Канстанцін Бальмонт: пераклады на беларускую мову

Канстанцін Дзмітрыевіч Бальмонт(1867-1942) – знакаміты рускі паэт-сімваліст, класік літаратуры «сярэбранага» стагоддзя, перакладчык з многіх моў, аўтар мноства паэтычных зборнікаў, артыкулаў і нарысаў.

Нарадзіўся 15 чэрвеня 1867 года ў вёсцы Гумнішчы Уладзімірскай губерніі, дзе жыў да 10 гадоў. Бацька Бальмонта працаваў суддзёй, затым – кіраўніком у земскай управе. Любоў да літаратуры і музыкі будучаму паэту прывіла маці. Калі старэйшыя дзеці пайшлі ў школу, сям’я перабралася ў г. Шуя. У 1876 годзе Бальмонт навучаўся ў Шуйскай гімназіі, але ў хуткім часе цікавасць да набыцця ведаў зменшылася, і ён усё больш увагі стаў надаваць чытанню. Пасля выключэння з гімназіі за рэвалюцыйныя настроі, Бальмонт перавёўся ў  г. Уладзімір, дзе вучыўся да 1886 года. У гэтым жа годзе ён паступіў у Маскоўскі універсітэт на юрыдычнае аддзяленне. Вучоба там была нядоўгай — праз год яго выключылі за ўдзел у студэнцкіх беспарадках.

Свае першыя вершы паэт напісаў  дзесяцігадовым хлопчыкам, але маці раскрытыкавала яго пачынанні, і Бальмонт наступныя шэсць гадоў не рабіў спробы што-небудзь пісаць. Упершыню вершы паэта былі надрукаваныя ў 1885 годзе ў пецярбургскім часопісе «Маляўнічы агляд».

Напрыканцы 1880-х  Бальмонт распачаў займацца перакладамі. У 1890 годзе з-за бядотнага фінансавага становішча і няўдалага першага шлюбу Бальмонт спрабаваў скончыць жыццё самагубствам – выкінуўся з вакна, але застаўся жывы.  Год праляжаў у ложку, але нават у такім стане працягваў тварыць.

Дэбютны зборнік вершаў (1890) паэта не выклікаў цікавасці ў грамадскасці, і паэт знішчыў увесь наклад.

Найбольшы росквіт творчасці Бальмонта прыходзіцца на 1890-я гады. Ён шмат чытае, вывучае мовы і падарожнічае.

Даволі актыўна займаецца перакладамі:  у 1894 годзе перакладае «Гісторыю скандынаўскай літаратуры» Горна, у 1895-1897 – «Гісторыю італьянскай літаратуры» Гаспара.

У 1894 годзе К.Бальмонт выдаў зборнік паэзіі «Пад паўночным небам», пачаў друкаваць свае творы ў выдавецтве «Скарпіён»,  часопісе «Шалі». Неўзабаве з’яўляюцца новыя кнігі – «У неабсяжнасці» (1895), «Цішыня» (1898).

Пабраўшыся  шлюбам у другі раз у 1896 годзе, творца з’язджае ў Еўропу. Некалькі гадоў ён падарожнічае. У наступным годзе ён ужо  ў Англіі —  чытае лекцыі па тэматыцы рускай паэзіі.

Чацвёрты па ліку зборнік паэзіі Бальмонта «Будзем як сонца» выйшаў  у 1903 годзе. Зборнік прынёс поспех аўтару.  Напачатку 1905 года Канстанцін Дзмітрыевіч  падарожнічае па Мексіцы, затым едзе ў Каліфорнію.

Бальмонт прымаў актыўны ўдзел у рэвалюцыі 1905-1907 гадоў, у асноўным выступае перад студэнтамі. Пазбягаючы арышту, паэт  з’язджае ў Парыж.

Пабываўшы ў Грузіі ў 1914 годзе, Канстанцін Бальмонт пераклаў на рускую мову паэму Ш. Руставелі «Віцязь у тыгровай скуры», а таксама шмат іншых твораў грузінскіх паэтаў.Праз год ён ужо ў Маскве, шмат ездзіць па краіне з лекцыямі.

У 1920 годзе з-за дрэннага самаадчування трэцяй жонкі і дачкі, К.Бальмонт паехаў з імі ў Францыю. Больш у Расію ён не вяртаўся. У Парыжы Бальмонт публікуе яшчэ 6 зборнікаў сваіх вершаў, а ў 1923 годзе – аўтабіяграфічныя кнігі: «Пад новым сярпом», «Паветраны шлях».

Паэт сумаваў па Расіі і не раз шкадаваў, што з’ехаў. Гэтыя пачуцці адлюстроўваліся ў яго паэзіі таго часу. Жыццё на чужыне стала яшчэ цяжэй, узніклі праблемы з грашыма. Здароўе паэта пагоршылася:  урачы выявілі сур’ёзнае псіхічнае захворванне.

