Да 100-годдзя народнага пісьменніка Івана Пятровіча Шамякіна
Іван Пятровіч Шамякін — адна з найбольш яркіх постацей у беларускай літаратуры ХХ стагоддзя. З-пад пяра пісьменніка выйшлі ў свет шматлікія апавяданні, аповесці і раманы, якія прынеслі яму славу «жывога класіка».
Плён творчай працы пісьменніка ацэнены высокімі ўзнагародамі: званнем «Народны пісьменнік Беларусі», Дзяржаўнай прэміяй БССР і двойчы Дзяржаўнай прэміяй БССР, Зоркай Героя Сацыялістычнай Працы, некалькімі ордэнамі і медалямі. Імя І. П. Шамякіна носіць Мазырскі дзяржаўны педагагічны ўніверсітэт, вуліца ў Мінску. У яго гонар устаноўлена некалькі мемарыяльных дошак і бюст, а творы Івана Пятровіча перакладзены больш чым на 30 замежных моў.
Іван Шамякін нарадзіўся 30 студзеня 1921 года ў вёсцы Карма Добрушскага раёна Гомельскай вобласці. Ён карыстаецца бяззменнай любоўю чытачоў не толькі ў Беларусі, але і за яе межамі. Можа, таму, нягледзячы на пандэмію, юбілейныя ўрачыстасці на малой радзіме творцы праходзяць у атмасферы творчага ўздыму. З намі засталіся яго кнігі, героі, мудрыя думкі-запаветы, яго заклапочанасць аб стане роднай мовы.
Інфармацыя прэс-службы МАА ГА СПБ