«Кніжныя сустрэчы ў Мірскім замку»: знаёмства з кнігай Віктара Хурсіка

«Кніжныя сустрэчы ў Мірскім замку»: знаёмства з кнігай Віктара Хурсіка

«Vale!» – што ў перакладзе на беларускую мову значыць «Бывайце!»  

Так развітвалася легендарная беларуская мецэнатка Магдалена Радзівіл. Так называецца нечаканая і багатая на факты кніга пра яе слаўны лёс. Сучасны беларускі гістарычны пісьменнік Віктар Хурсік зрабіў выразную спробу праліць святло на лёс чалавека, на лёс жанчыны з роду Завішаў, якая была мецэнтакай, грамадскім дзеячам на рубяжы XIX – XX стагоддзяў, якая спрыяла выхаду ў свет беларускіх кніг. І сярод іх – зборнік неўміручай паэзіі нашага класіка Максіма Багдановіча «Вянок». А яшчэ ж быў удзел у стварэнні беларускіх школак, беларускага перыядычнага друку. Яшчэ яна дапамагала развіццю беларускамоўнага касцёла.

Варта заўважыць, што для стварэння паўнавартаснага партрэта Магдалены Радзівіл пісьменнік выкарыстоўвае болей як 300 гістарычных дакументаў, знойдзеных у архівах розных краін. Ёсць у кнізе і тэстамент славутай дзеячкі беларускай культуры, беларускага асветніцтва, змешчана досыць шмат фотаздымкаў. З цікавасцю чытаюцца асабістыя ўспаміны спадарыні Магдалены. У кнізе чытач сустрэнецца не толькі з магнатамі, але і з простымі сялянамі.

Прэзентацыя сапраўды ўнікальнай кнігі Віктара Хурсіка «Vale!» пройдзе 15 чэрвеня на пляцоўцы фестывалю «Кніжныя сустрэчы ў Мірскім замку», які пройдзе, зразумела, на тэрыторыі Мірскага замка ў гарадскім пасёлку Мір Карэліцкага раёна. Пачатак фестывалю – а 11-й гадзіне.

«Кніжныя сустрэчы ў Мірскім замку» збяруць 15 чэрвеня дзесяткі выдавецтваў і аўтараў, пройдуць прэзентацыі, аўтограф-сесіі. Асноўным «героем» будзе беларуская кніга. Найперш – тыя выданні, якія прысвечаны гісторыі, асветніцтву Беларусі.

Сяргей Шычко

Крыніца: літ.партал “Созвучие”