Літаратурны марафон да 80-годдзя Хатынскай трагедыі «Званоў перазвон». Галіна НУПРЭЙЧЫК. Экскурсія 1976 года
Share the post "Літаратурны марафон да 80-годдзя Хатынскай трагедыі «Званоў перазвон». Галіна НУПРЭЙЧЫК. Экскурсія 1976 года"
Экскурсія ў Хатынь. Чацвёрты клас.
Навокал лес і пліты-камяні…
У скроні памяць грукае не раз:
На ўвесь сусвет галосяць, б’юць званы.
У бацькі на руках – забіты сын.
Жыццё ў скульптуры выльецца ў вякі.
Ляціць пякучым болем успамін
Да тых бяроз, дзе плачуць жаўрукі.
У зрубах – абеліскі-каміны.
Там прозвішчы равеснікаў маіх.
Спалілі хаты, дзе жылі яны.
З дарослымі спалілі разам іх…
Ізноў іду – праз сорак шэсць гадоў
Шляхамі вёскі з назваю “Хатынь”
Па слёзных сцежках помніка-кладоў,
Дзе час халодным каменем застыў.
Званоў пакутны ўсхліп, жалобны ўздых
Гучыць жахлівей, чым набату гром…
Пакуль жывыя, помніце пра іх,
Каб мірным зберагчы агульны дом.