«Лета з добрай кнігай» завітала ў аграгарадок Гатава

«Лета з добрай кнігай» завітала ў аграгарадок Гатава

Час летняга дзіцячага адпачынку ў прышкольных аздараўленчых лагерах дае магчымасць праводзіць сустрэчы з цікавымі людзьмі, у тым ліку і з пісьменнікамі Беларусі. Штогод летам праводзіцца акцыя «Лета з добрай кнігай», дзякуючы якой дзеці знаёмяцца з майстрамі слова.

15 чэрвеня г.г. у агарагарадку Гатава дзверы сваёй цудоўнай установы гасцінна расчынілі загадчыца сельскай бібліятэкі-клуба Урбан Іна Аляксандраўна і яе памочніца, бібліятэкар Шарук Дзіяна Мікалаеўна. Каля 70-ці вучняў 1-4 класаў з аздараўленчага лагера Гатаўскай сярэдняй школы прыйшлі сюды, каб сустрэцца з паэткай, старшынёй Мінскага абласнога аддзялення ГА «Саюз пісьменнікаў Беларусі» Святланай Быкавай.  

Спачатку хлопчыкі і дзяўчынкі ўважліва слухалі вершы аўтаркі пра Машу і кашу, пра Мураша, пра вядомага ўсім дзецям Бабая, пра тое, чым у адсутнасць бацькоў дзеці кармілі свайго сабаку і шмат іншых тэкстаў. Дзякуючы пейзажным вершам паэткі маленькія слухачы прайшліся па лясной сцяжынцы, павандравалі па небе разам з аблачынкамі – адчулі прыгажосць нашага роднага краю і ўпэўніліся, што ўся прырода  жывая.

Потым, адгадваючы беларускамоўныя загадкі Святланы Анатольеўны, маленькія слухачы ўспомнілі, а некаторыя з іх і ўпершыню даведаліся пра тое, як па-беларуску гучаць словы «одуванчик», «лучик», «фонарь», «лопата», «Отчизна» і шмат іншых.  Самых актыўных удзельнікаў мерапрыемства паэтка ўзнагароджвала невялічкімі сувенірамі – закладкамі для кніг ад выдавецтва «Народная асвета».

Дзеці актыўна адрэагавалі на пытанне паэткі, ці ёсць сярод прысутных тыя, хто піша вершы. Некалькі чалавек паднялі рукі. Потым маленькія паэты выходзілі ўперад і з задавальненнем чыталі свае асабістыя творы. Самаму актыўнаму з іх Святлана Анатольеўна падарыла сваю кніжку казак. Потым, узрушаныя шчырымі зносінамі з паэткай, дзеці чыталі вершы на беларускай мове, якія вывучылі раней, з бацькамі, ці памяталі са школьнай праграмы.

Нават калі абвясцілі, што сустрэча скончылася, маленькія ўдзельнікі мерапрыемства не спяшаліся пакідаць памяшканне чытальнай залы бібліятэкі. Яны акружылі госцю і яшчэ некаторы час успаміналі і чыталі ёй вершы.

Сустрэча закончылася ўзаемнымі пажаданнямі творчага натхнення і добрага летняга адпачынку ў сяброўстве з цікавымі кнігамі.

«Лета з добрай кнігай» набірае абароты ў Мінскай вобласці і ў Беларусі цалкам. Вялікаму караблю – вялікае плаванне: да новых цікавых сустрэч з маленькімі чытачамі!

Няма каментарыяў

Добавить комментарий

Ваш email не будзе апублікаваны.