Генадзь Аўласенка. Казка пра тое, як Павучок з Ветрыкам пасябраваў

Жыў на адной палянцы Павучок, які з самага дзяцінства марыў аб палётах.

Але аднойчы Павучок даведаўся, што павукі таксама могуць лётаць пры дапамозе павуцінак. Ён вельмі ўзрадаваўся. Узабраўся на высокую былінку, змайстраваў доўгую нітку-павуцініну і, абхапіўшы яе ўсімі сваімі лапкамі (а лапак у павукоў роўна восем), узняўся ў паветра.

Але, на жаль, гэта быў зусім не такі палёт, аб якім усё жыццё марыў наш Павучок. Бо вецер, вялізны і магутны, імчаўся кудысьці па сваіх асабістых справах, а зусім не туды, куды хацелася б патрапіць маленькаму Павучку. Наш герой з жахам убачыў, што адлятае з ветрам усё далей і далей ад роднай палянкі.

Добра яшчэ, што павуцініна зачапілася за галінку бярозы, і наш Павучок спрытна перабраўся на дрэва. Павучок уздыхнуў і з сумам зірнуў туды, дзе за дрымучымі лясамі, бясконцымі лугамі і балотамі засталася ягоная родная палянка. Няпроста будзе яму зноўку туды патрапіць!

Раптам Павучок заўважыў, што на суседняй з ім галінцы таксама хтосьці знаходзіцца. А калі прыгледзеўся больш уважліва, то зразумеў, што ягоны сусед – вецер. Так, так, вецер, дакладней, ветрык, бо гэта быў зусім маленькі вецер.

Ветрык горка плакаў. Павучок пацікавіўся, хто яго пакрыўдзіў.

– Ніхто! – усхліпваючы, прамовіў Ветрык. – Проста мне вельмі сумна.

– А чаму?

– Бо ў мяне няма ніводнага сябра, а яшчэ я з-за сваіх мізэрных памераў не магу прыносіць аніякай карысці.

– Не плач! – усклікнуў Павучок. – Я, здаецца, ведаю, як можна табе дапамагчы! Я стану тваім сябрам і змайструю зараз сабе новую нітку-павуцініну. А ты падхопіш яе разам са мной і панясеш вунь у той бок. Гэта будзе вельмі карысная справа!

Ветрык імгненна пагадзіўся.

Павучок ляцеў, пазіраў уніз і ціха радаваўся. І таму, што ягоная мара аб палёце збылася, і таму, што займеў добрага сябра.

«Вясёлка»

Няма каментарыяў

Добавить комментарий

Ваш email не будзе апублікаваны.