Літаратурны марафон да 80-годдзя Хатынскай трагедыі «Званоў перазвон». Рэгіна РЭЎТОВІЧ. Лясная вёска

Куток зямлі, людзьмі абраны
Між гонкіх хвояў і ялін,
З глыбінь вякоў падперазаны
Журботным пошумам галін.

У лесе, паміж ліп і клёнаў,
Дзе поле выбраў дзьмухавец,
Знайшла, бы ў вечнасці зялёнай,
Прытулак вёска Літавец.

Бярозы гойдалі заўзята
Ля хат дзіцячы зычны смех,
Зімой мароз прасіўся ў хаты
І белым пухам слаўся снег.

Насуперак вятрам і сцюжам
Імчаў шляхамі санны след,
І прага жыць вяскоўцаў дужых
Заўжды адводзіла ад бед.

Ды ранкам зімнім дзікім жахам
Наслаў варожы кат вайну,
Вясковец кожны з родным дахам
Дзяліў пякельную труну.

І доўга дымам папялішчаў
І горам захлынаўся лес.
Цяпер журботна вецер свішча
Там, дзе квітнеў калісьці бэз,

Там, дзе дзяцінства бестурботна
Сцяжынкай крочыла ў жыццё…
Усё ў мінулым. Незваротна.
А памяць – болю пачуццё.

Дарога, з часам, утравела
Да помніка, дзе дзьмухавец
Чытае прозвішчы знямела
Людзей, што з вёскі Літавец.

Нам памяць продкаў – не парушыць,
Хоць у нябыт ляцяць гады.
Хай квецень мая зацярушыць
Бяды той жудаснай сляды.