Да 110-годдзя Максіма Танка. Сустрэча пісьменнікаў Міншчыны з будучымі мовазнаўцамі

Да 110-годдзя Максіма Танка. Сустрэча пісьменнікаў Міншчыны з будучымі мовазнаўцамі

14 верасня адбылася сустрэча літаратараў Мінскага абласнога аддзялення Саюза пісьменнікаў Беларусі са студэнтамі філалагічнага факультэта Беларускага дзяржаўнага педагагічнага ўніверсітэта імя Максіма Танка. Яна праводзілася ў рамках абласнога праекта, прысвечанага 110-годдзю з дня нараджэння народнага паэта Беларусі. З уступным словам да прысутных звярнуўся дэкан факультэта, доктар філалагічных навук Васіль Дзянісавіч Старычонак. Аб дзейнасці Мінскага абласнога аддзялення Саюза пісьменнікаў Беларусі, новых дасягненнях пісьменнікаў Міншчыны ў 2022 годзе распавёў старшыня МАА СПБ, пісьменнік Леанід Крыванос. Аб праекце творчай пляцоўкі “Сябрына”, яе шматлікіх удзельніках, стварэнні аднайменнага альманаха расказала аўтар ідэі і ўкладальнік зборніка, пісьменніца Таццяна Каленік. Аб сваім удзеле ў “Сябрыне” падзялілася ўражаннямі першы намеснік старшыні СПБ, паэт, дзіцячы пісьменнік Алена Стэльмах. Студэнты з зацікаўленасцю слухалі меладычныя радкі яе аўтарскіх вершаў. З паэтычна-музычным прывітаннем выступіла паэтэса, бард з Барысава Марына Лайкова. У яе выкананні прагучалі вершы Максіма Танка і свае, аўтарскія, а таксама песні на творы сучасных беларускіх паэтаў.

Напрыканцы мерапрыемства госці факультэта адказалі на пытанні будучых мовазнаўцаў. Пісьменнікі, у сваю чаргу, зрабілі падарунак факультэту – калектыўны зборнік “Сябрына”. Мерапрыемства завяршылася дамоўленасцю аб супрацоўніцтве.

Прэс-служба МАА СПБ