“Фотасловы” Яўгена Пясецкага

Там, дзе ў полі балююць вятры,

Выракаючы здраду і цемру,

Ўсталі поруч крыжы, як браты

За любоў, за надзею, за веру.

 

На крыжы ты або перад ім,

Ці ў зямлі пад крыжом спачываеш —

Ўсё адно: ён у лёсе тваім

Назаўжды і другога не маеш.

 

Ім па святах званы не чутны,

Ды стаяць непарушнай святыняю,

Бо нябёсы спрадвеку адны,

І зямля пад крыжамі адзіная.

 

***

Калі завейны час міне,

Ўсміхнуцца першыя пралескі –

І прыгадаеш ты мяне

Ля нашай хвоі на ўзлеску.

 

Там нам спяваў птушыны хор,

Шумеў, вітаў гурт сосен гонкіх,

Хмяліў галовы нам чабор

І шчасце зычылі рамонкі…

 

 

***

Мне дзед казаў: лічы зімой завеі,

Ў вясновы час на ручаі зважай,

Калі ў Вялікдзень луг зазелянее —

Чакай пад восень шчодры ураджай!

Я з часам вызнаў шмат прыкмет шчаслівых

На поспех, на каханне, на сяброў.

Я веру, што рамонак  квет цнатлівы

Прадкажа лепш, чым безліч мудрацоў.

Мне птах абвесціць: госці каля хаты!

І я па птушках часам варажу.

А шышка з хвоі упадзе калматай —

За падарунак «дзякуй» адкажу.

Няхай старых прыкмет нячутны голас

Нас покрывам надзеі ахіне…

Я за абраз хаваю першы колас,

Каб не апошнім стаў ён для мяне.

 

***

Там ветрык кудлаціць альшыну,

У зацені шэпт ручая,

Матуля з букетам язміну…

Ты ўсюды са мной ва ўспамінах,

Маленькая вёска мая.

На картах шукаць цябе марна,

Экспрэсы туды не вязуць.

Той край у былое схаваны —

Ні ветрыку, ні ўрагану

Маленства майго не вярнуць.

Далёкай вясне не забыцца —

Пялёсткі, як снег на траве…

Да скону мне плёс будзе сніцца —

Адтуль, нібы з чыстай крыніцы,

Жыцця майго рэчка плыве.