. На колькі секунд ёй гэта ўдалося, схавалася, а як паласнуў немец з аўтамата… Такім падлеткам,
няхай старэйшым на якога паўгода, быў і Шура. Ён здзіўлена-жахлівым позіркам загледзеўся ў той бок і не заўважыў, як выйшаў з калоны. А тут другі фрыц як садане ў бакаціну прыкладам – ажно дух заняло… І ў страху, ускрыкнуўшы, прачнуўся.
Усё яшчэ не верачы, што гэта быў сон, Аляксандр Паўлавіч абмацаў сваё цела – нідзе ніякага болю!
Пасядзеўшы колькі хвілін, паўслухоўваўся
ў ранішнюю цішыню, зноўку пацягнула да падушкі.
… Ад падпаленых вёсак каторы дзень за многія
вёрсты цягнула крывавым і горкім дымам. І нават у Мядзельскую царкву, якая стала чарговым прытулкам на
ноч для трох сотняў вяскоўцаў, што ацалелі ад страшнай смерці, цягнула гарэлым. Людзі дужа перажывалі
за сваіх, што патрапілі ў чэрава полымя. Раніцой пагналі
далей – на чыгуначную станцыю Лынтупы. Старыя
не вытрымлівалі, паміралі, каторых без дай прычыны
панішчылі. Ноч адсапнуліся, і адкрыты, набіты людзьмі таварняк, рушыў на Вільню. Як на тую згубу пайшоў
дождж. Дзеці, намнога меншыя за Шуру, галодныя і халодныя, умольнымі вочкамі глядзелі і чакалі, каб чаго
паесці. Захопнік, які падмяў пад сябе палову Еўропы, не
для гэтага прыйшоў у наш край. Але нашы людзі цярпелі. Вачамі размаўлялі і разумелі адно аднаго без слоў.
На адным з перагонаў іх перапалохаў выбух міны пад
вагонам, але слабога дзеяння, бо нічога не пашкодзіла.
Крыху затрымаліся, пасля праверкі – зноў у дарогу.
Польшча. Станцыя Граёва была асабліва хвалюючай: кожнага вязня прапусцілі цераз пільную медыцынскую камісію, паўголымі ганялі ад аднаго да другога
ўрача, ашчупвалі кожны ўчастак цела. Былі складзены
спісы здаровых і выбракаваных. Асабліва звярталі ўвагу на людзей сярэдняга ўзросту. Іх таксама ацэньвалі,
аглядалі, не толькі цела, а і зубы, як жывёлу на продаж.
А калі ў каторага хутка не атрымлівалася – тут жа ў ход
ішоў прыклад аўтамата ці гумовая палка. Дзеці плакалі
ад жаху і холаду, некаторыя, забыўшыся на ўсё, кленчылі, цягнулі свае ручкі да канваіраў: “Дзя-я-дзя, дай
паесці…” А ў адказ – “Schwein”! І як штурхане тое дзіцятка, што кулем ссунецца ў натоўп…
Шура зноў ускочыў. Агледзеўся. Побач на асобным ложку сядзела яго жонка.
– Ну, што сёння сніў?
– Ат, усё тое ж – маленства ваеннае, нейкія
фашысцкія грошы. – А які сёння дзень?
— Чацвер. Кладзіся, шчэ рана. Няма куды спяшацца. Дачка дагледзіць і апошнюю гаспадарку з дзясятка курачак, і нас з табою. Кладзіся, толькі не ўскрыквай у сне! Не пужай, чуеш, Шура?
Ён зноўку прылёг. І зноў апынуўся там … пад дулам нямецкага аўтамата.
… Раптам паляцела ў натоўп сырая бручка. Не
паспелі яе згрызці, як раздалася каманда грузіцца.
На гэты раз вагоны былі крытымі. Пяць дзён у дарозе
з тым самым пайком … з-пад ног суседа.
Прамысловы Гамбург ужо чакаў танную рабочую
сілу. Купцы, як на аўкцыёне, – ходзяць між шарэнгамі,
пільна прыглядаюцца да кожнага, шчупаюць, адбіраюць
фізічна здаровых. Пасля адбору адводзяць людзей, як
адводзяць купленую на рынку скаціну. Выдалі рабочыя
балахоны з асаблівым знакам – прамавугольнікам
з бела-блакітнай акантоўкай, дзе на сінім фоне напісана “ОСТ”, што азначае – “остарбайтар”, усходні рабочы,
значыць – раб.
