Фотавыстаўка “У аб’ектыве – пісьменнікі Міншчыны” – у Мядзеле
У Мядзельскай цэнтральнай раённай бібліятэцы імя Максіма Танка адбылася прэзентацыя фотавыставы партрэтаў сучасных літаратараў Мінскай вобласці “У аб’ектыве – пісьменнікі Міншчыны”. Аўтар – наш зямляк, паэт і фатограф Рагнед Малахоўскі.

Ідэя стварыць галерэю партрэтаў сваіх калег па пяры з’явілася ў аўтара як працяг папярэдніх праектаў і шматгадовай працы. Як расказаў Рагнед Малахоўскі, выставе папярэднічаў доўгі творчы шлях і шматлікія сустрэчы:
– Люблю фатаграфаваць і пейзажы, і людзей. У Мінску праходзілі мае фотавыстаўкі, прысвечаныя прыгажосці нарачанскага краю. Напрацягу больш чым дваццаці гадоў, з часоў калі стаў пісаць вершы і друкавацца, я маю цудоўную магчымасць знаёміцца з рознымі сучаснымі беларускімі пісьменнікамі. На жаль, некаторых з іх сёння ўжо няма ў жывых. Было шмат сустрэч, шмат паездак, і многа дзе фатаграфаваў. І з’явілася думка: а чаму б не зрабіць фотавыставу партрэтаў? І на працягу мінулага года ў Музеі гісторыі беларускай літаратуры выстаўляліся партрэты сучасных пісьменнікаў Беларусі пад назвай “Адвечная повязь пакаленняў”. Працуючы ў Мінскім абласным аддзяленні Саюза пісьменнікаў Беларусі, падумаў, чаму б мне не звярнуць увагу на пісьменнікаў менавіта Мінскай вобласці, членаў нашага аддзялення? І адабраў 20 фотапартрэтаў з жыцця. Людзі спецыяльна не рыхтаваліся да фотасесій: некага здымаў на выступленнях, некага – у бібліятэцы.
Сярод прадстаўленых работ можна ўбачыць і літаратараў-землякоў Рагнеда Малахоўскага. Напрыклад, партрэт Аляксандра Быкава быў зроблены ў Вязынцы падчас штогадовага Купалаўскага свята, а здымак Паўла Жукава – у Мінскай абласной бібліятэцы імя Пушкіна на прэзентацыі кнігі «Званоў перазвон», прысвечанай Хатынскай трагедыі і спаленым вёскам Міншчыны.
На прэзентацыі аўтар расказаў пра кожнага прадстаўленага на выставе пісьменніка, пра свой шлях у літаратуру. Адказаў на пытанні слухачоў і прачытаў свае вершы.
Экспазіцыя будзе даступная для наведвальнікаў бібліятэкі па 30 чэрвеня.
Крыніца: “Нарачанская зара”


















