Ганарыцца Нізок, ганарыцца Уздзеншчына. Да 120-годдзя Паўлюка Труса

У Уздзенскай цэнтральнай раённай бібліятэцы адбылося літаратурна-музычнае свята, прысвечанае 120-годдзю з дня нараджэння Паўлюка Труса. І гэта невыпадкова, бо імя славутага земляка з 1960 года носіць і сама ўстанова культуры. На мерапрыемстве прысутнічала шмат гасцей.

– Гэта свята не толькі Узды, раёна, але і ўсёй Беларусі, – адзначыў паэт, галоўны рэдактар часопіса “Полымя” Віктар Шніп. – Паўлюк Трус пісаў свае вершы сто гадоў таму, а і сёння яны чытаюцца так, нібы напісаныя ўчора. У айчыннай літаратуры мала творцаў, якія па свайму таленту, майстэрству маглі б з ім параўняцца.

Вершаваную пастаноўку пра жыццё Паўлюка Труса на словы уздзенскага паэта Віктара Сабалеўскага паказалі прысутным удзельнікі тэатральнай студыі “Вітамін” Уздзенскай СШ №2 імя К. Крапівы пад кіраўніцтвам Марыны Шыцікавай. Нараджэнне паэта, яго дзяцінства, вучоба ва Уздзе, студэнцкія гады, літаратурная дзейнасць у сталіцы і пахаванне – усе этапы жыцця адлюстраваны ў пастаноўцы.

Цёплыя словы сказаў старшыня Мінскага абласнога аддзялення Саюза пісьменнікаў Беларусі Леанід Крыванос. Ён адзначыў, што пражыў Паўлюк Трус мала, усяго 25 гадоў, пры жыцці выдаў дзве кніжкі, але на яго творах выхоўвалася не адно пакаленне, яго творчасць – прыклад сучасным літаратарам як трэба пісаць і  адносіцца да літаратурнай справы.

Пра тое, што робіцца па захаванню спадчыны паэта ў сталіцы расказалі пісьменніца, даследчыца яго творчасці, ганаровы архівіст Рэспублікі Беларусь Ганна Запартыка, супрацоўнікі Нацыянальнай бібліятэкі нашай краіны Юлія Амосава, абласной бібліятэкі імя А. Пушкіна Таццяна Лаўрык, літаратуразнаўца Аксана Данільчык. Выступіла і кіраўнік раённай бібліятэкі Аксана Драчан. Яна расказала пра новыя здабыткі аб славутым земляку.

Удзел у святочным мерапрыемстве прынялі і уздзенскія прадстаўнікі Мінскага абласнога аддзялення Саюза пісьменнікаў Беларусі Галіна Нічыпаровіч, Віктар Сабалеўскі, Зоя Калкоўская, Валянціна Шытыка.

Па інфармацыі Віктара Сабалеўскага