Літаратурны марафон «Святло Вялікай Перамогі». Таццяна КАЛЕНІК

Па просьбах нашых шматлікіх чытачоў
літаратурны марафон
 «Святло Вялікай Перамогі»
працягвае знаёмства з гістарычнымі дакументамі і творамі пісьменнікаў Міншчыны

Таццяна КАЛЕНІК

«Паганіні»

 

Адно забытае сола з жыцця простай беларускай вёсачкі,

назва якой амаль адгучала

(з рэальных падзеяў)

1.

Гарэза-ветрык крануў партрэт на сцяне… З глыбіні патаемнага свету, апраўленага рамкай, быццам з іншага вымярэння, усміхнуўся дзяўчынцы зусім яшчэ маладзенькі бацька з гармонікам. Вобраз нібыта ажыў пад шклом: пальцы ўзляцелі над грыфам, рабрысты мех расцягнуўся і заліўся галасістым пераборам. У такт яму прыгожа шчоўкнуў ланцужок драўляных шпулек. Гэтыя маленькія прыстасаванні для нітак цяпер ужо слізгалі па нацягнутай пад столлю струне і трымалі шырму-фіранку, якая прыкрывала ложак ад чужых вачэй.  Шырма варухнулася… Вольныя хвалі затанцавалі па стракатым полі тканіны, разгойдваючы струну, і яна напеўна загула… Ледзь улоўная мелодыя пачала выцясняць цішыню з пакоя, і маленькая госця мімаволі патрапіла ў яе містэрыю.

2.

Мясцовы Паганіні так захапляльна граў на гармоніку, што немагчыма было ўтрымаць ні рук, ні ног ‒ яны самі пускаліся ў скокі. Яго безыменны палец не гнуўся, быў пакалечаны, таму віртуозны пасаж вылятаў толькі з-пад чатырох пальцаў. Нябачаная дзёрзкасць! Аднак менавіта яна ўзнагароджвала музыканта яшчэ большым піетэтам. Здавалася, знямелы палецперсцянец ніяк не ўдзельнічае ў стварэнні акордавых камбінацый. Насамрэч, лунаючы над іншымі, ён нібыта заклікаў іх у натхнёны палёт. Пальцы лёгка гарэзавалі над чорна-белымі кнопкамі гармоніка і акрылялі не толькі самога Паганіні, але і слухачоў. Нябесна-блакітныя вочы, якія прамянелі чыстым святлом, і да часу ссівелы чубок спаборнічалі з глыбокім загарам твару. Гэта дадавала мужчыну лішніх гадоў дваццаць, а то і ўсе сто вякоў, што прыпадабняла яго да нейкага забытага бажка. Здавалася, ён сышоў на зямлю з нябёсаў не то для выпраўлення ўласных грашкоў, не тое для ўпрыгожвання людскога быцця.

Чаму бацьку называлі імем вядомага скрыпача ‒ для Алі заставалася загадкай. А паколькі ён быў сапраўдным віртуозам ад прыроды, у дзяўчынкі выспела сваё тлумачэнне. «Верагодна, ‒ думала яна, ‒ мянушка «прыліпла» да таты таму, што землякі параўноўваюць свайго адоранага маэстра з геніем іншага народа. Ды і падобныя яны на здзіўленне: аднолькава харызматычныя, смуглыя. А гэты высокі лоб! А нос гарбінкай!». Аднак, як пазней высветлілася, гарманіста і скрыпача аб’ядноўвалі не толькі імя і талент.

3.

Яшчэ зусім хлапчуком Міколка выдатна валодаў фісгармоніяй і скрыпкай. Падчас вайны, калі яму споўнілася гадоў дзесяць, у іх мясцінах разгарнуўся адзін з нямецкіх гарнізонаў. Фрыцы па-гаспадарску выходзілі ў поле і касілі жыта тутэйшых сялян. Аднойчы з лесу пачуліся стрэлы. Нехта не вытрымаў – забіў касцоў.

Ашчэрыліся немцы! Уздыбілі аўтаматы, пачалі зганяць вяскоўцаў – старых, малых, жанчын. Жах! Пярэпалах! Пяшчоту ранішняга паветра раздзірае сабачы брэх, роў матораў! І раптам… скрозь гвалт і праклёны, нянавісць і плач ‒ як ціхі ручай, які вырваўся са смяротных абдымкаў шалёнага віру, ‒ чароўнае сола скры́пачкі.

Людзі змоўклі. Расступіліся. На ўзрытай злосцю і выбухамі зямлі стаяў худзенькі падлетак і выводзіў смычком… пачуцці. Ніхто не адважыўся варухнуцца, нават калі спыніўся смычок. Здавалася, музыка абдымае ўсіх ‒ і ворагаў, і сваіх.

Неўзабаве з нямецкага боку выйшлі трое. «Ты ‒ талантливый малчык, – прамовіў адзін з іх на ламанай рускай мове, – однако… на чэтырьёх струна можэт играт всие!»

Гітлеравец павярнуўся да людзей. У гэтую хвіліну для тых, хто чакаў прысуду, бадай, спыніўся час, а ў жылах запаволіўся ток крыві. Выраз твару нямецкага афіцэра насцярожыў катэгарычнасцю. Здавалася, вось-вось лопнуць нацягнутыя жаўлакі, але ж… Войкнула скрыпка ‒ рука ў скураной пальчатцы абарвала тры яе струны. Немец дэманстратыўна падняў скалечаны інструмент і абвясціў, што адменіць пакаранне, калі хлапчуку ўдасца разжаліць яго!

