Якуб Колас вачыма фотакарэспандэнтаў

Паважаныя сябры! У Мінскай абласной бібліятэцы імя А.С. Пушкіна адкрываецца новая выстава. Яна прысвечана 140-гадоваму юбілею з Дня нараджэння класіка беларускай літаратуры Якуба Коласа. Ўрачыстае адкрыццё мастацкіх экспазіцый пад агульнай назвай «К табе я ў думках залятаю…», адбудзецца 22 лістапада у 16 гадзін. Рэдкія матэрыялы выставы прадастаўлены Дзяржаўным літаратурна-мемарыяльным музеем Якуба Коласа.

У рамках мерапрыемства адбудзецца адкрыццё дзвюх часовых экспазіцый – «Туды, на захад!» і выставы фотаработ Джона Кунстадтэра.

Экспазіцыя «Туды, на захад!» прысвечана дзейнасці Якуба Коласа ў перыяд з 1921 па 1930 гады, калі пісьменнік разам з сям’ёй пераехаў з Курскай губерні ў Мінск. Менавіта тады ён дасягнуў высокіх поспехаў у літатратурнай творчасці, навуковай і педагагічнай дзейнасці. Наведвальнікі выставы змогуць пазнаёміцца з рэдкімі фотаматэрыяламі аб дзейнасці Якуба Коласа на Куршчыне, у Белпедтэхнікуме і БДУ, навуковай дзейнасцю ў Інбелкульце і Акадэміі навук, рукапісамі і фотаздымкамі пісьменніка, а таксама выданнямі твораў розных гадоў.

Аснову другой экспазіцыі складаюць фотаработы амерыканскага фатографа Джона Кунстадтэра, аўтара шматлікіх персанальных і ўдзельніка сумесных фотавыстаў, прысвечаных архітэктурнай і духоўнай спадчыне Беларусі. У часовай экспазіцыі сабраны фотаработы, прысвечаныя Піншчыне – мясцінам, дзе настаўнічаў Якуб Колас у розныя перыяды свайго жыцця, і дзе таксама нарадзіўся яго першы сын Данііл.

Ва ўрачыстым адкрыцці прымуць удзел беларускія пісьменнікі і паэты Зіновій Прыгодзіч, Ірына Карнаухава, Лёля Багдановіч на чале са старшыней Мінскага абласнога аддзялення Саюза пісьменнікаў Беларусі Леанідам Крываносам.

Чакаем вас па адрасе: г. Мінск, вул. Гікала, 4 (другі паверх, выставачная зала) 22 лістапада ў 16 гадзін.

Тэлефон для даведак: 373-70-43 (аддзел маркетынгу і сацыякультурнай дзейнасці).