“ЛЕТА З ДОБРАЙ КНІГАЙ” У СТАРАЖЫТНЫМ ЗАСЛАЎІ

Нягледзячы на спёку, што нечакана ўсталявалася па краіне ў жніўні, у гарадскую бібліятэку старажытнага горада Заслаўе, які напрыканцы месяца будзе святкаваць 1030-годдзе з дня заснавання,  завіталі ўдзельнікі рэспубліканскай акцыі “Лета з добрай кнігай”. Сябры ГА “Саюз пісьменнікаў Беларусі” і ўдзельнікі літаратурнага клуба “Выток” (г. Дзяржынск) прыехалі не толькі падзяліцца сваёй творчасцю, але і павіншаваць сяброў і жыхароў горада з юбілейнай датай. Ва ўтульным памяшканні бібліятэкі, якое так і вабіла сваёй прахалодай, гасцей сустракалі гаспадары: яны правялі невялікую экскурсію па кніжным царстве і запрасілі ў святочную залу. Пасля слоў прывітання дырэктара бібліятэкі Салаўёвай Жанны Сямёнаўны, сустрэчу пачала Ірына Карнаухава – намеснік старшыні Мінскага абласнога аддзялення Саюза пісьменнікаў Беларусі, кіраўнік народнага клуба кампазітараў і паэтаў Міншчыны “Жывіца”. Яна паведаміла аб рэспубліканскай акцыі, якая праходзіць другі год на Беларусі і не толькі знаёміць чытачоў з аўтарамі і новымі выданнямі, але мае галоўную мэту – падарыць зборнікі і кнігі, якія папоўняць бібліятэчны фонд. Затым выступілі сябры ГА “Саюз пісьменнікаў Беларусі”: мясцовая жыхарка Святлана Быкава, Уладзімір Цанунін з Вілейшчыны, Людміл Круглік і Рэгіна Рэўтовіч з Дзяржынску. І, канешне, слухачы, сярод якіх былі ўдзельнікі літаратурна-паэтычнага клуба “Сузор’е” г. Заслаўя, змаглі пазнаёміцца з калегамі–паэтамі Дзяржыншчыны.

Напрыканцы дырэктар Мінскай раённая бібліятэчнай сістэмы – Аксана Матрунчык – падзякавала гасцям за цікавую сустрэчу і паднесла невялікія падарункі з кветкамі. А Ірына Карнаухава ў адказным слове падарыла стос новых кніг Заслаўскай бібліятэцы, дзеля чаго і была запланавана гэтая сустрэча. З цудоўным настроем разыходзіліся і раз’язджаліся яе ўдзельнікі, зрабіўшы агульную фотакартку на памяць.

“Лета з добрай кнігай” будзе працягвацца да пачатку навучальнага года. Таму наперадзе яшчэ новыя сустрэчы, на якіх таксама будуць падарункі – кнігі паэтаў і празаікаў Міншчыны – для раённых і гарадскіх бібліятэк.

 Інна Кузіна

Адзін каментарый

Добавить комментарий

Ваш email не будзе апублікаваны.