Ірына Кавалёва. Расія. Вершы

 

КАВАЛЁВА  ІРЫНА  УЛАДЗІМІРАЎНА 

Паэт, перакладчык, журналіст, кіраўнік секцыі мастацкага перакладу і член праўлення Саюза перакладчыкаў Расіі, член Саюза пісьменнікаў Масквы і Клуба пісьменнікаў Цэнтральнага дому літаратараў (ЦДЛ), арганізатар і вядучая літаратурнай гасцёўні ў ЦДЛ «На скрыжаваннях светаў», сузаснавальнік Незалежнай пісьменніцкай асацыяцыі «Лютня  Арыёлы», ганаровы член Міжнароднай культурнай асацыяцыі «Лігурыя-Русо» і Рускага дома мастацтваў імя Сцяпана Эрзі ў Генуі, арганізатар і мастацкі кіраўнік міжнародных фестываляў мастацтва СТВ «Генуэзскі маяк» і «Стэпавая ліра» ў станіцы Новапакроўская, а таксама літаратурнага фестывалю «Дзеці трэцяга тысячагоддзя» ў Маскве, лаўрэат Міжнароднай Рускай прэміі (Чэхія), Вялікай прэміі Міжнароднага літаратурнага фонду імя Мілана Фюшта Венгерскай акадэміі навук, а таксама літаратурных прэмій  гуманітарнага фонду імя А. С. Пушкіна, Міжнароднага фестывалю славянскай паэзіі «Поющие письмена» і часопіса «Кольцо А» Саюза пісьменнікаў Масквы.

Аўтар кніг вершаў «Чацвёртая Троя», «Кесарава сячэнне», «Ордэн Шпітальераў», «Terra Italica», «Краіна стракоз», «Карта памяці», «Лігурыйскі заліў», «Я сёння намалюю буйнаспелую хвалю». 

 ПАЛІ ЛАВАНДЫ

Кране нас вірус – мы хварэем,

Баімся пылкавых атак.

Зямля задумвалася раем,

Ды раптам штось пайшло не так!

То рак, то выразаюць гланды,

То лейкацыты на нулі,

Ды паўстаюць палі лаванды

Куточкам раю на зямлі.

І, нібы лекі ад прастуды,

Пальецца з іх паток святла.

І раптам – гэта проста цуды! –

Свірэпка крыжыкам ўзыйшла,

Баркун сядзіць кусточкам бляклым,

Сардэчнік, жаўтазель і мак…

 

… Зямля задумвалася пеклам,

Ды раптам штось пайшло не так. 

СТРАКАЗА

Узрушана таўкуцца мошкі,

Пруд бурбуліць – то глею ўздых,

Бо дробная жадае сошка

Быць з любым побач – удваіх.

 

Я пела… Лета праляцела –

Ды не адно, а сорак год!

Цяпер гляджу я ачмурэла

На снегу зімні карагод.

 

…Я страказа – на крыльцах стразы

З расцёртага ад цацак шкла –

Скакала я ў садочку разам

З усімі дзецьмі, як магла.

 

Прыйшлі бацькі тады ўсе нашы

Ў тэатр дзіцячага садка.

Я ж ненавідзела мурашку –

Уласніка-працаўніка.

 

І хай мяне спасцігне кара –

Гіены вогненнай агмень:

Люблю ўсё, што даецца дарам –

Як гэта рыфма ці прамень.

 

Люблю нядзелю і суботу,

На тыдні – лепшыя яны:

Да сёмага круціцца поту,

Дальбог жа, можа і дурны.

 

Ён, як мураш той, па каменні

Паўзе без сіл – так мае быць…

Ды подых лёгкага натхнення

Сачком старання не злавіць.

 

Люблю я лёгкія пасылы –

Без пад’яджання на казе.

Бо не здарма прыладзіў крылы

Бог не мурашцы – страказе.

 

ТЫГРЫ ЎЯЎЛЕННЯ

 Мяжа тупасці – маляваць яблык як ён ёсць.

 Намалюй хоць бы чарвяка, скатаванага любоўю,

 і лангусту, якая танчыць з кастаньетамі,

 а над яблыкам няхай пырхаюць сланы,

 і ты сам убачыш, што яблык тут лішні.

