Г. Нупрэйчык. Загадкі
* * *
Загадаю вам загадку:
Хто нясе на спінцы хатку,
Мае тоненькія рожкі,
Клейкі след ад брушка-ножкі? (Слімак)
* * *
У падземных норках ходзіць,
На падворку ўзгоркі робіць.
Перарыты агарод –
Завітаў у госці … (крот).
* * *
Не баіцца ён нікога –
На спіне іголак многа.
На сцяжынцы – тупат ножак.
Па грыбы сабраўся… (вожык).
* * *
То з хваінкай, то з галінкай
Да сяброў бяжыць хутчэй.
Лапкі ўвішныя і спінка.
Любіць працу… (муравей).
* * *
На крыльцах чырвоненькіх –
Чорныя кропкі.
Без рожак галоўка
У божай… (кароўкі).
* * *
Робіць белай ён зіму,
Коўдрай сцелецца ў мароз.
А вясна нясе яму
Ручайкі і лужы слёз. (Снег).
* * *
З-пад снегу ляснога да сонца імкнуцца.
Блакітныя вочкі пяшчотна смяюцца.
І дыхаюць свежасцю, свецяцца ўзлескі –
Вясну маладую вітаюць… (пралескі).
* * *
Суніцы, чарніцы рассыпаў
І кветкі духмяныя ліпаў.
Купацца на рэчку паклікаў
Гарэзлівы сонечны… (ліпень).
* * *
Мяч аранжавы ляжыць
Паміж градкаў, на мяжы,
Ды не ўмееён скакаць –
Тоўсты, цяжкі – не падняць.
Быў зярняткам гэты груз –
Спеў да восені… (гарбуз).
* * *
Вёдры, кошыкі, мяшкі –
Бульба, морква, буракі.
Шмат у восені турбот –
Выбірае… (агарод).
* * *
Увіхаюцца, шчыруюць,
Дом сям’ёй усёй будуюць.
То хваінкі, то галінкі
Грузяць хуценька на спінкі.
Бег імклівы, груз не цяжкі.
Працавітыя … (мурашкі).
* * *
Кветкай на дрэўцы яна любавалася,
У падарунак нектар прыняла.
Доўга ляцела і дома ўвіхалася –
Ліпавы мёд гатавала… (пчала).
* * *
За лапкамі нітачка ў’ецца.
Няма ні клубочка, ні рук,
А сетачка-хатка пляцецца –
Жыллё сабе ладзіць… (павук).
* * *
Без вады ён вымывае
Лапкі, спінку і жывоцік.
На мышэй не паглядае –
Любіць “Whiskas” есці… (коцік).
* * *
Узімку на снезе зусім непрыкметны,
На шэрым пяску будзе шэрым улетку.
Ён футрачка колер старанна мяняе –
Баіцца ваўка і ад ліскі ўцякае. (Заяц).