К. Хадасевіч-Лісавая. Вухуцік

Вухуцік

Маленькая дзяўчынка Уладзіслава вельмі любіць маляваць. Яна яшчэ і ў школу не хадзіла, а маляваць ужо навучылася. У яе неяк само сабой гэта атрымлівалася. Улада проста сядала за стол, адкрывала альбом і малявала. З-пад яе пэндзліка выходзілі прыгожыя кветачкі, матылькі, птушкі, звяры… Адным словам, усё тое, што ёй прыдумвалася.

Неяк раз Улада гуляла з лялькамі і раптам адчула, што ёй вельмі захацелася маляваць. Ёй нават здавалася, што альбом і алоўкі проста клічуць яе! Дзяўчынка паклала лялькі ў кораб з цацкамі і села за любімую справу, але што намаляваць не прыдумала. Кветак у яе было намалявана ўсялякіх, матылькоў разнастайных, птушак і звяроў якіх хочаш… Уздыхнула Улада, сумна ёй стала. Першы раз не магла прыдумаць, што намаляваць! Дзяўчынка разглядала бялюткі аркуш паперы і адчувала, што слёзы пачынаюць пячы павекі. Яны ўжо нават набеглі на вочы і белы аркуш паперы задрыжэў. Улада кулачкамі выцерла вочкі. Аркуш больш не дрыжаў, толькі ў цэнтры яго мігцела кропка. Дзяўчынка яшчэ раз працерла вочкі, але кропка не знікла, яна па-ранейшаму то з’яўлялася, то прападала.

— Чаго ты мітусішся? – Спыталася ў кропкі Улада.

Дзяўчынка хацела дакрануцца да кропачкі алоўкам, каб яна перастала мігцець. Але як толькі Улада паставіла на яе дзюбку алоўка, кропка адскочыла крыху ўбок. Нібыта сам сабою, аловак пабег даганяць кропчаку пакідаючы за сабой след, а кропка спрытна ўцякала, быццам, прыняла гульню. І Уладзе спадабаліся гэтыя даганялкі. Яе рука вадзіла алоўкам па паперы, старалася злавіць кропачку. Лінія вымалёўвалася мудрагелістая, бегла то ўверх, то ўніз, то круцілася. Нарэшце кропачка вярнулася ў цэнрт ліста, туды, адкуль пачала свой забег. Аловак дагнаў яе і спыніўся, гульня скончылася, кропачка знікла.

Улада сумна ўздыхнула, ёй хацелася б яшчэ пагуляць з мітуслівай кропкай. Дзяўчынка кінула позірк на пакрэмзаны аркуш паперы і здзіўлена акругліла вочкі. Аловак, які бегаў за кропкай, намаляваў нейкую істоту! Выява атрымалася вельмі незвычайнай, але сімпатычнай. Сілуэт нагадваў тоўсценькі агурок, дзве рукі, дзве нагі. На галаве зверху нешта падобнае на невялікі шарык. Тварык прывабны, нават пацешны: авальныя вочы, прыпаднятыя бровы надаюць яму мілы, крыху здзіўлены выгляд. Рот таксама нагадваў авальчык, а самым дзіўным быў нос, які меў форму дудачкі.

— Які цудоўны малюнак! – Узрадвалася Улада. – Хто ж гэта ў мяне атрымаўся?

Дзяўчынка ўзяла аркуш паперы ў рукі, каб лепш разгледзець намаляваную істоту. Раптам папера задрыжала, а выява… аддзялілася, набыла аб’ём і саскочыла прама на стол. Стаіўшы дыханне, Улада назірала за тым, што адбывалася. Істота варухнулася, паглядзела дзяўчынцы ў вочы, а потым гучна і выразна сказала:

— Ву-ху!

Улада прыняла гэта за вітанне і таксама адказала:

— Ву-ху!

Істота прыязна ўсміхнулася, пайшла ўздоўж стала і пачала размаўляць на незразумелай мове.

— Гу! Бінутуту нана. За. Лукалулу дада. Ма! Футашаша пупу. Са…

— Прабачце, але я зусім не разумею, што вы гаворыце. – Сумна ўздыхнула Улада.

