Казкі нараджае жыццё

Казкі нараджае жыццё

Больш як тры месяцы працягваўся творчы конкурс “Казка для ўнучкі”, арганізатарам якога выступіла рэдакцыя Уздзенскай раённай газеты “Чырвоная зорка”. За гэты час на старонках раёнкі было надрукавана 17 твораў нашых няштатных аўтараў. Яшчэ 6 казак засталіся ў рэдакцыйным партфелі.

Усяго ў конкурсе прынялі ўдзел 11 аўтараў. Былі сярод іх тыя, хто прыдумаў адну казку, і такія, каму ўдалося даслаць чатыры-пяць твораў. Напісаныя з любоўю для сваіх унукаў і ўнучак, яны сталі набыткам і для іншых бабуль і іх маленькіх гарэз. Прыемна, што рэдакцыйны конкурс падтрымалі члены Саюза пісьменнікаў Беларусі Галіна Нічыпаровіч і Таццяна Цехнебедзіна, а таксама тыя, чые прозвішчы нярэдка з’яўляюцца на старонках газеты – Яўгеній Звярынскі, Ірына Бельская, Ніна Лятун, Алена Дрэка.

11 ліпеня ўдзельнікі конкурсу былі запрошаны ў рэдакцыю для падвядзення яго вынікаў. Такія сустрэчы заўсёды жаданыя, бо нясуць з сабой шмат пазітыву і добрай энергіі. Вось і на гэты раз кожны з прысутных стараўся выказаць сваю думку, штосьці падмеціць, пажадаць, прапанаваць.

Няпроста было вызначыць пераможцаў. Выбіралі іх у пяці намінацыях. Спецыяльнымі дыпломамі адзначаныработы Валянціны Шытыка (“Самая мудрая казка” – “Дзяўчынка — шчасце”), Галіны Нічыпаровіч (“Самая павучальная казка” – “Ручаёк і дуб”), Надзеі Баршчун (“Самая душэўная казка” – “Агурок-мудрэц”), Вольгі Бокуць-Чабатаровай (“Самая добрая казка” – “Прыгоды Пятнашыка”), Алены Дрэка (“Казка-быль” – “Хованкі з курапаткамі”).

Спонсарам казачнага конкурсу выступіла раённая арганізацыя грамадскага аб’яднання “Белая Русь”.

Няма каментарыяў

Добавить комментарий

Ваш email не будзе апублікаваны.