 

Сальвадор Далі

Над яблыкам кружляюць элефанты.

У ложках, бы лічынкі, спяць інфанты.

Лангусты адышлі ад стылю кантры –

І скачуць вольна ў рытме кастаньет.

А чарвякі, нібыта тыя гранды,

Каханнем стомленыя, аглядаюць свет.

 

Ды толькі тым, хто думае, як група,

Не дапаможа ўбачыць нават лупа,

Што маляваць, што бачыш, гэта глупства –

Кузурку, птушку, яблыкі ці ліст.

Няхай жа вырасце на дрэве міска супу,

І караед у ёй хай танчыць твіст.

 

Забі на рыфму «кошка» і «дарожка»,

Знайдзі, дадай яшчэ ўяўлення трошкі –

У крэсле хай жаночай стане ножка.

Убач, мастак, што стаў квадратным шар!

Спі, як Далі, з ключом, і не на ложку,

І замалюй няўлоўны сон-кашмар.

 

Кладзіся спаць не вечарам, а зранку,

Не вер агульным заклікам-падманкам,

Еж на нач не вячэру, а сняданак,

Ўсе – белы грыб, а ты бяры паганку –

Рабі не так, як робіць цэлы свет.

Тады ў лангусце ўбачыш ты іспанку

І будзеш божай міласцю паэт.

 

УСМЕШКА ГАГАРЫНА

 На лакавым вечку шкатулкі – Плісецкая:

іголкі ўсярэдзіне, звонку – балет.

Ангарская вуліца часу савецкага,

зіма, час вакацый, і хутка  – абед.

Не бегала ў нас кацянятка гуллівае,

каб ад алергіі мяне зберагчы.

Малюю Шчаўкунчыка вельмі цярпліва я.

Што брат маляваў? – Памяць ціха маўчыць.

 

Пакой наш здаваўся вялікім – я мерала

яго сваім позіркам юным тады.

Жыла я ў краіне савецкай і верыла:

чакаюць наперадзе шчасця гады.

Нікога Радзіма ў бядзе не пакінула –

яна не стварала рабоў іпатэк.

Там Зоя ў вайну гераічна загінула

за тое, каб вольна тут жыў чалавек.

Чыталі ўсе шмат. Быў закон – ажаніцца на

тых, без каго апусцее зямля.

Хавалі ў стале самвыдат Салжаніцына,

ўсе грошы – на кнігі – амаль да рубля.

Зацьмення яшчэ тут не ўзнікла прароцкага –

Не апанавала свет слова “бабло”,

І толькі з пласцінкі нам голас Высоцкага

Хрыпеў, што ўжо нас не туды панясло…

Шчэ доўга расці да значка камсамольскага…

Усходняму блоку сканчэння няма…

Прымаем цукеркі ад боку мы польскага…

Халодная нас ахінае вайна.

Хай кажуць, што ў чадзе мы жылі, у марыве,

Вакол нас падману кружляў дзікі рой,

Але ж з тых часоў ззяе ўсмешка Гагарына –

Нібы візітоўка краіны маёй.

 

СЯМЕЙНЫ ФОТАЗДЫМАК

 У таты на лацкане ромб са змяёй,

Бабуля ж – напаўпаварота.

Мы неяк прыйшлі ў атэлье ўсёй сям’ёй,

Каб зняць чорна-белае фота.

 

Матуля калісьці звязала сама

Сукенку прыгожую лоўка

З бавоўны, адхопленай дзесь задарма, –

І ўсім даспадобы абноўка.

 

Яна тут – яшчэ маладая зусім –

Глядзіць у аб’ектыў апарата.

Мне толькі чатыры, а ёй дваццаць сем,

Няма шчэ й малодшага брата.

 

Дзядулі няма – не прыйшоў ён з вайны, –

Аплаканы жонкай, сынамі,

Здавалася мне (мо й няма тут маны?),

Што ён назірае за намі.

 

Што ён не ў зямлі – у край іншы зляцеў,

У свет запаветны, адвечны.

І ліўся анёлаў узвышаны спеў

Адтуль на мяне – на малечу.

                                                                               Пераклад з рускай мовы Святланы Быкавай

Крыніца: “Созвучие”