Кніга разам з аўтарам
Валожынскія пісьменнікі і мясцовы народны калектыў літаратурна-мастацкага майстэрства “Рунь” пачаў рэалізоўваць творчы праект “Кніга разам з аўтарам”. Ён накіраваны на павышэнне цікавасці дзяцей да чытання кніг і вывучэння літаратурнай спадчыны Валожыншчыны.
У аснове праекта – стварэнне дзіцячых кніг з малюнкамі вучняў малодшых класаў школ горада. Першым аўтарам удзельнікам праекту стала паэтэса, член саюза пісьменнікаў Беларусі Марыя Шакун з кнігай “Якія і колькі? Для маленькіх і не толькі”. У ёй Марыя Антонаўна вядзе шчырую размову з юнымі чытачамі, навучае іх кемлівасці, дабру, назіральнасці, жаданню вучыцца быць лепшымі. Малюнкі да кнігі зрабілі першакласнікі СШ №1 г. Валожына.
Прэзентацыя выдання адбылася на мінулым тыдні ў Доме культуры г. Валожын. На мерапрыемстве прысутнічала шмат гасцей, якія прыйшлі павіншаваць аўтара з выхадам чарговай кнігі, а маленькіх ілюстратараў з іх дэбютам. Дзеткі ярка прадставілі кнігу, зацікаўлена з імпэтам чыталі вершы, да якіх рабілі ілюстрацыі. Акрамя таго, прагучаў музычны падарунак для ўсіх удзельнікаў мерапрыемства.
Праект “Кніга разам з аўтарам” будзе мець свой працяг.
Прэс-служба МАА СПБ