“Лета з добрай кнігай” на Лагойшчыне

Пачаўся жнівень – апошні месяц лета. Але ў многіх школах краіны прадаўжаюць працаваць летнія аздараўленчыя, спартыўныя, працоўныя і іншыя лагеры. Сустрэчы з пісьменнікамі, з кнігай, з узнёслым літаратурным словам заўсёды жаданыя і ў час навучальнага года, і ў час адпачынку. Таму 6-га жніўня ў рамках акцыі “Лета з добрай кнігай” у Плешчаніцкай сярэдняй школе №2 Лагойскага раёна прайшла сустрэча вучняў з паэтэсай, перакладчыцай, старшынёй Мінскага абласнога аддзялення ГА “Саюз пісьменнікаў Беларусі” Святланай Быкавай.
Каб пазнаёміцца з творчасцю госці, на сустрэчу прыйшлі таксама і дзеці з гарпасялковага Цэнтра дзіцячай творчасці, таму аўдыторыя была разнаўзроставай: у актавай зале школы прысутнічалі вучні ад 4-га да 10-га класаў. Але пісьменніца змагла зацікавіць усіх прысутных, нават дарослых – супрацоўнікаў школ і Цэнтра дзіцячай творчасці, якія таксама з задавальненнем слухалі яе.
Святлана Быкава перш за ўсё пазнаёміла удзельнікаў мерапрыемства з навінкамі гэтага года – асабістымі выданнямі кніг: зборнікам вершаў “Пад небам Рагнеды” (выдавецтва “Беларусь”), кнігай вершаў для дзяцей “Солнечный зайчик” (выдавецтва “Звязда”) і Заслаўскім агульнагарадскім зборнікам дзіцячай творчасці “Зорны россып”, укладальнікам і рэдактарам якога яна з’яўляецца. З мінулагодняга зборніка вершаў “На перекрёстке миров” таксама прагучалі вершы на рускай мове.
Напрыканцы сустрэчы госця адказала на шматлікія пытанні і дзяцей, і дарослых, якія зацікавіліся яе творчым шляхам і вершамі. А на памяць аб сустрэчы паэтэса пакінула свае новыя кнігі: зборнік “Пад небам Рагнеды” і кнігу вершаў для дзяцей “Солнечный зайчик” атрымала бібліятэка школы, а зборнік “Зорны россып” яна ўручыла прадстаўніку гарадскога Цэнтра дзіцячай творчасці.

Прэс-служба МАА ГА СПБ

 

Няма каментарыяў

Добавить комментарий

Ваш email не будзе апублікаваны.