І.Муравейка. Вершы

Крыніца

Заўсёды бруіцца

І кліча напіцца

Лясная крыніца –

Жывая вадзіца.

І нават зімою

Ў марознай сінечы

Пульсуе зямное

Крынічнае сэрца.

Чаканне

Зімой вясны чакае плуг.

Вясной касы чакае луг.

Чакае скульптара валун.

Чакае добрых дроў калун.

Чакае пэндзаль мастака.

Цвікі чакаюць малатка.

Чакае пушча грыбнікоў.

І кветкі – пчол-медавікоў.

Буйных зярнят чакае мех.

Дзяцей чакае ў цырку смех.

Дажджу чакае парасон,

Чакае ўсіх у ложку сон.

Чакае міска чарпака.

Чакае лыжка едака.

А я над рэчкаю сумую –

Чакаю рыбку залатую.

Вецер вуліцу падмятаў

Вецер вуліцу мёў-падмятаў –

Пеці, сябру свайму, памагаў.

Дзе б ні быў непаседлівы вецер,

Усім дзецям расказваў пра Пецю:

_ Ён такі майстравы і старанны:

Змайстраваў мне вятрак паслухмяны

І да вільчыка прымацаваў,

Каб ад смутку мяне ратаваў.

Прызнаюся, цяпер часцяком

Забаўляюся я з ветраком.

Уюн

Выдумляць я вам не буду…

Трапіў раз мне ўюн на вуду

І не мезенец, а ладны

І на хітрыкі быў здатны.

Каб уюн з садка не ўцёк,

Я пусціў яго ў мяшок.

Праз хвіліну паглядзеў –

Хітруна няма нідзе.

А ён – бачу – па траве,

Нібы па вадзе, плыве.

— Што ж, — кажу, — дамоў вяртайся,

— Толькі больш не пападайся.

Не праганяйце

Не праганяйце кошак і сабак,

Калі яны прыйшлі да вас у госці.

Яны у кожнай хаце – добры знак,

Яны прыносяць радаснае штосьці.

Прылашчыце і накарміце іх,

І дайце, па магчымасці, прытулак.

Сябры, без іх, даверлівых такіх,

Нам на зямлі было б зусім няўтульна.

Не праганяйце кошак і сабак:

Яны у кожнай хаце – добры знак.

Вясёлы шчупак

У затоцы адной

Жыў гарэза шчупак –

Ад цямна да цямна

Ён прыгодаў цукаў.

Анікому жыцця

Весялун не даваў…

То загоніць на дно

Верхаводак-сяляў,

То карасіка зловіць:

“Не драмі, не зявай…”

Патрымае за хвосцік

І адпусціць: “Гуляй…”

А то сома самога

У бок штурхане:

“Калі ласка, мяне

Павазі на спіне”.

А нядаўна стралой

Узляцеў зух-шчупак

І – у лодку упаў,

Дзе драмаў дзед-рыбак.

У затоцы цяпер

Жыццё стала другім –

Цішыня і спакой.

Толькі сумна

Усім…

Няма каментарыяў

Добавить комментарий

Ваш email не будзе апублікаваны.