І струна заспявала… Быццам даткнуліся да яе расчуленыя багі. Яны зазірнулі ў свет людзей, адклаўшы важныя справы, і здзівіліся: тут, ужо не над маленькай цудоўнай планетай, а над полем бою, нібыта птушка, якая забылася пра сілкі і небяспеку, лунаў у забыцці музы́ка…

Кропелькі крыві падаюць на пясок. Гэта парваныя струны, абкруціўшыся вакол безыменнага пальца, раздзіраюць яго плоць. «Паганіні!» ‒ так потым ахрысціць хлапчука нямецкі афіцэр. А цяпер ці то захоплены ігрой на скрыпцы, ці то ад страху, Міколка не чуе пад сабою ні ног, ні зямлі, ні нават болю. Толькі відаць, як моцна ён сціснуў зубы, як дрыжаць яго каленкі, як намагаецца не выпусціць скрываўлены смычок… Не па ўзросту дарослы, у імгненне ссівелы падлетак разумее адно: за ім ‒ дыхае люд…

З маленькай далані струменіць хараство – 

Спатольваюць здарожаныя смагу.

Нібыта дробязь у бязмежжы… А прад ёй 

Здымае капялюш сама знявага! 

.

 Мелодыя віецца над зямлёй – 

Час перапынку… 

А каму ‒  глыток 

Жыцця.

4.

Скончылася вайна. Цяжка давялося ўсім… Удзячным за жыццё суседзям хацелася хоць неяк узнагародзіць збавіцеля-Міколку, але што яны маглі? Бульбіну, аладку з ліпавай кары – калі была, бо самі галадалі.

На сямейнай нарадзе вырашылі: каб выжыць, неабходна прадаць фісгармонію і скрыпку, якім бы балючым ні было расстанне.

…Стары конь не адразу крануўся з месца. Яго пануквалі, хвасталі па крыжы пугай, трэслі цуглямі, але нават ранішнія прыцемкі не схавалі пільны погляд разумнай жывёліны. Як толькі хлапчук у сэрцах адпусціў каня, той ляніва пацягнуўся ў маўклівую імглу наваколля.

Калі бацькі вярнуліся з кірмашу, каля падводы стаяў дубовы цэбар, які адліваў абнадзейлівым золатам зерня, і цёпленькая чырвоная кароўка. Завіхалася матуля, змучаная доўгай дарогай. Аднак жвавасці яе рухам надавала новая хустка, якая ўжо пярэсціла ружовымі бутонамі на плячах, і беражліва перакінуты праз руку спраўны касцюмчык для сына. Добра стала ў Міколкі на душы, спакойна. «Ох, і зажывём!» ‒ падумаў ён, але нешта было не так… Неяк нязвыкла без дарагой сэрцу фісгармоніі, без скрыпкі, якая даўно стала часткай яго самога. Пуста. І хлапец кінуўся да воза!

Сюрпрыз усё ж чакаў: з дзіравага мяшка ўсміхаўся… белазубы гармонік! Новыя сябры так узрадаваліся сустрэчы, што ў тую ж хвіліну як абняліся, так да апошніх сваіх дзён і не разлучаліся! У горы, і ў шчасці, заўсёды разам – мясцовы Паганіні і яго двухрадка.

5.

Той прыгожы дзень з сямідзясятых Аля запомніла на ўсё жыццё. Аконнае шкло аздаблялі паветраныя каралі павуцінак, у якіх адбівалася рознакаляровасць жнівеньскіх фарбаў і раскоша мірных нябёсаў. Там-сям над агародамі ўжо падымаўся лёгкі дымок ад вогнішчаў, што навяваў прыемную стому. Вя́ла цвыркалі конікі ў траве. Млявасць дня парушыў раптоўны ляскат веснічак: паштарка Надзея прынесла ліст.

Рукі «Паганіні» усхвалявана дрыжалі… Вочы, якія яшчэ паўхвіліны таму загарэліся ажыўленымі агеньчыкамі, пачалі патухаць у непаразуменні, як толькі мужчына адкрыў канверт ‒ нешта паведамлялася ў радках, але што?! Сабраліся людзі. Весткі хутка разносяцца па вёсцы. Кожны, хто ўмеў, і не ўмеў чытаць, прабегся вачыма па тэксце… Ліст быў напісаны па-нямецку.

‒ Не журыся, Мікола, ‒ умяшалася тут Надзея, ‒ бяры пашпарт, ды на пошту, там усё растлумачаць!

6.

Кажуць: горш няма, як чакаць і даганяць, аднак не разыходзілася грамада, чакала. Як ніколі, цягнуўся час: на пошту ‒ нібы на край зямлі… Неўзабаве кожнага апанавала хваляванне – удалечы на вясковай вуліцы закруціўся дарожны пыл, затанцаваў…

Вялізныя вочы, поўныя болю і ўрачыстасці, адплаты і ўсёдаравання, маўчалі і размаўлялі з кожным. Твар «Паганіні» збялеў. Мужчына нешта сціскаў у кулаку да храбусцення, да здранцвення… І не адразу раскрыў яго ‒ не слухаўся дух. Чамусьці цяпер, калі час пачаў засыпаць сляды вайны, заўсёды бясстрашны і адважны Мікола стаяў перад землякамі збянтэжаны.

…Пальцы выпрасталіся. На далоні гулялі мяккім пералівам тры скручаныя струны – пасылка з Германіі.

‒ Вось, яна, перамога… ‒ толькі і  выдыхнуў  ён.

Мастак Т.Каленік. Скрыпач. 2016. Акрыл. Папера. 43х30

Прэс-служба МАА СПБ