Жывучы ў беднасці ў прадмесці Парыжа, ён больш не пісаў, а толькі зрэдку чытаў.

23 снежня 1942 года ў Нуазі-ле-Гран, непадалёк ад Парыжа, у прытулку «Рускі дом» Бальмонт памёр ад запалення лёгкіх. 

                                              Бальмонт Канстанцін

Эдэльвейс

Я з блакітных вышынь аглядаю зямлю:

Эдельвейса я позірк нябесны лаўлю,

Вольны ён ад цяжару зямных кайданоў,

Нібы сон сарамлівы адвечных снягоў.

 

На зямлю з неабсяжнай сінечы гляджу –

Моўчкі марамі я спаталяю Душу.

А Душа, як узношуся я да вышынь,

Мільгаціць у гарах над снягамі вяршынь.

 

На зямлі апынуся праз нейкі час зноў,
Не пакінуўшы ў снезе ніякіх слядоў.
Нібы помнік Сусвету – яго глыбіні,
Эдэльвейса ўва мне прарастуць карані.

 

Матылёк

Успамінаю – бы ўчора было:

Біўся матыль у акенца.

Крыльцамі стукаў аб тонкае шкло –

Быццам бы білася сэрца.

 

Мне пяць гадоў. Май наўкола звініць.

Дом старадаўні бацькоўскі.

Я тады вязню магчымасць даў жыць –

Выпусціў у сад па-сяброўску.

 

“Добрыя справы рабіў?” – незнарок

Бог пасля смерці спытае.

Крыльцамі вольна ўзмахне матылёк,

Нібы ў адказ на пытанне.

 

Лебедзь

У затоцы спіць вада гуллівая,

І чарот прыснуў даўно ў цішы.

Песня над вадой гучыць тужлівая,

Як апошні ўздых душы.

 

Гэта плача лебедзь – паміраючы,

Размаўляе са сваім былым.

А на небе вечар, дагараючы,

Пыхне – і вісіць, як дым.

 

Льюцца скаргі гучныя, самотныя –

У грудзях збалелых сэрца рвуць.

Бо надумала душа гаротная

Што не вернецца – вярнуць.

 

Дні кахання, як і дні маркотныя,

Вера, спадзяванні і любоў

Праляцелі снамі незваротнымі –

Ім ужо не ўспыхнуць зноў.

 

Лебедзь тое, што яму не выправіць,

Зліў у свой апошні, сумны спеў.

Мо хацеў у хваль азёрных вымаліць

Прабачэнне, што не ўсё паспеў?

 

Як заміргацелі зоркі мілыя,

І на возера прыпоўз туман з балот,

Гукі песні сталі больш панылыя,

І зашамацеў чарот.

 

Лебедзь песню пеў сваю адвечную,

Нібы іншым пакідаў наказ,

Бо ў зрэнках Смерці, перад Вечнасцю,

Ён убачыў праўду ў першы раз.

 

Запавет быцця

Запытаўся я ў вольнага Ветра:

“Што зрабіць мне, каб быць маладым?”

Адказаў мне, гуляючы, Вецер:

“Лёгкім будзь, нібы вецер, як дым!”

Я спытаў у магутнага Мора:

“Запавет ці падкажаш быцця?”

Адказала мне гучнае Мора:

“Будзь заўжды паўнагучным, як я!”

Запытаў я ў высокага Сонца

“Як мне ўспыхнуць, як ты, на зары?”

Прамаўчала высокае Сонца,

Ды Душа кліч пачула: “Гары!”

 

Залатая зорка

У нябесных прасцягах яскравая зорка ляцела,

Ды патрапіць у сонныя межы Зямлі захацела.

Спакусілася зорка на кветак блакітныя вочы

І на шоргат лістоў у загадкавай млявасці ночы.

Пралягла залацістая сцежка ў блакіце бяздонным –

Паляцела яна, бы анёл той, злачынна-ўлюбёны.

Чым імклівей ляцела – мацней палымнела ў нябёсах

І згарала ў любові – у горне абранага лёсу.

Пунсавеючы шчасцем, губляла яна свае сілы

І, Зямлі не крануўшыся, стала вясёлкавым пылам.

                                             

Вяртанне

              Long lines of light …

/Shelley/ 

Мне хочацца быць далікатным, рахманым,

Няхай, можа ў іншым – ды дзіцем зноў стаць.

У райскай краіне,  на светлай паляне

Бяздоннем, бязбрэжжам сябе наталяць.

 

Мне хочацца зноў дрыгацення арэляў

У ліпавым гаі, ля вёскі маёй,

Дзе ўранні ў тумане фіялкі сінелі,

Дзе думкі так дзіўна вілἴся вясной.

 

Калісьці любіў я вар’яцкія ласкі,

Ды толькі той пыл назаўжды ў сэрцы сціх.

Люблю цяпер вечар, і ціхія казкі,

І вочы дзіцяці, і зорачкі ў іх.

 

                                        Пераклад з рускай мовы Святланы Быкавай