Літаратурны марафон да 80-годдзя Хатынскай трагедыі «Званоў перазвон». Віктар САБАЛЕЎСКІ. Са спаленай Усы

Дзвюх жанчын і семярых дзяцей (малодшай дзяўчынцы некалькі месяцаў, старэйшаму – крыху больш за дзесяць гадоў) немцы вядуць пад дуламі аўтаматаў да чыгункі ў Негарэлае. Вядуць, каб адправіць у Нямеччыну. Дзеці плачуць, асабліва і не разумеючы куды і дзеля чаго іх гоняць. А матулям дакладна вядома: іх чакае шлях у Нямеччыну, на прымусовыя работы, і ці давядзецца камусьці пасля пабачыць родныя мясціны – невядома.

Было гэта летам 1943 года. Іх родную вёску Малая Уса, што ў Уздзенскім раёне, фашысты спаляць у жніўні, папярэдне разрабаваўшы маёмасць. Сем’і Лісаковіч і Чаглей, у якіх адпаведна чацвёра і трое дзяцей, крыху раней вырашылі адправіць у Германію.

– Давай рызыкнём, – прапанавала адна з жанчын. – Невядома ці даедзем мы ўсе жывымі да тае Германіі, ці выжывуць там дзеці ў няволі. То можа ціхенька пакладзём немаўлят пад куст, цяпер цёпла, на роднай зямельцы іх хто-небудзь знойдзе, ёсць шанс, што жывымі застануцца.

Азіраючыся па баках, так і зрабілі, ім здавалася, што  ніхто не бачыць. Ды дзе там! Гнеўны крык фашыста і ўзмах бізуна прымусіў падабраць дзетак і прадоўжыць шлях.

Так Вольга Сцяпанаўна, васьмігадовы Сашка, пяцігадовы Колька і зусім маленькая Зіна апынуліся ў няволі. Трапілі ў сям’ю немцаў у сельскай мясцовасці, што жыла ў двухпавярховым цагляным доме. Днём жанчына ўпраўлялася па дамашняй гаспадарцы (рыхтавала ежу для гаспадароў, сваёй сям’і, жывёлы, прыбірала ў доме), а пазней, пакінуўшы хлопчыкаў каля дома, брала Зінку ў прыпол, праз некалькі месяцаў – на рукі ці плечы і ішла з ёй працаваць у поле. Строгі і педантны гаспадар строга па хвілінах распісаў распарадак дня.

– Карміць мяне, малую, можна было не тады, калі прагаладаюся, а ў дакладна вызначаныя прамежкі часу, – прыгадвае Зінаіда Уладзіміраўна, зразумела, урыўкі не з уласнай памяці, а з успамінаў маці. – Я плакала, галодная (колькі таго малака было ў грудзях спрацаванай і знясіленай мамы). Узяла мяне, стала карміць. А тут немец-наглядчык паказвае пальцам на наручны гадзіннік, маўляў, рана яшчэ, а затым – свісь з-за пляча нагайкай! Доўга яшчэ ў мамы пасля шрам-рубец на губе быў…

Гэты эпізод яскрава сведчыць аб разрэкламаваным фашыстамі і іх памагатымі на акупіраваных тэрыторыях “райскім жыцці” у Нямеччыне. Не па ўласным жаданні адправіліся туды, асобна ад гэтай сям’і, маміна сястра Аляксандра і брат Міхаіл. Паехалі, каб ніколі не вярнуцца. Невядома, ці ў дарозе памерлі, ці ад непасільнай работы, ад бяскорміцы, хваробы. Некалькі гадоў родзічы пасля заканчэння вайны чакалі хоць якіх-небудзь вестак, ды як у ваду канулі тыя…

Магла не прычакаць вызвалення і Зінка. А справа такая была. Вольга Сцяпанаўна ўсадзіла дзяцей за стол, паставіла каструлю з толькі што прыгатаванай капустай. Стала раздаваць міскі, лыжкі. Зіна ўжо магла сама сядзець, як расказвалі браты, толькі галоўка тарчала з-за таго стала. Пацягнулася малая за чымсьці і зачапіла ручкай пасудзіну з гарачай ежай. Пякучае варыва вылілася на яе – на рукі, жывот, ногі, частка трапіла і на твар. Добра што гаспадыня дома была недалёка, прыбегла на крыкі жанчыны, дзяцей. Хутка збегала на сваю палову дома, і немец-гаспадар злітаваўся – даў нейкай гаючай мазі. Не сталі дзяўчынку адпраўляць да медыкаў, на некалькі разоў на дзень мазалі той маззю. Баялася матуля, што на ўсё жыццё застанецца ў дзяўчынкі знявечаным твар, ды абышлося – праз некалькі тыдняў зажылі апёкі, а праз месяц-другі і шрамаў не засталося.