Істота спынілася, задумліва паглядзела на дзяўчынку і паўтарыла яе словы:

— Прабачце, але я зусім не разумею, што вы гаворыце…

Праз імгненне маленькі незнаёмец дадаў:

— Мова беларуская. Пераходжу на тваю родную мову. Будзем размаўляць.

— З вялікім задавальненнем! – Узрадавалася дзяўчынка. – А ты хто?

— Я твой новы сябар з далёкага космасу.

— Нішто сабе! – Здзівілася Улада. – А як цябе завуць?

Істота вымавіла такі дзіўны гук, які дзяўчынка і паўтарыць не змагла, бо ён сказаў гэта праз свой незвычайны нос-дудачку. Заўважыўшы, што Улада разгубілася, ён прапанаваў:

— Ты можаш называць мяне любым імем, якое прыдумаеш, я разумею, што маё сапраўднае імя для цябе такі гук, які ты паўтарыць не зможаш.

Дзяўчынка ўзгадала, слова, якое першае пачула ад госця з далёкага космасу: “ву-ху!”

— Я буду зваць цябе Вухуцік! – Прыдумала яна.

— Цудоўна! На маёй мове “ву-ху” азначае “Прывітанне”!

—  А мяне завуць Улада. – Прадставілася дзяўчынка. – Я жыву на цудоўнай планеце Зямля і вельмі люблю маляваць.

— Тое, што ты любіш маляваць — сёння выратавала мне жыццё. – Усхвалявана сказаў Вухуцік. – Я быў на дні нараджэння ў свайго сябра, які жыве ў другой частцы галактыкі. А калі вяртаўся на сваю планету, то трапіў у сапраўдную непагадзь. Узняўся моцны касмічны вецер, пайшоў метэорны дождж… Мой маленькі касмічны карабель трапіў у эпіцэнтр буры! Абломкі касмічнага смецця, якія ўзняў вецер, так моцна білі па маім карабліку, што ён ледзь не разваліўся на кавалкі. Мне стала страшна… Я ўявіў, як будзе плакаць мая мама, як будзе перажываць тата, калі са мной нешта здарыцца. А тым часам мой касмічны карабель проста гнала ветрам, круціла і шпурляла так, што мяне прыціснула да крэсла і немагчыма было паварушыцца. Наперадзе я ўбачыў страшную варонку – жарало чорнай дзіркі. Мяне несла прама туды! У той момант я падумаў, што больш ніколі не вярнуся дадому, не пабачу бацькоў. Сам не ведаю, як мне ўдалося дацягнуцца да кнопкі SOS і націснуць яе. Менавіта ты, Улада, убачыла мой сігнал, гэта ён замігцеў кропачкай на тваім аркушы паперы. Ты паставіла на яе аловак, значыць, пачула мяне. Тады мне заставалася толькі тэлепартавацца. Твой аловак спрытна забегаў па паперы і намаляваў мяне. Дзякуючы гэтаму я жывы і здаровы зараз расказваю табе ўсё гэта.

—  Вось дык справы! – Прашаптала дзяўчынка. – Мне здаецца я сплю і ўсё гэта мне сніцца. Хіба можа быць такое ў рэальнасці?

—  Можа! – Адказаў Вухуцік. – І я вельмі рады пабываць у гасцях на Зямлі. Мяркую, у вас тут шмат цікавага.

Улада з радасцю прыняла госця з космасу і за тыя некалькі дзён, якія ён правёў на Зямлі, імкнулася паказаць яму наша жыццё.

Вухуцік пасяліўся ў шуфлядзе пісьмовага стала. Улада паставіла там для яго лялечны ложак, на якім госцю, па яго словах, вельмі салодка спалася. Кожную раніцу ён вылазіў з шуфляды і вітаўся з дзяўчынкай:

—  Ву-ху!

—  Ву-ху! – Адказвала Улада.

Яны разам снедалі. Вухуцік пакаштаваў маннай ды аўсянай кашы, з задавальненнем піў кісель, кампот і гарбату і вельмі палюбіў дранікі са смятанкаю.

