Літаратурны конкурс «Бацькаўшчына светлая мая»

Літаратурны конкурс «Бацькаўшчына светлая мая»

Палажэнне пра конкурс

У новым вяшчальным сезоне Першы нацыянальны канал Беларускага радыё сумесна з літаратурна-мастацкім часопісам “Маладосць” арганізуе Праект-конкурс “Бацькаўшчына светлая мая”, прысвечаны Году малой радзімы. Мэта – даць  магчымасць нашым слухачам і чытачам выказаць  любоў да роднай зямлі, паказаць яе прыгажосць, гісторыю, культуру ў мастацкай форме: вобразна, шчыра, арыгінальна. 
Конкурс будзе праводзіцца на працягу года, у дзвюх намінацыях – “Паэзія” і “Эсэ”. Для ўдзелу ў намінацыі “Паэзія” дапускаецца не больш за адзін верш любога памеру ад аднаго ўдзельніка, у намінацыі “Эсэ” прымаецца адзін тэкст памерам ад 4000 да 8000 знакаў. Вызначаны тры ўзроставыя катэгорыі ўдзельнікаў: да 16 гадоў; ад 16 да 35-ці,  ад 35 гадоў і старэйшыя. Вынікі будуць абвешчаны ў верасні наступнага года. Пераможцамі стануць аўтары найлепшых тэкстаў, якія адбярэ прафесійнае журы (па тры ў кожнай з намінацый). Узнагароджанне пераможцаў адбудзецца падчас урачыстай цырымоніі ў Вялікай студыі Дома радыё з запісам праграмы “Творчы вечар”.

У час правядзення Праекта-конкурса прадугледжваюцца радыёэфіры з чытаннем дасланых твораў, удзелам іх аўтараў у праграмах Першага нацыянальнага канала: “Літаратурны калейдаскоп”, “Спецыяльны праект”, “Творчы вечар”, а таксама – публікацыя лепшых твораў ў часопісе “Маладосць”.

Больш падрабязную інфармацыю пра конкурс чытайце на нашым сайце: радыё.бел.

А назвалі мы яго радком з вядомага верша Уладзіміра Караткевіча “Бацькаўшчына”, які ўвайшоў у першы паэтычны зборнік пісьменніка “Матчына душа”.

Дагарэў за брамай небакрай,
Месяц паміж воблачкаў плыве.
Выйду зноў, як у мінулы май,
Басанож прайдуся па траве.
Дымная, сцюдзёная раса,
Цёмныя ў траве ад ног сляды.
А такога рослага аўса
Я не бачыў доўгія гады…

І далей – столькі ж пяшчоты, замілавання і радасці ад сустрэчы з роднымі мясцінамі, настальгічны прыпамін адыходзячага юнацтва: “подых юні ўходзячай маёй”, “весніх паркаў бэзавы туман” – сапраўды, усіх тых адчуванняў, што так моцна трымаюць нас з незабыўным пачаткам жыцця… Ну і фінальная страфа:

А вакол травіцы роснай рай
І бярозак белая  сям’я.
Мой чароўны беларускі край,
Бацькаўшчына светлая мая!

Ці не праўда, так і хочацца зараз прайсціся ўсімі  гэтымі сцежкамі, удыхнуць свежае паветра тых дзівосных краявідаў, алегорыя якіх так натуральна і звабліва вызначана маладым паэтам Караткевічам… Падумаць толькі – у 50-я гады мінулага стагоддзя! А здаецца, быццам учора…

Мы вырашылі, што якраз гэты радок “Бацькаўшчына светлая мая”, як  метафара  абвешчанага літаратурнага конкурсу, пакліча новых аўтараў на сённяшнія споведзі і прызнанні ў любові бацькоўскаму краю…

І яшчэ раз нагадаю – больш падрабязную інфармацыю пра сумесны праект Першага нацыянальнага канала Беларускага радыё з літаратурна-мастацкім часопісам “Маладосць” “Бацькаўшчына светлая мая”, прысвечаны Году малой радзімы, чытайце на нашым сайце: радыё.бел (у рубрыцы «Спецпраекты»).

4 кастрычніка ў праграме “Творчы вечар” – эфірная прэзентацыя і сустрэча з арганізатарамі конкурсу і членамі журы. Пачатак – у 21 гадзіну 5 хвілін. Не прапусціце!

«Адлюстраванні. Літаратурны конкурс «Бацькаўшчына светлая мая». Радыёблог Галіны Шаблінскай

Няма каментарыяў

Добавить комментарий

Ваш email не будзе апублікаваны.