І.Карнаухава, М.Шапавалава, Ю.Нераток. Заблытаўся сярод навін

З гумарам пра сумнае

З гумарам пра сумнае

«Сучасная літаратура, асабліва беларуская, не надта багатая арыгінальнымі праектамі. Чамусьці забываецца, што развіццё яе адбываецца дзякуючы нефармату, авангарду, новым формам і больш складаным схемам. Зразумела, не кожны творчы эксперымент мае поспех, асабліва непасрэдна пасля яго абнародвання. Аднак любы эксперымент стварае прэцэдэнт, робіць больш разнастайнай літаратуру і нярэдка мае працяг, а часам становіцца новым стылем, жанрам, накірункам», – мудра сцвярджае паэтэса Марына Шапавалава ў прадмове да незвычайнага кніжнага праекта – «творчага рэагавання» трох аўтараў на злабадзённыя падзеі сучаснасці. Кніга «Заблытаўся сярод навін…» – паэтычны трыялог, саўдзельнікамі якога выступаюць творцы розныя ў сваім аўтарскім стылі, але аднолькава дасціпныя. Ірына Карнаухава – кіраўнік творчага аб’яднання «Жывіца», актыўны арганізатар літаратурна-музычных імпрэз, аўтар вершаў, п’ес, тэкстаў для песен. Юрась Нераток – вядомы ў Беларусі ўдумлівы паэт, празаік, байкапісец. Марына Шапавалава – аўтар лірычна-сугестыўнай паэзіі. Аднак кожны свядомы творца не можа абысці ў сваім творчым выказванні, у «прамове да Сусвету» актуальнага, надзённага. Гаварыць вуснамі свайго пакалення, намагацца пераасэнсаваць лёс народа, чалавецтва – гэта, бадай што, галоўная задача пісьменніка. Але і рабіць тое трэба часам з іроніяй, гумарам. Ратуючы сябе і чытача ад песімізму і адчаю.

Выданне «Заблытаўся сярод навін…» – своеасаблівы паэтычны альбом, ілюстрацыямі да якога выступаюць арыгінальныя фотаздымкі саміх аўтараў, зробленыя фотамастаком Міколам Ліннікам. Пад навінамі з сусветнай павуціны змешчаны паэтычныя творы – рэакцыі ўдзельнікаў «трыялогу». І рэакцыі, трэба адзначыць, свежыя, цікавыя, а часам і вельмі нечаканыя. Вось, да прыкладу, вядомая навіна: «Легендарный вор стал буддистским монахом». Юрась Неротк смела і дасціпна сцвяржае ў адказ:

Брыльянты не купляюць з мазалёў –

Відаць, пра гэта ведае і Будда.

Таму для пакарання круцялёў

Паслаў да іх з візітам Робін Гуда.

Ці вось яшчэ: «В Калининграде грабитель сломал прохожему пальцы и съел его деньги»:

І рызыкнуў, і зведаў грошай смак –

Бязлітасны сюжэт з жабрацкай долі.

І забываецца пра тое, што няўзнак

Інфляцыя зжырае значна болей. (Ю. Нераток)

Бяруцца паэты і за тэмы вельмі сумныя, нават трагічныя. І тады ўжо не да жартаў… Шчырым спачуваннем поўняцца радкі рэакцыі паэтаў на паведамленне: «В Новополоцке при родах умер младенец, мать винит врачей»:

* * *

Я понимаю мамы боль:

Её малыш родился мёртвым!

И на подушке влажной соль

Горючих слёз…

Весь мир стал чёрным!

И приговор: «Виновен врач!»

(Куда ни кинь – конец известный!) –

Сегодня прозвучит сквозь плач

Той бедной мамы безутешной.

Дай Боже, чтоб утихла боль

И появилось пониманье,

Что каждый исполняет роль –

Свою –

В безбрежном мирозданье… (М. Шапавалава)

 

…Только с таинством чудным ушла вдруг душа –

Тельце мёртвое тихо лежит, мать страша.

Почему так случилось? За чьи же грехи

Юных – мать и отца – наказали верхи? (І. Карнаухава)

Такім чынам, зборнік «Заблытаўся сярод навін…» – гэта і своеасаблівае асэнсаванне вясёлых, сумных, часам абсурдных навін нашага часу, падвядзенне вынікаў году, і ўнікальная літаратурная з’ява. Паўнавартасныя паэтычныя творы і кароткія вершаваныя каментары ствараюць панарамную карціну мыслення сучаснага чалавека, які намагаецца нешта зразумець у бясконцым інфармацыйным патоку, выдзеліць важнае, лёсавызначальнае, «вывесці мараль». А гумар у гэтай нялёгкай справе – добры дарадца. Умець смяяцца з і сябе, і з сучаснікаў – значыць заставацца жывым, чуйным да зменаў, мець крытычнае мысленне. Таму пажадаем аўтарам праекту не спыняцца на дасягнутым і зноў здзіўляць нас абсягамі творчай фантазіі.

Юлія Алейчанка

«Созвучие»

Паэтычны трыялог “Заблытаўся сярод навін…”

Паэтычны трыялог “Заблытаўся сярод навін…”. Так называецца калектыўны паэтычны праект, падрыхтаваны трыма аўтарамі – Ірынай Карнаўхавай, Марынай Шапавалавай і Юрасём Нератком. Кніга “Заблытаўся сярод навін…” – нечаканая і новая з’ява ў нашай літаратуры, якую можна аднесці да эксперыментальнай паэзіі. Бо гэты праект з’яўляецца творчым рэагаваннем паэтаў на стужку навін пэўнага прамежку часу.

Да густу прыйдзецца аматарам паэзіі і афармленне, і гумарыстычная інтэрпрэтацыя матэрыялу, і змест зборніка, нягледзячы на тэматычную разнапланавасць знойдзеных у інтэрнэце матэрыялаў. А навін многа. Як, да прыкладу: “На Камчатке открылся снежный отель”, ці “Пингвин ежегодно приплывает за 8 тысяч километров к человеку, который 5 лет назад спас ему жизнь”, ці “В руке бъется чужое сердце. Молодой врач в Марьиногорской районной больнице в одиночку провел сложную операцию”. (Усе 52 знойдзеныя ў інтэрнэце навіны поўнасцю можна прачытаць у канцы зборніка, каб склалася праўдзівае ўяўленне пра кнігу і яе аўтараў).

А тэматычная разнастайнасць патрабавала і жанравай разнастайнасці вершаў-водгукаў: ад высокай грамадзянскай і філасофскай лірыкі да лірычных замалёвак і саркастычна-гумарыстычных вершаў. А “вывад-вынік” Юрася Нератка быў своеасаблівым афарызмам пасля жаночых “охаў-ахаў”: па-мужчынску дакладны, кароткі, часам – жорсткі.

Відавочная двухмоўнасць зборніка. Але гэта – толькі на карысць для шырокага кола чытачоў.

І, нарэшце, хто ж яны, якія “заблыталіся сярод навін”? А проста –  харошыя людзі, шчырыя сябры і таленавітыя паэты (ды яны самі раскажуць пра сябе, варта толькі адгарнуць 128 старонку кнігі).

Віктар КАЖУРА, настаўнік беларускай мовы і літаратуры дзяржаўнай установы адукацыі “Вілейская гімназія № 2”

«Шлях перамогі»

Няма каментарыяў

Добавить комментарий

Ваш email не будзе апублікаваны.