Г. Нічыпаровіч. Вершы

Маёй Уздзеншчыне

Той, чый позірк спыняўся аднойчы

На разлогах уздзенскіх мясцін,

Дзе натхненнем напоены ночы

І блукае сівы ўспамін.

Дзе бярозкам пляце вецер косы.

А зязюля налічыць гады,

Зорак пацеркі сыплюцца ў росы

Ды шумяць чараты ля вады.

Прыкіпіць ён душой назаўсёды:

У палон забярэ прыгажосць,

Нёман з Вусай нясуць све воды,

Кожны тут гаспадар, а не госць.

Васільковыя вочы-азёры

Углядаюцца ў неба блакіт,

Першы промнік гарачы, вясновы

Зноў цалуе травы аксаміт.

Па-над полем і па-над лугамі

Ладзіць песню ад рання жаўрук.

Не прывыкнуць мне нават з гадамі,

Прыгажосць гэту піць з тваіх рук.

Чаканне сустрэчы

 Куточак мой родны,

Дзе думкі начуюць,

Дзе боль і тугу маю

Сэрцам адчуюць,

Пяшчотай і ласкай

Мяне сустракаеш,

Я рэдка бываю,

А ты ўсё чакаеш.

Калыска дзяцінства,

Юначыя мары,

Рачулкі сцяжынка,

Лясныя абшары,

Бацькоўская хата,

Буслянка ля бэзу,

Вы помніце тую

Дзяўчынку-гарэзу?

Гадам не вярнуцца,

Бо так не бывае.

А сэрца ўсё помніць,

Чагосьці чакае.

Чакае сустрэчы

Ў мінуты растання,

Жыву і малюся

На гэта спатканне.

Бывай ці … чакай?

 У бяздонні

Тваіх вачэй

Загайдалася

Просінь неба.

У сутонні

Доўгіх начэй

Ты ўсё клічаш.

Ці ж ёсць патрэба?

Прагучыць

Душы маёй крык,

Сціхне нейдзе

У вершалінах,

Успамін мой

Паміж ялінаў

Паблукаў,

Паблукаў і… знік.

Ахіне

Зноў мяне нуда,

Праз гады

Праляжа чаканне

Непрызначанага

Спаткання,

Час міне,

Ці ж міне бяда?

У бяздонні вачэй –

Адчай,

Згасне хутка

Надзеі свечка,

Сустракаю

Самотна вечар.

Зноў адна.

Бывай ці… чакай?

*   *   *

Калі існасць

Струну кранае –

Зарапад.

У чаканні

Вечнасць лунае –

Крок назад.

Безвыходнасць

Свечкай згарае –

Чысціня.

Прамяніста

Сумленне ззяе –

Вышыня.

Вёска

 Аджывае вёска

Коміны-набаты,

А душа смуткуе,

Просіцца дахаты.

Ашалелы вецер,

Нібы ў танцы-твісце,

На макушцы вязаў

Адрывае лісце.

Зараслі сядзібы

Лебядой, асотам…

Выбітыя вокны

Пад струхлелым плотам.

Вуліцы шырокай

Як і не бывала,

Дзе мяне матуля

Кожны раз страчала.

І буслы гняздзіцца

Там зусім не хочуць,

Ля пустой хаціны

Болей не клякочуць.

Сумнымі вачыма

Хата пазірае

У маё дзяцінства –

І мяне чакае.

Не адпускай…

 Не адпускай мяне, жаданне,

У вірлівым водары лугоў,

Дзе прыгажосць без берагоў,

Тут нават не патрэбна слоў,

А толькі ласкі і каханне.

Хай дзве душы ў таямніцы

Гайдаюцца на крылах ночы.

Узаемнасцю гавораць вочы,

Ды толькі зоркі не сурочаць

І за ракою бліскавіцы.

У дрыготкім бэзавым тумане

Адчуць пяшчоты крыл узмах,

Не зведаць, што такое жах,

Узляцець на золку, нібы птах,

І дакрануцца да світання.

Не адпускай мяне, жаданне.

Мая Белая Русь

 Ружова-іскрыстае ранне

Пад спеў салаўіны заззяла,

І з промнікам першым світанне

Па росах у лузе гуляла.

Дзе Нёман пяшчотнаю хваляй

Вярбу пахілёную ліжа.

Туман і расінак каралі,

А ветрык чароты калыша.

За полем крынічка бруіцца

І лотаць галоўкі згінае,

Я буду душою маліцца,

Бяда няхай нас абмінае.

Край любы, табой ганаруся,

Нашу гэту веліч у сэрцы.

У любові я той прызнаюся,

Што Белаю Руссю завецца.

*   *   *

Ласкава,

Бо матулі рукі,

Пяшчоціць

Сонейка мне твар,

А ветрык шэпча –

Чую гукі

Мінулых дзён,

Нязбыўных мар.

Там рэчка,

Што віецца стужкай,

І сцежка

Родная ў бары.

Туды б я паляцела птушкай,

Каб стрэцца з марай

Той пары.

Матуля там,

У днях мінулых…

Парад яе мне

Не стае,

Надзейных рук

І стрэч тых чулых,

Боль незваротнага жыве.

Валошкавае каханне

Зноў вусны апёк

Даўні той пацалунак.

Валошак ахапак –

Мне лепшы дарунак.

З надзеяй і марай

Гарну іх да сэрца.

І птушкай у неба

Душа так імкнецца.

Спявае яна

Пра лугоў аксаміт,

Азёрную сінь

І нябёсаў блакіт.

Пра родную мову

Вяду я гамонку.

Гартаю жыццё

За старонкай старонку.

Уплятаю валошкі

Адну за другою

У жыццёвыя хвалі,

Не знаю спакою.

З юнацтва вяртаецца

Той пацалунак,

Чароўнае казкі

Найлепшы дарунак.