Літаратурны дэсант да пагранічнікаў

Пісьменнікі Уздзеншчыны адзначылі Міжнародны дзень паэзіі ў пагранічнай вайсковай часці 1463 горада Дзяржынска. Яе воінскі калектыў сёлета адзначае дзве юбілейныя даты: у маі адзначаецца 105-я гадавіна пагранічнай службы Рэспублікі Беларусь, а ў верасні споўніцца 85 гадоў з дня ўтварэння часці. З гэтай нагоды адбылася сустрэча з членамі Мінскага абласнога аддзялення Саюза пісьменнікаў Беларусі Дзмітрыем Вінаградавым, Віктарам Сабалеўскім і Валянцінай Шытыка.

Папярэднічала творчай сустрэчы экскурсія літаратараў па ваенным гарадку. У цэнтры падрыхтоўкі спецыялістаў ім расказалі, што тут за некалькі месяцаў вучэбных курсаў рыхтуюць будучых вадзіцеляў і повараў, якіх пасля размяркоўваюць па пагранзаставах у розныя куткі Беларусі. У бібліятэцы пісьменнікі пацікавіліся, што чытаюць пагранічнікі і падарылі свае кніжкі.

У клубе перад пагранічнікамі прайшла сустрэча “Наш родны край у вершах і прозе”. Дырэктар Уздзенскай раённай бібліятэкі імя П. Труса Аксана Драчан пазнаёміла вайскоўцаў (а іх сабралася на нядзельнае мерапрыемства каля сотні) з гісторыяй Уздзенскага раёна, яго слаўнымі літаратурнымі традыцыямі.

Адбылася міні-прэзентацыя кніг пісьменнікаў з суседняга раёна. Віктар Сабалеўскі зацікавіў слухачоў вершамі пра будні пагранічнікаў, што былі напісаны некалькі гадоў таму пасля наведвання пагранзастаў каля Гродна і Пінска. Выклікалі цікавасць і яго вершаваныя гумарэскі. Валянціна Шытыка засяродзіла ўвагу прысутных на дружбе беларускага і рускага народаў, важкі патрыятычны пасыл насілі і яе творы пра памяць аб Вялікай Айчыннай вайне. Дзмітрый Вінаградаў пазнаёміў салдат з тэматыкай сваіх кніг, а пасля заканчэння афіцыйнай часткі мерапрыемства адказаў на пытанні, што тычыліся яго жыццёвага і творчага шляху.

Пакідалі пісьменнікі дзяржынскую зямлю з добрым настроем, падзячным пісьмом за подпісам камандзіра часці і дамоўленасцю, што такая сустрэча ў сумесных планах не будзе апошняй.

Прэс-служба МАА СПБ