Літаратурны марафон «Па кроплі лета смакаваць». Віктар САБАЛЕЎСКІ

Літаратурны марафон «Па кроплі лета смакаваць»

Віктар САБАЛЕЎСКІ, г.Узда

Маліны паспелі

Ліпень любога падыме з пасцелі:
Летні ласунак – маліны паспелі.
Гучна зязюля над імі кукуе,
Ветрык лагодзіць іх, сонца цалуе.
Нават гультай у траве не збаіцца
Вышэй каленяў – па нос! – абрасіцца.
Самыя спелыя, пэўна ж, маліны
Далей ад сцежкі хавацца павінны.
Возьмеш у рот жменю той асалоды,
Як падарунак матулі-прыроды,
I любата разальецца па целе.
Ліпень зноў кліча – маліны паспелі!

Лета

Ходзіць лета
Па палетках,
Як дзіця,
Гуляе ў кветках.
Ходзіць лета
Па лугах,
Спачывае
Ў мурагах.
Страказой
Над рэчкай
Кружыць
Ці дажджом
Спадае
Ў лужы.
Серабрыцца,
Як ручэй,
І далей
Бяжыць
Хутчэй.
Каласком
Уверх глядзіць,
Жаўруком
Удаль ляціць.
З салаўём
Спявае песні,
I зайцом
Бяжыць
Па лесе.
Раніцой
Яно з расой
Доўга ходзіць
За касой,
А затым
Яно з сярпом
Сноп стаўляе
За снапом.
А пад вечар
Прытаміцца,
Ў азярцо
Бяжыць напіцца.
Ноч начуе
У бары,
Дзе шнуруюць
Камары.
Пабывае
Ўсюды лета.
Я яго
Люблю за гэта.

***

Луг квяцісты, луг мурожны,
Незабыўны кветак пах.
Ну, хіба тут неяк можна
Утрымацца на нагах?
Апускаюся між кветак
На зялёную траву.
Пахне свежасцю і летам.
Я сабе рамонкі рву.
Доўга слухаю, як конік
Між званочкаў дзесь стракоча,
Ён, маленькі той свавольнік,
У траве схавацца хоча.
Як аркестры, гудуць пчолкі,
Прысядаючы на кветкі,
I прыемны гул іх звонкі
Асядае на палеткі.
Сонца шар над галавою
Пазірае з ранку ў твар.
Не дае шум-гам спакою.
Лета цёплага разгар…

Раніца на “Высокім беразе»*

Зранку хвалі
Нёмна спалі
Між кустоў
I асакі,
Вецер толькі
Кратаў вольхі
Па-над берагам
Ракі.
.
Ціха лодкі,
Бы лябёдкі,
Ля затокі
Спачываюць.
А на мелі
Птушкі селі –
Душ халодны
Так прымаюць.
.
Побач хвоі
Свае ногі
Быццам мыюць
У вадзе,
Іх карэнне
Скрозь цячэнне
Часам бачна
Дзе-нідзе.
.
К вадзе мкнуцца,
Дружна гнуцца
I густыя
Вербалозы.
Над вадою
Чарадою
Кружаць сонныя
Стракозы.
.
Да вадзіцы,
Каб напіцца,
Конь прытупаў
З лугавіны.
Хоць у путы
Ён закуты,
Ды знайшоў тут
Адпачынак.
.
Толькі бусел
Пакуль мусіць
Не спяшацца
Да вады –
Яшчэ рана
На сняданне,
Сонца ўзыдзе,
Вось тады…
.
А ў вадзе ўжо
Самы рэзрух –
Мошак ловяць
Акуні.
З травы выйшлі
Павы-шышкі
Нетаропкія ліні.
.
Шчупак хітры,
Нібы выдра,
Пазірае ля віра –
Цапнуць хоча
Пасля ночы
Ён сліжа
Ці пячкура…
.
ІІакуль цёмна
Я да Нёмна
Зноў прыходжу
На спатканне.
Усход сонца
У старонцы
Сваёй роднай
Сустракаю.
…………………………………….
* Турбаза ў Стаўбцоўскім раёне
Прэс-служба МАА СПБ