Не згадзілася Вольга Сцяпанаўна прыняць ад гаспадыні яшчэ адну “міласціну”. Незадоўга да вызвалення, прадчуваючы канец вайне і магчымае вяртанне рускіх нявольніц (не вельмі захопнікі разбіраліся ў нацыянальнасцях прадстаўнікоў акупіраваных краін) на радзіму, стала немка ўгаворваць палонніцу: у цябе трое дзетак, гэтая малая (Зіна) зусім слабая, ці выжыве нават калі і дамоў вернецеся, бо там вас зноў чакае бальшавіцкі калгасны прыгнёт. Пакінь дзяўчыну тут, я абяцаю бязбеднае яе жыццё, а ты сабе дома яшчэ народзіш. Калі захочаш, будзеш прыязджаць у госці, я дарогу аплачу…

Не спакусілі. Вярнулася жанчына з дзецьмі ў Малую Усу. На месцы спаленай вёскі былі ў асноўным зямлянкі. На пажарышчы, што засталося ад старой сядзібы, ўзвяла і жанчына часовае сховішча ад непагадзі. Потым вярнуўся з фронта муж Вольгі Сцяпанаўны Уладзімір Вікенецьевіч. Вярнуўся хворы (рады былі і такому вяртанню родзічы – многія суседзі не прычакалі з франтоў сваіх блізкіх). Брат яго Мікалай Вікенцьевіч прыклыпаў без нагі, потым настаўнічаў у Валяр’янах.

Пабудавалі невялікі домік. Акенца – паўметра на паўметра, ні падлогі добрай, ні мэблі. Затое ёсць невялічкая печ.

– Помню, – прыгадвае Зінаіда Уладзіміраўна, – мама ідзе на работу ў калгас, а нам, дзецям дае каманду назбіраць дроў для той печы. А дзе іх збіраць? Ідзём з братамі ў лес ці ўздоўж рэчкі ламаць, секчы сякерай сухія галінкі алешын, бяроз. Ніколі не забуду, як мама мыла нас каля вогнішча ў двары. Не раз заўважала, як яна, назіраючы за такой малой работніцай, цішком выцірала слязу. Пайшла ў першы клас школы, а ўжо налета разам з дарослымі жанчынамі жала. Вясковыя кабеты, каб заахвоціць мяне, казалі маме, але так, каб і я пачула: “Якая спраўная ў цябе памочніца!”.

Бацьку неўзабаве паралізавала. Доўга не мог ні рухацца, ні гаварыць. Перасылалі былога франтавіка з адной бальніцы ў другую – Узда, Лоша, Магільна, – але папраўкі не было. Маці разрывалася паміж дамашнімі клопатамі, калгаснай работай, а па вечарах-начах пераведвала гаспадара. Яшчэ да такога з ім няшчасця з’явіўся ў сям’і трэці сын, Міша. Не стала Уладзіміра Вікенцьевіча, калі Зіна хадзіла ў пяты клас школы.

Без мужчыны ўвогуле стала цяжка. За работу ў калгасе нічога не плацілі, толькі ў канцы года трохі зерня выдавалі. А як жыць? Давялося зведаць і жабрацкі хлеб. Хадзіла жанчына па навакольных вёсках, прасіла каб хоць што-небудзь людзі далі, каб было чым накарміць чацвярых дзяцей. Але ўсім няпроста было. У вайну, да высылкі ў Германію, яшчэ цяжэй абыходзілася, але, як падавалася многім, ад разумення ўсенароднага гора больш у людзей спагады заставалася. “Сядзім мы ў цёмнай хаціне галодныя, за вокнамі вецер вые, мяцеліца, Мішка галодны плача. А мамы ўсё няма, можа, ваўкі дзе перанялі, – ўспамінае Зінаіда Уладзіміраўна, і па яе шчацэ міжволі слязінка коціцца. – Раніцай, адыходзячы ў Зенькавічы, абяцала да цямна вярнуцца, хоць што-небудзь прынесці паесці. Калі тры-пяць вараных бульбін удавалася выпрасіць, калі – скібку хлеба. А бывала, што і з пустымі рукамі вярталася…”

Яшчэ цяжэй стала, калі старэйшыя браты пайшлі служыць у арміі. Адзін з іх трапіў па волі лёсу ў Германію, другі – у Венгрыю, якраз у той час, калі там народныя хваляванні былі. А навука Зіны скончылася пасля сямі класаў. Пайшла ў калгас. І дзяўчыну адразу ж прызначылі звеннявой. У брыгадзе вырошчвалі буракі, лён, кукурузу. У абавязкі малой начальніцы ўваходзіла перадаць паляводам распараджэнні брыгадзіра, падзяліць пасевы буракоў, іншых культур для праполкі, апрацоўкі, пракантраляваць хто як працуе. Зразумела, і сама разам з усімі  старалася. Палола і сваю дзялянку, і маміну, і за тых, хто па хваробе ці якой іншай прычыне не мог справіцца са сваёй работай. Ёй бы за хлопцамі бегаць, адпачываць з моладдзю, але не да гэтага было – за дзень і рукі напрацуюцца, і спіна гудзе, і ногі ледзь трымаюць.

Пасля хтосьці параіў: патрабуюцца людзі ў райпрамкамбінат ва Узду. І ўзялі туды Зіну. Але перш чым даручылі “лёгкую работу” – шыць, давялося некалькі сезонаў адпрацаваць  на торфараспрацоўках, на цагляным заводзе ў Глінішчах. А потым аж да пенсіі за швейнай машынкай правяла. Нязручна было пяшком на работу і дамоў дабірацца, ды прызвычаілася. Паспявала і хворую маму даглядаць, якой прысвоілі званне заслужанай калгасніцы, такая-сякая прыбаўка да пенсіі была.

Сустрэлася неяк з Генадзем Чаглеем, які на службовым аўтамабілі вазіў старшыню калгаса з Каменкі. Выйшла замуж, перабралася жыць у райцэнтр, дзе пазней пабудавалі ўласны дом на вуліцы Ракасоўскага. Вось ужо 15 гадоў жыве жанчына ў гэтым доме адна.