Месяц былі на каранціне. Паўла Лукіча, бацьку
Шуры, забралі качагарам, пазней, прыгледзеўшыся да
яго руплівых рук, перавялі на цыркулярку. Маці – Мар’ю Іванаўну – прыбіральшчыцай. Іх адзінага непаўналетняга сынка Шуру прызначылі ў ваенны шпіталь “Анштальт” на самую цяжкую працу – санітарам.
Рускі лагер “Дамтур” прыняў з ціхім жалем нават у коле землякоў. У падсвядомасці кожнага савецкага чалавека цеплілася адна думка: у гасцях у ворага
смачна ніколі не было. Беларусы былі самымі працалюбівымі і вынослівымі. Не ўсе славяне вытрымлівалі тыя
здзекі, прыніжэнні, жорсткія ўмовы працы і нагрузкі.
Многія заканчвалі самагубствам.
Яны і зараз стаяць перад вачамі Аляксандра
Паўлавіча. Рускі Фёдар Іваноў, украінец Мікола Закусіла не вытрымалі і звялі рахункі з жыццём. На першы
погляд, здаецца, праца санітара лёгкая. Гэта толькі калі
не ўлічваць і ўзрост, і час, і калі ты ўсё гэта асабіста не
паспытаў на сваёй скуры.
… Толькі што прытармазілі ля ўваходу ў шпіталь
аўтамабілі з параненымі. Санітары з насілкамі ўжо напагатове. Адкормленных фрыцаў кладуць на насілкі
і нясуць на трэці паверх. Нямецкі санітар заўсёды браўся за насілкі спераду, бо калі падымаліся па лесвіцы,
асноўны цяжар прыпадаў на задняга насільшчыка, якім
быў усходнік, непаўналетні беларускі хлопчык. Аднаго
разу адзін такі паранены, адкормлены, бы двухгадовы
вяпрук, ледзь не ссунуўся долу, настолькі быў цяжкім.
А як убачыў, што віною стаў палонны з нашыўкай “ОСТ”,
прыўзняўся і як усмаліць каваным ботам хлопцу ў твар,
што той ледзь не зваліўся долу, але ўстаяў. Пярэдні
ж немец ажно заіржаў:
– Гут! Гут!
А што было ў тым “гут”? Што не ўпусціў з рук ношвы з фашыстам, альбо не заплакаў ад цёплага ручайка сваёй нявіннай, палкай і гордай крыві? На душы было светла:
у лагер данеслася навіна пра вызваленне Беларусі. Усё
разам: сялянская загартоўка цяжкай вясковай працай
і вера ў Перамогу дапамагалі Шуру вытрымаць выпрабаванні па шаснаццаць, а калі і па васямнаццаць гадзін у суткі пры ганьбе і кепскім безбялковым сталаванні. Арганізм
малады есці патрабаваў, часта балелі вантробы, ныла ўсё
цела. Выйсця не было: толькі вытрымаць, не зламацца, не
скарыцца.
− Шнэль, шнэль, русішэ швайн! І ў дадатак нагой
у спіну. Хто небудзь чуў і “эршыссэн”, што азначала – расстраляць.
… Светлы і радасны май 1945 прынёс нарэшце
свабоду. Англійскія войскі, што вызвалілі лагер, перадалі
ўсходнікаў Савецкай Арміі ў Гюстраве. Шуру мроілася
ў снах малая радзіма – сінявокая і лясістая Мядзельшчына, хлопцы-аднагодкі, з кім ганялі коней у начное і на рэчку, каталіся на санках з гор, забаўляліся, калі не было якіх
бацькоўскіх клопатаў. І тым часам не толькі даручэнні,
а нават і нязначную, ціха прамоўленую просьбу старэйшых, выконвалі бездакорна.
Бацькоў Аляксандра Васільевіча адпусцілі дадому,
а яму і такога ж узросту юнакам прыйшлося яшчэ больш як
год не бачыць роднага краю. Гэта старонка аўтабіяграфій
такіх, як ён, доўгі час замоўчвалася…
− А зараз будзеце змываць “грахі” Нямеччыны! –
сказаў перад строем асабіст.
Пераапранулі ў ваенную форму, прынялі прысягу
і залічылі ў Савецкую Армію. І пешшу пайшлі праз Польшчу на Ваўкавыск. Ішлі ажно больш за тры месяцы. І раптам:
− Чырвонаармейскія кніжкі здаць!
