Г. Аўласенка. Барсум атакуе
Барсум атакуе
Урывак з фантастычнага рамана
— Гэта жорсткі від спорту, Лоран! — сказаў Свенсан. — Вельмі жорсткі! Ён не для дзяўчат!
— А «дзікія кошкі»?!
Цяпер ужо Свенсан нічога не адказаў. Дакладней, ён проста не ведаў, што адказаць. Міжволі ўспомніліся словы Ірумы, прынцэсы «дзікіх кошак», што менавіта сюды, на Медэю-2, трапляюць з Барсума хлопчыкі, калі не ўсе, дык пераважная іх большасць. Праўда, рэдка хто з гэтых хлопчыкаў даведваўся потым, што іх матулямі былі славутыя «дзікія кошкі».
А Лоран моўчкі глядзела на настаўніка і, здаецца, з нецярпеннем чакала адказу. Хоць якога, але адказу.
— Ты хочаш стаць «дзікай кошкай»? — раптам здагадаўся Свенсан. — Ты даўно марыш ёй стаць?
Замест адказу дзяўчына толькі апусціла галаву і нечакана пачырванела.
— Ты спазнілася, — сказаў Свенсан даволі рэзкім тонам. — Спазнілася на шаснаццаць гадоў! А магчыма, і на сямнаццаць, калі табе ўжо споўнілася сямнаццаць! На Барсуме дзяўчынкі пачынаюць авалодваць баявым майстэрствам адразу ж пасля нараджэння. І нават раней…
Плечы дзяўчыны раптам уздрыгнулі, нібыта ад нейкага ўнутранага болю. Свенсану нават здалося, што ў вачах Лоран бліснулі слёзы, хоць разглядзець гэта было не так проста: дзяўчына апусціла галаву яшчэ ніжэй. Свенсану нават стала крыху шкада яе, але трэба ж камусьці вярнуць небараку з нябёсаў, у якіх яна марна лунае, на грэшную зямлю. І чым раней, тым лепш. Для яе ж самой лепш…
— Лоран, каб стаць «дзікай кошкай», трэба нарадзіцца на Барсуме! — сказаў Свенсан ужо значна мякчэй. — А ты, як гэта ні прыкра, нарадзілася на Медэі. І маці твая не «дзікая кошка»!
— Я нарадзілася не на Медэі, — прашаптала Лоран, узняўшы нарэшце галаву. Свенсан не памыліўся: у вялікіх вачах дзяўчыны і сапраўды блішчэлі слёзы, якія яна адразу ж сярдзіта змахнула рукой. — І я ніколі не бачыла сваёй маці, я нават не ведаю, кім яна магла быць на самай справе…
— І ты вырашыла, што яна магла быць «дзікай кошкай»? — перабіў дзяўчыну Свенсан. — Не цеш сябе пустымі ілюзіямі, Лоран! «Дзікія кошкі» ніколі не пакідаюць на чужых планетах сваіх немаўлят жаночага полу!
— Але ж мая маці магла проста загінуць, — не зусім упэўнена прагаварыла Лоран. — Проста загінуць, і таму я засталася ў дзіцячым доме, а маміны сяброўкі… Яе баявыя сяброўкі, яны проста не ведалі пра гэта…
— Ты выхоўвалася ў дзіцячым доме? — спытаў Свенсан, хоць гэта і так было ўжо зразумела пасля апошніх слоў дзяўчыны. — А хіба твой бацька… Ці ты таксама не ведаеш, кім ён быў?
Дзяўчына нічога на гэта не адказала, але Свенсан усё зразумеў і без слоў.
— Лоран, калі б тваёй маці была «дзікая кошка», ты б ніколі не апынулася ў дзіцячым доме! — яшчэ больш мякка прамовіў ён. — «Кошкі» ніколі не пакідаюць у бядзе дзяцей сваіх баявых сябровак, можаш мне паверыць!
Лоран зноў нічога не адказала, але Свенсан адчуваў, што абсалютна яе не пераканаў.
— Трымай!
Амаль не размахнуўшыся, Свенсан шпурлянуў у бок дзяўчыны мініплазмер, які адабраў на папярэднім уроку ў аднаго з вучняў. Цацка была даволі важкай, а палёт яе — імклівым, амаль імгненным…
Але Лоран перахапіла плазмер без усялякіх намаганняў. Адной рукой, дарэчы…
— У мяне добрая рэакцыя, — сказала яна, акуратна паклаўшы мініплазмер на настаўніцкі стол. — Хоць і сапраўды, нічога гэта не даказвае. Прабачце!