Хаваючыся ў партфелі, разам з Уладай ён некалькі разоў наведаў школу, паглядзеў як цікава на ўроках і весела на перапынках. Паназіраў, як гулялі ў футбол хлопчыкі.

—  Якая цудоўная гульня! – Дзяліўся ён уражаннямі са сваёй сяброўкай. – Абавязкова навучу гуляць у яе нашых хлопчыкаў.

Улада падарыла Вухуціку маленькі сувенірны футбольны мяч, якому ён вельмі ўзрадваўся.

Касмічны госць пабываў у музычнай школе на канцэрце і пачуў цудоўную музыку, якая не пакінула яго раўнадушным. Асабліва спадабалася яму “Купалінка” у выкананні яго сяброўкі Улады, якую яна цудоўна сыграла на цымбалах.

—  Я запісаў гэты канцэрт. – Сказаў Вухуцік дзяўчынцы. – Калі вярнуся дадому дам паслухаць яго ўсім-усім. А “Купалінку” абавязкова навучуся іграць. Для гэтага добра падойдзе мой нос-дудачка.

Улада пакатала Вухуціка на ровары. Гэты від транспарта быў незнаёмы для яго, але спадабаўся малечы.

— А ў нас увесь транспарт толькі лятаць умее! – З сумам адзначыў Вухуцік. – А я б таксама хацеў педалі пакруціць.

— А мне б хацелася мець касмічны карабель. – Марыла Улада. – Ну хоць самы маленькі! Я б на ім да зорак лятала, а можа і ў школу б таксама…

Звазіла Улада касмічнага жыхара на рэчку. Плаваць Вухуцік навучыўся адразу, як толькі ў ваду зайшоў. Вельмі спадабалася яму ныраць. Як нырнуў ён першы раз, то і прапаў, чым невымоўна напалохаў ён сваю сяброўку Уладу. Дзяўчынка кінулася ў ваду, шукала яго навобмацак, колькі даставала. А сэрцайка ад трывогі хутка-хутка забілася шчочкі расчырванеліся, яна ўжо і плакаць пачала. Вынырнуў Вухуцік побач з ёй.

— Як ты мяне напалохаў! – Лямантавала Улада. – Я думала, ты ўтапіўся!

— Што ты, я проста паглядзеў што там пад вадой робіцца і назад вярнуўся. Прабач, што вымусіў цябе хвалявацца.

— І што ты там рабіў так доўга? – Крыху супакоілася дзяўчынка.

— Прагульваўся. З рыбай пагаварыў.

— З рыбай? Пагаварыў? – Перапытала Улада. – І што яна табе расказала?

— Што завуць яе Плотачка, што такога цікавага экземпляра як я, яна ніколі не сустракала. Запрашала заўтра з раніцы сюды прыходзіць, казала, што на досвітку тут чарвячкамі частуюць.

— Ага, рыбакі, якія такую вось дурненькую рыбку ловяць, на патэльні смажаць і ядуць! – Адказала Улада.

Вухуцік хваляваўся за неразумную Плотачку, таму зноў вярнуўся ў рэчку, знайшоў яе і папярэдзіў, каб яна чарвячкоў не глытала.

Кожны вечар Улада і Вухуцік выходзілі на балкон. Яны доўга сядзелі і глядзелі ў начное неба. Шарык на галаве Вухуціка пачынаў мігцець мяккім жоўтым святлом.

— Гэта маленькі маячок. – Растлумачыў госць з далёкай планеты. – У цемры мяне можна заўважыць, такімі вось светлавымі сігналамі я і іншыя насельнікі нашай планеты можам размаўляць. А яшчэ вельмі зручна асвятляць дарогу, як ліхтарыкам.

Уладзе вельмі падабаліся такія вечары, вельмі хораша было сядзець з сябрам на балконе і глядзець у зорнае неба. Вухуцік гадзінамі мог расказваць пра зоркі, пра планеты, пра космас.

А потым, калі вочкі пачыналі закрывацца, яны ішлі класціся спаць. Улада адчыняла шуфляду, Вухуцік уладкоўваўся на лялечным ложку і развітваўся:

— Камін-мака!

— Камін-мака! Дабранач! – Адказвала Улада.

