Ева НЭММ. Большое представление для Сонечки

Прыязны Скарына ды гузік Юзік

Чым адметная кніга Евы Нэмм «Большое представление для Сонечки»? Апроч займальных гісторый і яркіх малюнкаў, тут можна знайсці майстар-класы ад кактуса Пундзіка, пазнаёміцца з кнігавыдавецкай справай разам з гузікам Юзікам, паўдзельнічаць у віктарыне з Алоўкам…

Нагадаем, што Ева Нэмм — псеўданім, абрэвіятура імёнаў. Новая казка з серыі «Кніга Чараўніцтва» — плён супольнай творчай працы Алены, Вікторыі, Эміліі, Марыі і Маргарыты Стэльмах-Навумавых. Калі дзеці разам з дарослымі пішуць кнігі, атрымліваецца нешта незвычайнае. Няма нічога дзіўнага ў тым, каб знайсці чароўны куфэрак ці трапіць у мінулае. Таму героі падарожнічаюць у часе, вывучаюць флору і фаўну Белавежскай пушчы, спазнаюць таямніцы гісторыі: знаёмяцца з Францыскам Скарынам, даведваюцца пра жыццё Барбары Радзівіл… Адпаведна традыцыі чароўнай казкі, кніга вучыць дзяцей не баяцца цяжкасцяў, беражліва ставіцца да прыроды, быць добрымі і кемлівымі. Кніга «Вялікае прадстаўленне для Сонечкі» — гэта экскалібур, меч у каменні, чытач — маленькі хлопчык Артур, а група аўтарак — Мэрлін, той самы добры і мудры чараўнік, які рыхтуе Артура-чытача і адказвае на пытанне «Чаму?». Але выцягнуць меч Артурчытач павінен сам.

Нягледзячы на чароўны элемент, амаль усё, пра што гаворыцца ў кнізе, можна ўбачыць ужывую. І тут ёсць некалькі варыянтаў. Першы: звярнуць увагу на маляўнічыя ілюстрацыі. Таленавітая мастачка Кацярына Першына ажывіла не толькі мясціны, але і герояў. Другі: адправіцца ў падарожжа, бо мясціны, апісаныя Евай Нэмм рэальныя — былы маёнтак графа Эмерыка фон Гутэн-Чапскага, старадаўні парк, альтанка на беразе возера.

Нягледзячы на тое, што ў анатацыі кніга рэкамендавана як выданне «для чытання дарослымі дзецям», яна будзе вельмі арганічна глядзецца на дзявочым століку побач з люстэркам, пацеркамі, парфумай ды моднымі часопісамі. Мілая, светлая казка прыйдзецца даспадобы хутчэй дзяўчынкам, чым хлапчукам. Так, гэта папулярнае, нават крыху гламурнае выданне. Але вельмі важна, што праз гэту кнігу аўтары маюць на мэце прывабіць самага шырокага чытача да беларускай гісторыі. Скарына можа быць не толькі асветнікам і першадрукаром (постаццю непамерна велічнай для сучаснай дзяўчынкі), але і прыемным у стасунках, прыязным, задумлівым мужчынам, які выклікае як павагу, так і сімпатыю. Праз гэту сімпатыю і агульную добразычлівую атмасферу твора больш прывабнай і ў нейкім сэнсе больш утульнай будзе для маленькіх чытачоў наша гісторыя. Пошук новых мастацкіх стратэгій — заўсёды добрая справа!

Марыя ШЧЫПАНАВА

«Літаратура і мастацтва» №10-2018

Няма каментарыяў

Добавить комментарий

Ваш email не будзе апублікаваны.