Павярнуўшыся, Лоран рушыла была да выхаду, але нечакана зноў спынілася, павярнулася ў бок настаўніка.
— Дык як наконт секцыі?
— Ніяк, — сказаў Свенсан і, убачыўшы адразу ж спахмурнелы твар дзяўчыны, таропка дадаў: — Проста прыходзь і ўсё. Заўтра ў пяць трыццаць. Што з сабой браць, ведаеш?
— Ведаю! Дзякуй вам вялікі!
І, нечакана апынуўшыся зусім побач з настаўнікам, дзяўчына моцна абхапіла аберуч ягоную шыю. Потым гарачыя яе вусны…
Добра яшчэ, што Свенсан у апошні момант паспеў крыху адхіліць галаву ўбок. Пацалунак, які прызначаўся, хутчэй за ўсё, для ягоных вуснаў, патрапіў на шчаку. Няголеную з учарашняга вечара, дарэчы…
— Што ты робіш?!
— Прабачце, містар Свенсан! — ледзь чутна прашаптала Лоран, адпусціўшы, нарэшце, настаўніка і нават зрабіўшы крок назад. — Я не павінна была… але ж я… мне… Не ведаю нават, што на мяне такое найшло! Яшчэ раз прашу прабачэння!
— Містар Свенсан!
І настаўнік, і вучаніца зірнулі ў бок выхаду амаль адначасова. Там, прыхінуўшыся плячом да дзвярнога вушака, стаяла дырэктар гімназіі, місіс Глорыя Мерыдзіт. Дакладней, міс Глорыя, як у размовах паміж сабой заўсёды называлі свайго непасрэднага начальніка настаўнікі гімназіі, бо замужам дырэктрыса ніколі не была…
А ўрэшце, для яе дваццаці дзевяці гадоў гэта яшчэ не трагедыя. Цікава толькі, як даўно яна знаходзіцца тут, у кабінеце?
— Прашу прабачэння!
Па сухасці, якая ледзь прыкметна, але ўсё ж прагучала ў дырэктарскім голасе, Свенсан зразумеў, што ў кабінеце тая ўжо даволі працяглы час. І, вядома ж, на свае вочы магла назіраць гэты недарэчны пацалунак… Ці ўсё ж не паспела?
— Я не вельмі перашкодзіла?
— Ды не, — сказаў Свенсан, пачуваючыся даволі няёмка. — Зусім нават не перашкодзілі. — Ён памаўчаў крыху, адначасова папраўляючы гальштук. — А ў вас да мяне што, ёсць нейкая асабістая справа?
— Я проста хацела нагадаць, што чакаю вас праз паўгадзіны ў сваім кабінеце. Вы, спадзяюся, не забыліся пра сваё абяцанне зайсці да мяне сёння пасля заняткаў? Гэта наконт нашай нядаўняй размовы…
— Памятаю, — зманіў Свенсан, які і сапраўды паспеў забыцца пра гэта сваё абяцанне. — Зайду абавязкова!
— Вось і цудоўна!
Рэзка павярнуўшыся на высокіх абцасах, міс Мерыдзіт выйшла з кабінета, нават не зірнуўшы пры гэтым ні на Свенсана, ні на Лоран, якая, нізка апусціўшы галаву, стаяла на сваім ранейшым месцы. Потым Лоран узняла галаву і паглядзела на настаўніка.
— Прабачце, містар Свенсан! — прагаварыла яна дрыжачым ад хвалявання голасам. — З-за мяне вас зараз чакаюць буйныя непрыемнасці! А ў вас іх і так хапае…
— Буйныя непрыемнасці? — перапытаў Свенсан, адрываючы, нарэшце, погляд ад дзвярэй і пераводзячы яго на Лоран. — З чаго ты ўзяла, што мяне наогул чакаюць нейкія непрыемнасці?
— Я лепш пайду, — замест адказу прагаварыла дзяўчына. — Яшчэ раз прабачце, містар Свенсан!
І Лоран выбегла за дзверы, перш чым Свенсан паспеў ёй адказаць. Калі ж ён праз некалькі хвілін сам выйшаў у калідор, дзяўчыны ўжо не было.
Затое ў самым канцы калідора, ля кабінета хімічнай касмалогіі, было даволі шматлюдна. Там стоўпілася не менш як дзясятак здаравенных бэйбусаў… І зараз яны з вясёлым гоманам і рогатам спрабавалі адчыніць дзверы, якія хтосьці трымаў знутры. Нават не трымаў… Калі Свенсан падышоў крыху бліжэй, то зразумеў, што гэтыя дзверы, наадварот, з рогатам прытрымлівалі вучні, а адчыніць іх, адчайна і, на жаль, беспаспяхова, спрабаваў хтосьці знутры…
У гэты час адзін з вучняў азірнуўся і ўбачыў Свенсана.