Адной раніцай дзяўчынка па звычцы адчыніла шуфляду і сказала:

— Ву-ху!

Але лялечны ложак быў пусты. Улада спалохана падумала, што Вухуцік паляцеў дадому і не развітаўся з ёй.

— Ву-ху! – Пачула яна ў адказ і супакоена ўсміхнулася.

Вухуцік сядзеў на кніжнай паліцы.

— Я думала, што ты вярнуўся дадому, нават не развітаўшыся са мной! – Падзялілася дзяўчынка сваімі перажываннямі.

— Я б так не зрабіў. Але мне сапраўды пара вяртацца дадому. – Адказаў Вухуцік.

— Што ты! Пабудзь яшчэ! – Папрасіла Улада.

— Я б з радасцю. – Уздыхнуў сябра. – Але там мама з татам зачакаліся. Мабыць, хвалявацца пачалі.

Улада разумела, што нельга хваляваць бацькоў. Ціхім голасам яна запытала:

— Калі ты паляціш?

— Сёння.

— А на чым? – З таемнай надзеяй вымавіла дзяўчынка. – Твой касмічны карабель паглынула чорная дзірка. Яго больш няма…

— Буду прасіць цябе дапамагчы мне. – Адказаў Вухуцік. – Намалюй, калі ласка, для мяне новы касмічны карабель. На ім я і палячу дадому.

Уладзе вельмі не хацелася адпускаць сябра, але што ж тут зробіш — заўсёды настае момант, калі трэба вяртацца дадому. Яна ўзяла альбом, алоўкі і села за стол. Вухуцік уладкаваўся побач. Дзяўчынка старалася, яна малявала касмічны карабель, які панясе яе сябра між зорак далёка-далёка ў космас, на яго родную планету. Касмічны карабель атрымаўся цудоўны. Па форме авальны, з мноствам ілюмінатараў, праз якія можно разглядаць касмічныя пейзажы. Улада вырашыла размаляваць лятальны апарат і аздобіць яго малюнкамі. На добры ўспамін яна пакінула на ім выявы, якія нагадаюць Вухуціку той час, які ён правёў на Зямлі. На борце карабля з’явіўся футбольны мяч, ровар, цымбалы з ноткамі, Плотачку ў рэчцы.

— Як прыгожа! – З замілаваннем прашаптаў Вухуцік.

— Каб не забыўся пра тое, што тут убачыў. – Адказала дзяўчынка.

— Напішы назву карабля. – Папрасіў сябар.

— А як ён называецца?

— Улада. – Адказаў Вухуцік.

Дзяўчынка адчула, што вось-вось расплачацца. Касмічны карабель з яе імем паляціць на далёкую планету…

Надпіс “УЛАДА”, аздоблены бела-чырвоным беларускім арнмаентам, быў зроблены.

— Што ж, будзем развітвацца. – Сумна сказаў Вухуцік. – Мне пара тэлепартавацца.

— Ужо? – Голас дзяўчынкі дрыжаў.

— Ужо. – Рэхам адказаў Вухуцік.

— Бывай! Камін-мака! – Сказала Улада.

Шарык на яго галаве замігцеў.

— Камін-мака! Дзякуй за ўсё!

Вухуцік падыйшоў да намаляванага касмічнага карабля, пацягнуў за ручку на дзвярах і… яны адчыніліся. Ён увайшоў і шчыльна зачыніў за сабой дзверы. Праз імгненне Улада ўбачыла сябра ў ілюмінатары. Ён памахаў ёй, дзяўчынка адказала тым жа. Улада заўважыла, што выява карабля і Вухуцік у ілюмінатары пачынаюць знікаць. Мінула хвіліна і ад яркага малюнка застаўся толькі слабы след.

— Тэлепартаваўся. – Адзначыла Улада. – У добры шлях!

Дзяўчынка зноў узяла алоўкі і намалявала той самы касмічны карабель, а побач з ім Вухуціка.

Гэты малюнак у рамачцы вісіць у пакоі Улады. Яна глядзіць на яго і ўзгадвае свайго незвычайнага сябра, які аднойчы завітаў да яе ў госці.