Колькі слоў пра Зіновія Прыгодзіча

Духоўнасць, маральнасць — першасныя

Адзін з герояў Зіновія Прыгодзіча, яго суразмоўца па кнізе дыялогаў «Постаці», сказаў: «Духоўнасць, маральнасць — аснова прафесіяналізму…» Чытаючы кнігі вядомага ў краіне публіцыста, празаіка, паэта, журналіста, які аддаў частку свайго жыцця і «Звяздзе», і газеце «СБ. Беларусь сегодня» (быў у «Советской Белоруссии» галоўным рэдактарам), пераконваешся, што Зіновій Кірылавіч — шукальнік у людзях якраз найперш духоўнасці, маральнасці. За знешняй някідкасцю мастацкіх вобразаў і сімвалаў, якія дапамагаюць пісьменніку рабіць яго тэксты прыцягальнымі, хаваецца цеплыня, шчодрасць думак, рэльефнасць дабрыні і спагады, без якіх і свет не цікавы нават самымі каляровымі сваімі праявамі.

Яшчэ ў 1974 годзе пабачыла свет першая кніга Зіновія Прыгодзіча — «Добры дзень, сад!» З тае пары вырас сапраўдны сад кніг таленавітага і надзвычай цікавага творцы. Мне асабіста імпаніруе актыўная работа літаратара над дыялогамі, гутаркамі, інтэрв’ю. Надрукаваныя ў «Полымі» (а часам — і ў «Звяздзе»), яны паказваюць выбар пісьменніка, яго жаданне праз цікавых асоб стварыць партрэт часу, партрэт нашай Айчыны на пэўным адрэзку гістарычнага, грамадскага развіцця. Валерый Анісенка, Леанід Захлеўны, Георгій Паплаўскі, Янка Сіпакоў, Анатоль Сульянаў, Адам Мальдзіс, Іван Міско, Марыя Захарэвіч, Міхась Дрынеўскі… Кожны з суразмоўцаў пісьменніка цікавы і сваёй творчай біяграфіяй, і сваімі думкамі. Але ж цікава выбудаваны і дыялогі з імі. У гэтым — заслуга Зіновія Прыгодзіча. Невыпадкова газетныя і часопісныя публікацыі пасля становяцца кнігамі.

Дыялогі, гутаркі вылучаюць пісьменніка як тонкага знаўцу чалавечай псіхалогіі, далікатнага ў стасунках з суразмоўцамі журналіста. Выбраўшы правільную інтанацыю і ў зборы матэрыялу, і ў выкладанні яго чытачу, Зіновій Прыгодзіч заваяваў давер… А гэта таксама вельмі важна, гэта ў значнай ступені ўплывае на адкрытасць, шчырасць, узаемныя сімпатыі.

… У апошні час да чытача прыйшлі і публікацыі Зіновія Прыгодзіча, прысвечаныя яго вандроўкам па-за межамі Беларусі. І ў гэтых дакументальна-мастацкіх тэкстах пісьменнік выступае шукальнікам лепшых рыс чалавецтва, літаратарам, які і ў расповедзе пра іншыя народы і краіны сцвярджае ідэалы гуманістычнага развіцця грамадства.

Мікола Берлеж

«Літаратура і мастацтва»

Няма каментарыяў

Добавить комментарий

Ваш email не будзе апублікаваны.