“Да цудоўнага – праз вершаваныя радкі” – Дзень Паэзіі ў літаб’яднанні “Нёманец”
Share the post "“Да цудоўнага – праз вершаваныя радкі” – Дзень Паэзіі ў літаб’яднанні “Нёманец”"
20 сакавіка, напярэдадні Сусветнага дня паэзіі, у літаратурнай гасцёўні Уздзенскай раённай бібліятэкі імя П. Труса сабраліся члены літаратурнага аб’яднання “Нёманец”, каб у чарговы раз далучыцца да цудоўных імгненняў асалоды ад знаёмства з узнёслымі паэтычнымі, лірычнымі і патрыятычнымі, сатырычнымі і філасафічнымі радкамі.
Супрацоўніца бібліятэкі Святлана Нісцюк нагадала гісторыю з’яўлення гэтага свята, пра існаванне якога не ведалі нават некаторыя творцы з багажом у некалькі кніжак. Першапачаткова Дзень паэзіі сталі адзначаць у 1938 годзе ў адным са штатаў ЗША, і рабілі гэта 15 кастрычніка, у дзень нараджэння старажытнарымскага паэта Вяргілія. А 21 сакавіка 1999 года на канферэнцыі ЮНЭСКА прымаецца рашэнне надаць святу сусветны маштаб.
Цікавай атрымалася сустрэча. Сваім бачаннем паэзіі, шляхамі далучэння да вершаскладання, апошнімі літаратурнымі дасягненнямі падзяліліся члены Мінскага абласнога аддзялення Саюза пісьменнікаў Беларусі Галіна Нічыпаровіч і Віктар Сабалеўскі. Вольга Бокуць-Чабатарова расказала аб падрыхтоўцы да раённага этапу творчага конкурсу сярод ветэранаў, прысвечанага 75-годдзю Перамогі – падрыхтавала папку з вершаванымі радкамі і ўспамінамі пра свайго бацьку, удзельніка Вялікай Айчыннай вайны. Тамара Каляда, працытаваўшы творы Максіма Танка, Святланы Быкавай і Ірыны Карнавухавай, знайшла да іх і адпаведныя ўласныя радкі. Валянціна Шытыка больш вядомая як празаік, але і ў яе творчым арсенале знайшліся цікавыя вершаваныя радкі.
Прыгадваючы цікавыя факты з біяграфій вядомых паэтаў (такія, напрыклад: у вершах А. Пушкіна сустракаецца каля 22 тысяч слоў, з іх амаль 16 тысяч – упершыню; паэт Саша Красны пісаў вершы яшчэ ў дні рэвалюцыі 1917 горда, але ў Саюз пісьменнікаў уступіў толькі ў 1984-м, у 102 гады; аналіз рускай паэзіі аб прыродзе паказаў, што часцей за іншыя ў творах сустракаюцца такія дрэвы, як бяроза, сасна, дуб), гаварылі паэты і пра ўласныя знаходкі, кур’ёзы, цікавыя факты. І без масавай аўдыторыі, як планавалася раней (паспрыяў таму зусім не паэтычны каронавірус), мерапрыемства прайшло цікава.
Прэс-служба МАА ГА СПБ