Ноччу пагрузілі на машыны і павезлі. Страх быў
не меншым, чым падчас акупацыі. Яшчэ праз трое сутак аказаліся на … шахтах у Тульскай вобласці. У складзе
аднаго з запасных палкоў арміі Ракасоўскага працавалі
ў райцэнтры Бобрык Данской. Змывалі быццам “грахі”
сваёй працай “за сувязь з нямецкімі фашыстамі”. Колькі
было праверак, допытаў, толькі ўсё дарэмна! Радзіме сваёй яны не здраджвалі. Няхай на адных шайморах сядзелі
ды адным шынялём прыкрываліся па начах ад снегу ў
дзіравых бараках. Крыўдна было людзям, але голад і холад вытрымалі, бо ведалі: нялёгка было разабрацца, хто
патрыёт, а хто здраднік, бо многія не вярнуліся на Радзіму, паўцякалі па свеце.
Шура дадому нёсся як на крылах.Таварнякамі,
пешшу, але ж дабраўся. Колькі было радасці і яму, і бацькам!
У даволі густа населенай да вайны роднай вёсцы
Шура застаў папялішчы і некалькі зямлянак, а ў іх ці не
з дзесяць сівых, сплаканых па вынішчаных фашыстамі
родных і блізкіх, бабулек са сваімі старымі ды ўнучкáмі.
Не лепшай убачыў і сваю маці, сплаканую, счарнелую,
якая, безумоўна ж, бясконца радавалася вяртанню сына.
Новае жытло бацька з сынам збудавалі не хутка:
усё ўручную рабілі. Яблынька да яблынькі заклалі сад.
Сталеў і Шура. Ужо і да адной дзяўчыны пачаў прыглядацца. Хаця першым стары Юзюк прыгледзеў Шуру і паклікаў
аднойчы на рыбалку. Правяраў будучага зяця ў вясковай
працы. А як упадабаў, пачалі сябраваць не толькі маладыя,
але і іх бацькі. Разам і ў лес, і на луг па сена, на рыбалку,
і па дровы. Казалі: “Да Пятра дзеўка хітра… Вось і яны на
свята Пятра і Паўла ўзялі шлюб.
Працавітая і прыгожанькая мілым тварам
з бліскучай раскошнай залатой касою шаснаццацігадовая
Алімпіяда стаяла пад вэлюмам, як кветачка. І побач – у бацькавым, але адпрасаваным і з кветкаю ў пятлічцы, строі –
вясёлы і ўдумлівы не па гадах – Шура.
Міналі потым год за годам – толькі паспявай
лічыць. Двое дзетак выгадавалі, вывучылі і выправілі
ў людзі. Дачка за добрага чалавека выйшла, вывучылася на настаўніцу. Не толькі ўнукаў ім падарыла, але
і праўнукаў.
І бацькі з тае пары амаль семдзесят год разам.
– Мама, тата, пара ўставаць! Ужо дзевяць гадзін.
Нешта вы сёння разаспаліся? Вунь шпакі сёння прыляцелі!
Алімпіяда паволі адсунула з галавы коўдру, паднялася, абапіраючыся на брыж ложка, паглядзела адкрытым позіркам на дачку, ціха прамовіла:
− Шпакі – гэта добра. Толькі бацька наш ўсю ноч
зноў “ваяваў”. Нямеччыну сніў. Нейкія грошы… Хаця,
сон з чацвярга на пятніцу…
− Так, мама, прадказальны. І вось пісьмо з Беларускага фонду Міру.
− Тата, ты чуеш? Кампенсацыю непаўналетнім
вязням, вывезеным на прымусовыя работы ў Нямеччыну, будуць даваць…
− Бач ты!.. Спраўдзілася, – прамовіла старая.
Нечакана ў дзверы нясмела пастукалі.
На парозе стаяла ўнучка з дзецьмі. Малыя трымалі букецікі пралесак.
− А мае вы залацінкі! Я зараз, – спахапілася прабабуля. – Устаю, мае вы дзеткі, устаю! І дзеда зараз падыму… Як добра, што вы прыехалі! Вось і будзе каму тую
кампенсацыю скарыстаць!
Праўнукі падбеглі да ложка, але дзед Шура не
дыхаў.

________

Schwein (ням.) – свіння.