КАРУНКІ РОДНЫХ КАРАНЁЎ
Сёння ў сяброў Мінскага абласнога аддзялення ГА “Саюз пісьменнікаў Беларусі” свята – на свет з’явіўся новы калектыўны краязнаўчы зборнік “КАРАНІ”, у які ўвайшлі вершаваныя і празаічныя творы 39-ці пісьменнікаў Міншчыны.
Амаль год над выданнем зборніка рупіліся намесніца старшыні аддзялення Марыя Кобец, якая, дарэчы, з’яўляецца ўкладальніцай новага літаратурнага выдання і Святлана Быкава – старшыня рэгіянальнай суполкі.
Выданне здзейснена па заказе і пры фінансавай падтрымцы Міністэрства інфармацыі Рэспублікі Беларусь і папоўніць паліцы публічных бібліятэк Рэспублікі, а таксама з’явіцца ў продажы ў кніжных крамах сталіцы. Зборнік прысвечаны Году малой радзімы, які ў гэтым годзе зноў быў абвешчаны ў Беларусі.
Над выданнем зборніка “КАРАНІ” працавала дзяржаўнае выдавецтва “Народная асвета”. Супрацоўнікі выдавецтва прыклалі ўсе намаганні, каб выданне атрымалася прыгожым і годным увагі чытача.
Прэзентацыю новага зборніка плануецца правесці 6 верасня г.г. падчас святкавання Дня беларускай пісьменнасці ў горадзе Бялынічы Магілёўскай вобласці на пляцоўцы “Слова пісьменніка”. У прэзентацыі пад назвай “Карункі родных каранёў” прымуць удзел прадстаўнікі выдавецтва “Народная асвета” і сааўтары зборніка.
Прэс-служба МАА ГА СПБ