Літаратурны марафон да 80-годдзя Хатынскай трагедыі «Званоў перазвон». Таццяна ЦВІРКО. Памяці Хатыні

1.
Над лясною вёскай невялічкай
Раніца звычайная ўставала.
Трэнькалі залівіста сінічкі,
“Ку-ка-рэ-ку” звонкае лунала.

Ледзь кранула соннае акенца
Сонейка кудзерка залатая, –
Звонкі галасок у хаце льецца –
Наймалодшая шчабеча – Рая.

– Мамачка, глядзі на каляндарык,
Тут дзве гуські – значыць дзень харошы…
І гулліва моршчыць мілы тварык.
Мама пагаджаецца: “Дай Божа!

Гуські – дваццаць два, дачушка, лічба.
Дзень дваццаць другі вясна красуе”…
Ім няўцям, што стане ён трагічны…
Што шалёны вораг залютуе.
2.
Сорак трэці! Страшны сорак трэці!
Беларусь – у абцугах крывавых.
Зверствуюць атрады “Чорнай смерці”,
Сэрцы-глыбы чыняць скрозь расправы…

Прагучаў загад нямецкім словам.
Паліцаі “Ёсць!” адказыралі.
Па-сабачы прыслужыць гатовы,
І па-воўчы вочы іх блішчалі.

У вясновы дзень – надзеяў поўны
Неба над Хатынню разарвалі
Крык і енк, пракляцці, плач і стогны…
Як скаціну ў хлеў людзей зганялі.

– Мамачка, куды вядуць нас дзядзькі? –
Тузае падол матулін Рая. –
Я ніводнай не схапіла цацкі… –
Маці вусны да крыві кусае.

– Дзеці, дзеці! Ля мяне ідзіце!
Чацвярых дачушак туліць Сцеша
Жалабковіч. Сонейка ў зеніце
Спеліць ім пагібельную сцежку.

Дзевяць дзетак кліча за сабою
Ганна Бараноўская. Іоткі
Чарадой, бязладнаю хадою
Топчуць шлях апошні і кароткі.

Сілай сем’і выганялі з хаткаў!
Вёска йдзе: Навіцкія, Клімовіч,
Верачка Яскевіч з немаўляткам,
Карабан, Камінскія, Жыдовіч…

Тузаніна, паніка і лямант…
– Памажы нам, чуеш, Усявышні!?
Гразь са снегам, веснавыя ямы
Месяць ножкі, ногі і нажышчы…
3.
Больш няма Хатыні… Дым гарачы
Затаіўся у лясной гушчэчы.
Месячык здранцвелы ціха плача
Па згарэлых целах чалавечых.

Дваццаць шэсць гарбоў жалобных тлее*
На зямлі, дзе смех гучаў учора…
Не! Не на зямлі, а на сумленні
Тых, хто тут пасеяў боль і гора.

Цішай ранак звоніць пасівелы,
Выпаўзае попельнае сонца –
Сведка першы жудасных растрэлаў,
Будзе сніць той дзень яно бясконца.

Пахавальны марш іграе вецер,
Сакавік аглух, аслеп ад страху.
І галосіць горка сорак трэці,
Галаву гатоў злажыць на плаху.

4.
Зноў вясна! І я з букетам бэзу
(Як абняць!) паклон вязу Хатыні.
Раечку – маленькую прынцэсу
Уяўляю… Кроў у жылах стыне.

Па душы павольна, палахліва,
Быццам вуж, мінулае спаўзае.
Божа мой! Што ж так несправядліва…
Хоць забраў ты іх усіх да раю?

Незабудкі, дзьмухаўцы, рамонкі…
Кветкамі вярнуліся хатынцы!
Да гісторыі сваёй старонкі,
Дань аддаць пакінутай хацінцы.

* – 26 хатаў згарэла.