Кітай — Беларусь: на новы мастацкі ўзровень
У Выдавецкім доме «Звязда» прайшоў круглы стол «Кітайская літаратура ў Беларусі».
Для ўдзелу ў размове пра сённяшні стан беларуска-кітайскіх літаратурных адносін, сувязяў у галіне перакладу сабраліся літаратуразнаўцы, перакладчыкі, паэты. Што стала прадметам абмеркавання, дыскусіі? Пра гэта расказвае мадэратар круглага стала, рэдактар аддзела паэзіі часопіса «Полымя» Юлія Алейчанка:
— Запрасіўшы розных экспертаў разгледзець сённяшнюю прысутнасць кітайскай літаратуры ў Беларусі, мы асаблівую ўвагу звярнулі на ўжо зробленае. Толькі за апошнія тры гады ў адным Выдавецкім доме «Звязда» выйшла некалькі кніг кітайскіх аўтараў: анталогія паэзіі «Пад крыламі Дракона: Сто паэтаў Кітая», зборнік паэзіі і прозы «Стагоддзе на знаёмства», кнігі ў серыі «Светлыя знакі. Паэты Кітая» — Ван Вэя, Лі Бо, Ду Фу, Ай Ціна, зборнік публіцыстыкі «Беларусь вачыма кітайцаў». Пагадзіцеся, сапраўдная бібліятэка!.. А зазірніце на старонкі часопіса «Полымя»… Мы неаднойчы друкавалі кітайскую паэзію ў перакладах на беларускую мову. Часопіс займаецца гэтым не ад выпадку да выпадку. І пэўным этапам развіцця на гэтым шляху з’яўляецца публікацыя падборкі старажытнага паэта Лі Хэ ў перакладзе Алены Раманоўскай. Заўважу: пераклады зроблены з арыгінала. Што цікава, Лі Хэ амаль невядомы на рускай мове. Веру, што кніга гэтага творцы стане падзеяй, трывалым мостам у беларуска-кітайскіх літаратурных сувязях.
Такая творчая праца ўражвае, з’яўляецца асновай ужо для работы літаратуразнаўцаў, гісторыкаў літаратурнага працэсу. Пра гэта і гаварылі на круглым стале кандыдат філалагічных навук, загадчык кафедры кітайскай філалогіі Белдзяржуніверсітэта Мікалай Хмяльніцкі, кандыдат філалагічных навук, дацэнт кафедры тэорыі літаратуры філалагічнага факультэта БДУ Міхась Кенька, паэт, перакладчык, галоўны дырэктар замежнага вяшчання «Беларускага радыё» Навум Гальпяровіч, дырэктар — галоўны рэдактар Выдавецкага дома «Звязда» Алесь Карлюкевіч.
— Прыемна ўражвае, што беларуска-кітайскі мастацкі, літаратурны камунікат сёння істотна ўмацоўвае, пашырае творчая моладзь, — заўважыў Навум Гальпяровіч. — Тая моладзь, якая адкрывае для сябе Кітай непасрэдна ў стасунках з кітайцамі, якая часта наведвае Кітай. У ранейшыя, часам вельмі даўнія дзесяцігоддзі ў Паднябеснай пабывалі беларускія паэты, празаікі Максім Танк, Рыгор Барадулін, Анатоль Вярцінскі, Янка Брыль… Пасля — перапынак. Цяпер — усплёск. Беларуская студэнцкая, аспіранцкая моладзь вучыцца ў розных кітайскіх ВНУ, удзельнічае ў навуковых канферэнцыях, знаёміцца з кітайскімі бібліятэкамі.
— На мой погляд, наспеў той час, — сказаў літаратуразнаўца Мікалай Хмяльніцкі, — калі беларуская літаратурна-мастацкая прастора можа і павінна выйсці на новы ўзровень рэцэпцыі кітайскай літаратуры…
— І пры гэтым нельга забывацца пра папярэднія этапы, папярэдні вопыт, — нагадаў Міхась Кенька. — Хачу прывесці цікавы прыклад. Ужо шмат гадоў, як пайшла з жыцця выдатная беларуская паэтэса Анэля Тулупава. А, між тым, яна падрыхтавала, уклала цэлую кнігу перакладаў легендарнай кітайскай паэтэсы Лі Цынжао. Разам з ёю, Анэляй Тулупавай, над перакладамі працавалі Вольга Іпатава, Ніна Загорская, Яўгенія Янішчыц. Але і сёння ўнікальная кніга перакладаў усё яшчэ застаецца ў рукапісе. Добра, што працу захавалі родзічы Анэлі Тулупавай у сваім дамашнім архіве. Чаму б беларускую кнігу Лі Цынжао не выдаць у «звяздоўскай» серыі «Светлыя знакі. Паэты Кітая»?
…Круглы стол у Выдавецкім доме «Звязда» па беларуска-кітайскіх літаратурных сувязях абазначыў цэлы шэраг існуючых праблем і магчымых перспектыў. Для іх актуалізацыі, для таго, каб засведчыць выразныя спробы, падыходы да іх вырашэння, несумненна, варта стварыць пастаянна дзеючы дыскусійны семінар, напрыклад, з той жа назвай — «Кітайская літаратура ў Беларусі». Чаму б не рэалізаваць гэты творчы і арганізацыйны, культуралагічны праект на пляцоўцы Выдавецкага дома «Звязда»?
Міхаіл ЛАДЫНІН
Фота Надзеі Бужан