“…І гэта – не перасцярога, адно толькі – знакі ад Бога”. А. А. Збароўскі (Польшча)

РЭСПУБЛІКА ПОЛЬШЧА

Адам Альфрэд ЗБАРОЎСКІ

“…І гэта – не перасцярога,
адно толькі – знакі ад Бога”

Адам Альфрэд Збароўскі, паэт, фотамастак, нарадзіўся ў Варшаве ў 1979 годзе, закончыў Варшаўскую вышэйшую гуманістычную школу  па спецыяльнасці “культуразнаўства”. Свае здольнасці ў паэзіі пачаў праяўляць яшчэ ва ўзросце 10-ці гадоў, але па ўнутранай сціпласці чытачу прадэманстраваў сябе толькі ў выглядзе нешматлікіх публікацый ў перыядычным друку. У галіне фотамастацтва ўпершыню распачаў праяўляць сябе ў Нью-Ёрку, дзе пражыў некалькі гадоў. Там яго фотаработы былі заўважаны і ацэнены на чатырох мясцовых выставах.
У канцы 2012 года А. А. Збароўскі апублікаваў фотарэпартаж “Пасля ўрагану” праз бібліятэку ў Квінзе. Гэта быў фотарэпартаж разбурэнняў, зробленых ураганам “Сэндзі”* ў паўднёвай частцы Нью-Ёрка. Адразу пасля гэтага фотапрацы А. А. Збароўскага пачалі рэгулярна змяшчацца ў Нью-Ёркскай газеце “The Wave” “Хваля”. З 2012 па 2013 год супрацоўнічаў з гэтым выданнем як фотакарэспандэнт.
Пасля вяртання ў Польшчу ў 2014 годзе, да сённяшняга дня прафесійна займаецца фатаграфіяй, яго фотапрацы ў шматлікай колькасці змешчаны ў кнігах, фотаальбомах, а таксама на вэб-сайтах. Паралельна працуе як аніматар культуры.
За гэты час А.А. Збароўскі стаў уладальнікам двух галоўных ўзнагарод у галіне фотамастацтва і дзесяці адзнакаў у нацыянальных і міжнародных конкурсах фатаграфіі.
Падчас наведвання Мінска зрабіў серыю фотапрац “Мінск у тумане і адлюстраваннях”, якую мастак плануе экспанаваць у Беларусі.
Жыве ў Варшаве.
Вершы піша на польскай і англійскай мовах.
Увазе чытача прапануецца верш, напісаны аўтарам ва ўзросце 17-ці гадоў, а таксама некаторыя фотапрацы А.А. Збароўскага з серыі “Мінск у тумане і адлюстраваннях”

_______

*Ураган «Сэндзі» (англ. Hurricane Sandy) – магутны трапічны цыклон, які ўтварыўся ў канцы кастрычніка 2012 года і які закрануў Ямайку, Кубу, Багамскія выспы, Гаіці, узбярэжжа Фларыды і, пасля, паўночны ўсход ЗША і ўсходнюю Канаду. Найбольш цяжкая шкода была нанесена ў паўночна-усходніх штатах ЗША, у прыватнасці ў штатах Нью-Джэрсі, Нью-Ёрк і Канэктыкут.
Марыя КОБЕЦ

 

***
Прыснілася гэта калісьці, я знаю,
у розуме, мабыць, стварыў я дазвання,
прарэзаў на целе ініцыялы жыцця,
і зноўку адкрыў я спазнанне быцця.

Я жыў увесь час у гэткай пустэчы,
але ці змянілася штосьці, дарэчы?

Ці новага свету праменні
заб’юць праўду свету ў зацьменні?
І дзееца гэта на сцэне
пад назвай кароткай “Збавенне” –
Свядомасці крок, аднаўленне,
і сэнсу жыцця разуменне,
як подых наноў, спасціжэнне,
як Будды праўдзівае тхненне**.

І людскія сны між слаты,
а ў іх толькі Мы – Я і Ты.
Мінаюць гады, нібы дні,
у моры пралітай крыві.
Чаму ў гэтай хворай сістэме
жывём, сеем мору насенне?
За што продкі склалі галовы?
Ці з імі Багі іх нанова?

Я бачу ўвесь свет у апантанасці,
ад косці да косці ў заганнасці,
у цэлай яго дасканаласці.

Паведай, ці можаш глядзець паўз знямогу,
жыццёвую плынь бачыць поглядам Бога?

Канец і пачатак жыццёвай дарогі…
І гэта, напраўду, – не перасцярога,
І гэта адно толькі – знакі ад Бога.
Але не шукайце ў ім ворага злога.

_________

** Тхненне  (у польскай мове) – дыханне.

1997г.
               Пераклад з польскай мовы Марыі КОБЕЦ