Добрую кнігу – адпачываючым у “Зубраня”
30 ліпеня адбылася чарговая сустрэча літаратараў Мінскага абласнога аддзялення Саюза пісьменнікаў Беларусі са школьнікамі, якія адпачываюць у Нацыянальным дзіцячым адукацыйна-аздараўленчым цэнтры “Зубраня”, і супрацоўнікамі ўстановы. У гэтым – трэцім візіце пісьменнікаў Міншчыны ў межах штогадовай рэспубліканскай акцыі “Лета з добрай кнігай” прынялі ўдзел шэсць літаратараў. Святочнасць падзеі надавала тое, што яна была прымеркавана да 700-годдзя горада Мядзел, бліз якога размяшчаецца адукацыйна-аздараўленчая ўстанова.
З дзецьмі малодшага ўзросту сустрэўся вядомы дзіцячы пісьменнік, лаўрэат Нацыянальнай літаратурнай прэміі Сяргей Клімковіч. Традыцыйна яго выступленне суправаджалася тэатралізаваным шоў і выклікала шквал эмоцый. Паэт, лаўрэат літаратурнай прэміі Мінскага аблвыканкама Рагнед Малахоўскі чытаў падлеткам вершы пра Нарачанскі край – сваю малую радзіму, разважаў пра значнасць літаратуры ў сучасным жыцці, пра неабходнасць клопату аб чысціні мовы, пра уплыў інфармацыйных тэхналогій на творчасць. Паэтэса, кіраўнік барысаўскага літаратурнага аб’яднання “Актава” Марына Лайкова чытала вершы і выконвала аўтарскія песні, захапіла слухачоў гульнёй у вершаскладанне. Паэт, лаўрэат рэспубліканскай літаратурнай прэміі “Залаты Купідон” Аляксандр Быкаў і бард, лаўрэат літаратурнай прэміі Мінскага аблвыканкама Уладзімір Цанунін сустракаліся з дарослымі аматарамі мастацкага слова. Узначальваў дэлегацыю старшыня аддялення Леанід Крыванос, які чытаў свае творы і ядказваў на пытанні вучняў ваенна-патрыятычных класаў з розных рэгіёнаў краіны, якіх сабрала на адпачынак “Зубраня”.
Пасля творчых сустрэч пісьменнікаў вітала дырэктар цэнтра Надзея Ануфрыева. Ёй для мясцовай бібліятэкі была падорана падборка кніг літаратараў Мінскага абласнога аддзялення СПБ, І госці, і гаспадары выказалі надзею на далейшае плённае творчае супрацоўніцтва.
Прэс-служба МАА СПБ