Фестываль паэзіі ў Нясвіжы

Галіна Нупрэйчык

Фестываль паэзіі

       29 красавіка ў Нясвіжскай цэнтральнай раённай бібліятэцы ладзіўся фестываль “Голасам свайго пакалення”, прысвечаны паэзіі Паўлюка Пранузы, які жыў, працаваў, тварыў у Нясвіжы. Калі атрымала запрашэнне на свята, ведала, што яно будзе надзвычай цікавым, змястоўным. Чаго там толькі не было! Сустрэча дзяцей нясвіжскіх школ з паэтамі – членамі Саюза пісьменнікаў Беларусі, адкрыццё фестывалю, конкурс юных чытальнікаў, рэаліці-шоў. Гасцямі мерапрыемства былі члены Саюза пісьменнікаў Беларусі Людміла Круглік, Зоя Капуста, намеснік дырэктара па навуковай рабоце дзяржаўнага музея гісторыі беларускай літаратуры Алеся Кузняцова, загадчык філіяла літаратурнага музея Максіма Багдановіча Міхаіл Бараноўскі.
       Мы з Людмілай Круглік — члены Мінскага абласнога аддзялення СПБ — працавалі на розных пляцоўках. Я праводзіла сустрэчу са школьнікамі 3-4 класаў, а яе ўважлівымі слухачамі былі адзінаццацікласнікі. Затым мы ўдзельнічалі ў адкрыцці фестывалю, я была ў складзе журы на конкурсе юных чытальнікаў, мая калега вяла конкурсную праграму рэаліці-шоў мясцовых паэтаў, што прадстаўлялі на конкурс ненадрукаваныя кнігі.
       Усюды панавала паэзія. Нездарма бібліятэка носіць ганаровае імя Паўлюка Пранузы. Шмат новага даведаліся прысутныя пра яго цікавае франтавое, літаратурнае жыццё. Цёплыя словы і прыгожыя вершаваныя радкі прысвячалі паэту госці мерапрыемства, яго арганізатары: дырэктар бібліятэкі Аксана Рыжыкава , загадчык аддзела па рабоце з дзецьмі Алёна Чухлей, намеснік галоўнага рэдактара раённай газеты “Нясвіжскія навіны” Соф’я Любанец, загадчык аддзела абслугоўвання і інфармацыі бібліятэкі Людміла Ясевіч. Вялі праграму Людміла Ясевіч і культарганізатар Аляксей Абражэй. Усхвалявала ўсіх прысутных у зале непараўнальная тэатральная пастаноўка, прысвечаная жыццю і творчасці Пранузы, падрыхтаваная тэатральнай студыяй “Раптам” пад кіраўніцтвам Ганны Татур. Цёплымі апладысментамі было ўзнагароджана майстэрства  гэтага калектыву.
       Цікава было слухаць і чытальнікаў конкурсу. Дзятва добра падрыхтавалася. Некаторыя чыталі пад музыку, сцэнічна дэкламавалі творы. Ва ўсіх узроставых групах былі вызначаны пераможцы, атрымалі граматы лаўрэатаў і памятныя падарункі. Усім удзельнікам таксама ўручылі граматы. Нясвіжская бібліятэка – райскі куточак паэзіі. Упэўнілася ў гэтым даўно. Кожны фестываль творчасці Паўлюка Пранузы – сапраўднае свята. А сёлета праводзіўся шосты фестываль. Любяць і шануюць славутага земляка ў Нясвіжы. Вялікая заслуга ў гэтым працаўнікоў бібліятэкі. Нястомна шчыруюць яны на ніве беларускай культуры. Іх праца асабліва неабходна ў наш віртуальны час, калі патрэбна вяртаць дзяцей і дарослых да кнігі, да жывога слова.
Поспехаў вам, шаноўныя, у гэтай нялёгкай справе! Вялікі дзякуй за асалоду, што атрымала на свяце Слова!
 !