— Шухер! — спалохана крыкнуў ён, і ўся вясёлая кампанія дружна кінулася наўцёкі. А з дзвярэй хімкабінета, якія, нарэшце, шырока расчыніліся, на падлогу вываліўся чырвоны і надзвычай узбударажаны містар Уінсан, выкладчык хімічных спецтэхналогій.
— Хуліганы! — ускокваючы і ажно задыхаючыся ад крыўды і хвалявання, выкрыкнуў ён услед сваім крыўдзіцелям. — Усё містару Свенсану раскажу!
У гэты час ён раптам заўважыў зусім непадалёку ад сябе містара Свенсана і крыху сумеўся. І не проста сумеўся, а нават, што здзівіла Свенсана, пачырванеў яшчэ больш. Праўда, амаль адразу ж зноў узяў сябе ў рукі.
— Дзень добры, калега! — прагаварыў ён паважна і нават з нейкім апломбам. — Як вашыя справы?
— Добры дзень, містар Уінсан! — у тон яму адказаў Свенсан, зрабіўшы выгляд, што нічога з таго, што здарылася толькі што ў калідоры, проста не заўважыў. — Як ваша спіна?
— А што спіна? — падышоўшы бліжэй, містар Уінсан паціснуў плячамі і ўздыхнуў, абдаўшы пры гэтым Свенсана характэрным пахам таннага кукурузнага віскі. — Прайшла спіна…
Тут ён нечакана ікнуў і дадаў таямнічым шэптам:
— Амаль.
Некалькі дзён таму на лесвічнай пляцоўцы хтосьці з вучняў падставіў містару Уінсану падножку, і небарака настаўнік, хутчэй за ўсё, паспеўшы прыняць перад гэтым чарговую дозу спіртнога, не ўтрымаўся на нагах і літаральна пералічыў уласнай спінай амаль усе прыступкі паміж другім і трэцім паверхамі. Пра гэта Свенсану па сакрэце паведамілі самі ж вучні — не тыя, зразумела, якія ўдзельнічалі ў гэтым, мякка кажучы, хуліганстве… Звычайныя сведкі. Праўда, прозвішчаў саміх хуліганаў яны не назвалі… Ды Свенсан на гэтым асабліва і не настойваў, бо цярпець не мог ні даносаў, ні, яшчэ ў большай ступені, даносчыкаў.
Тым больш, што сам містар Уінсан потым тлумачыў калегам сваё перакошанае становішча толькі тым, што на лесвіцы яго раптам прыхапіў чарговы прыступ радыкуліту. І ўсе яму спачувалі, робячы выгляд, што вераць гэтаму тлумачэнню. І нават давалі тыя ці іншыя парады па лячэнні гэтага захворвання, хоць Свенсан быў цвёрда ўпэўнены, што ўсе ці амаль усе настаўнікі добра ведаюць, што ж на самай справе адбылося з іх няўдачлівым калегам.
Цікава толькі, ці ведае пра ўсё гэта міс Мерыдзіт? Хутчэй за ўсё — не, бо яна гэтага выпадку проста так не пакінула б…
— Слухай, Алаф, — нечакана перайшоў на «ты» містар Уінсан, — а можа, мы з табой… па капялютцы? У мяне ў кабінеце зусім выпадкова засталося яшчэ… — ён змоўк, не дагаварыўшы, і яшчэ раз ікнуў. — Прашу прабачэння!
— Гэта я прашу прабачэння, містар Уінсан, — падкрэслена ветліва прагаварыў Свенсан. — Вялікі дзякуй за прапанову, але… — ён паглядзеў на гадзіннік. — Не п’ю.
— Што, зусім? — недаверліва спытаўся містар Уінсан. — Зусім не ўжываеш?
— У працоўны час не ўжываю, — сказаў Свенсан. — І вам не раю. Каб зноўку радыкуліт на лесвіцы не прыхапіў, а то гэта такая штука непрыемная, ведаеце…
І ён рушыў далей, пакінуўшы ўсхваляванага містара Уінсана ў адзіноце. Нетаропка спусціўся на першы паверх і ўжо нават дайшоў да гардэроба, як раптам успомніў пра міс Мерыдзіт і сваё абяцанне зайсці да яе праз паўгадзіны.
Дарэчы, яны амаль прайшлі, гэтыя паўгадзіны…
І яму давялося зноў уздымацца на другі паверх.