Каб Слова ўзнёслае ў сэрцах жыло… Сусветны Дзень паэзіі ў Заслаўі

Каб Слова ўзнёслае ў сэрцах жыло…

20-га сакавіка, напярэдадні Сусветнага Дня паэзіі Заслаўская гарадская бібліятэка расчыніла дзверы для ўдзельнікаў літаратурна-музычнай гасцінай. Імпрэзу распачала гаспадыня бібліятэкі, яе загадчыца Салаўёва Жанна Сямёнаўна. Яна павітала прысутных, павіншавала з наступаючым Святам паэтычнага Слова і зрабіла невялічкі экскурс у гісторыю стварэння Сусветнага Дня паэзіі. Далей яна перадала слова стваральніцы і вядучай Заслаўскай літаратурна-музычнай гасцёўні, паэтэсе Святлане Быкавай.

Святлана Анатольеўна прадставіла слухачам гасцей імпрэзы: пісьменніц Марыю Кобец і Таццяну Дашкевіч. Першае слова было дадзена Марыі Уладзіміраўне. Яна распавяла прысутным пра сябе, свой шлях да творчасці.   Сёння Марыя Кобец – намеснік старшыні Мінскага абласнога аддзялення ГА “Саюз пісьменнікаў Беларусі”,  вядомая паэтэса і перакладчыца. Яна часта друкуецца ў рэспубліканскіх і замежных літаратурных часопісах і газетах, удзельнічае ў міжнародных фестывалях. Далей Марыя Кобец прачытала слухачам вершы са свайго апошняга паэтычнага зборніка пад назвай “У белым ветразі завей”, які выйшаў у мінулым годзе.

Пасля Марыі Кобец творчую вечарыну прадоўжыла Таццяна Дашкевіч – вядомая паэтэса, празаік, дзіцячая пісьменніца і выканаўца песень. Пасля кароткага аповеду пра сябе і творчы шлях, яна выканала шэраг песень пад гітару. Трэба сказаць, што ў рэпертуары Таццяны Дашкевіч не толькі асабістыя аўтарскія  песні, але і песні Мікалая Шыпілава – яе мужа, вядомага пісьменніка і барда, які, на жаль, ужо пайшоў з жыцця. Натуральна, што ўсе прысутныя былі ўражаны лірычнасцю і пранікнёнасцю, глыбінёй і прыгажосцю песень, якія выканала Таццяна Мікалаеўна.

Святлана Быкава таксама прадставіла сваю творчасць прысутным. Яна правяла міні-прэзентацыю свайго новага паэтычнага зборніка “На перекрёстке миров”, які выйшаў у канцы 2018 года.

Далей вядучая творчай вечарыны дала слова таленавітым заслаўчанам. Вядомы ў Заслаўі бард Максім Гершанкоў вельмі прафесійна выканаў некалькі аўтарскіх песень, а мясцовы паэт Валерый Бародзіч прачытаў прысутным свой вясновы верш.

Трэба адзначыць цеплыню і душэўнасць, у якой праходзіла вечарына. Раз-пораз можна было назіраць, як блішчэлі слёзы на вачах прысутных…Паэтычнае Слова ў чарговы раз абудзіла людскія душы, закранула самыя патаемныя яе куточкі…

Напрыканцы слухачы цёпла падзякавалі гасцей імпрэзы, запрашалі не забываць прыхільнікаў прыгожага пісьменства, якія жывуць у горадзе Заслаўі, прыязджаць у госці яшчэ.

 

Прэс-цэнтр МАА ГА СПБ