Літаратурны марафон да 80-годдзя Хатынскай трагедыі «Званоў перазвон». Іна ФРАЛОВА. Шунеўская цішыня

Шунеўская* цішыня

 

Не абудзіць над вёскай цішыню

Ні крыкам пеўня, ні ахрыплым ветрам.

Яна аглухла ў дымную вясну,

Адчай схаваўшы пад маўчання нетры.

 

Падмуркі хат, што спяць бы курганы,

Агорне ціша стомленай салдаткай.

Маўчы, сусвет! Няхай дагледзяць сны

Малыя дзеткі, шчэ жывыя маткі.

 

Маўчыце людзі! Хай паспяць яны…

Бо майскай раніцай, ад квету белай,

Згараць УСЕ ў тым полымі вайны,

Як стос лістоты ўлетку адшумелай.

 

*Шунеўка – былая вёска ў Докшыцкім раёне Віцебскай вобласці, якую спасціг лёс Хатыні. Была спалена 22 мая 1943 года.  Зараз існуе, як мемарыял памяці..