“Дарогаю жыцця” –

так, аднаіменна з першай кнігай удзельніцы народнага літаратурна-мастацкага аб’яднання “Рунь” Валожынскага РЦК Людмілы Краснадубскай, называлася сустрэча-прэзентацыя з ёй і яе творчасцю, падрыхтаваная кіраўніком творчага аб’яднання  Валянцінай Гіруць-Русакевіч. Адметна, што праходзіла гэтае мерапрыемства 13 кастрычніка, напярэдадні такіх светлых, адметных свят, як Пакровы Прасвятой Багародзіцы і Дзень Маці.

Людміла Краснадубская –  клапатлівая мама траіх дзяцей і шчаслівая, любячая і любімая бабуля семярых унукаў. А яшчэ – яна  аўтар двух кніжак вершаў  (“Дарогаю жыцця” і “Мой адбітак на пяску часу), якія і прэзентаваліся ў гэты дзень, напісала нямала песень як на свае словы, так і на вершы сяброў па пяры, якія так прыгожа і з задавальненнем выконвае. Шчырая задушэўная размова, вершы і песні ў аўтарскім выкананні  стварылі ў зале РЦК цёплую,  сяброўскую атмасфару.  Павіншаваць маці і бабулю,  творцу і сяброўку прыйшлі-прыехалі яе сын Аляксандр і ўнучка Арына, сяброўка па Клубу актыўнага даўгалецця  з г.Ліда, дзе жыве цяпер Людміла Мікалаеўна, сябры-“рунеўцы”, якія падаравалі ёй складзень з іконамі Маці Божай і Ісуса Хрыста. Цёплымі словамі і мноствам кветак аддзячылі ў гэты дзень  паэта-песенніка Людмілу Краснадубскую  за творчасць, няўрымслівасць і душэўную дабрыню.