«Чытальнае» лета з кніжнымі навінкамі ад «Звязды»
Гэтым разам у нашу падборку трапілі толькі дзіцячыя кнігі. Яно і зразумела: амаль два месяцы канікул у мінулым і яшчэ цэлы месяц наперадзе. Будзе чым заняцца!
“Ад калыханкі да забаўлянкі”
Укладальнік І. Карнаухава
Ці чулі вы пра прыгоды Сонечнага Зайчыка, Лісы-мадэльера, прышэльца Вухуціка, ката Гаўрушы? Ці ведаеце, калі Снежная Каралева бывае лагоднай, што турбуе Мядзведзя-кулінара, якія цуды адбываюцца ноччу ў музеі, чаму цяльняшка паласатая і хто такі Бука-Макука? На ўсе пытанні адкажа кніга “Ад калыханкі да забаўлянкі”. Гэта не проста зборнік вершаў, казак, апавяданняў, загадак сучасных беларускіх аўтараў – гэта сапраўдная кніжка-“вырастайка”, творы з якой можна чытаць і зусім маленькім дзецям, і больш дарослым школьнікам пачатковых класаў. Спадзяемся, што выданне зацікавіць не толькі бацькоў, але і выхавальнікаў дзіцячых садкоў, настаўнікаў, педагогаў-арганізатараў, для якіх “Ад калыханкі да забаўлянкі” стане добрай літаратурнай падтрымкай.
«Фей по имени Светик»
Вольга Нікольская
Усе дзеці чулі пра Зубную Фею. Кожную ноч з-пад падушак хлопчыкаў і дзяўчынак яна забірае малочныя зубікі, што ў іх выпалі, і наўзамен дорыць розныя “прыемнасці”: размалёўкі, налепкі, магніты, фламастары… А што, калі да малых будзе прыходзіць не Фея, а Фей? І не проста стане пакідаць невялікія падарункі, а пастараецца выканаць самыя запаветныя жаданні? Так, дзяўчынка Аня вельмі хоча, каб яе бацькі ніколі не сварыліся, хлопчык Алёшка марыць пра вернага чацвераногага сябра, а маленькаму Арцёмку цяжка аднаму без мамы, з якой яго разлучылі… І вось ужо мілы і добры фей Свецік спяшаецца на дапамогу. Яму давядзецца на пэўны час ператварыцца з маленькага чараўніка ў звычайнага хлопчыка. А гэта значыць – сутыкнуцца з рознымі прыгодамі і нечаканасцямі. Але чаго не зробіш, калі ў цябе чулая душа!
«Ромашки на асфальте»
Іна Фралова
“Ромашки на асфальте” – першая кніга аўтара для дзяцей. Раней яна выпускала паэтычныя зборнікі для больш сталых чытачоў: “Чакаю першы снег” (2011), “Там, у светлых барах” (2012), “Белы бераг” (2016); публікавалася ў перыядычных выданнях, калектыўных зборніках, альманахах, што выдаваліся і выдаюцца ў Беларусі і Расіі.
Што чакае малых на старонках кнігі? Скорагаворкі пра кошак і мышак, прыставучая і равучая лічылачкі, вясёлая раздавалка (бывае і такое), і, канешне, цудоўныя ілюстрацыі вядомага мастака Сяргея Волкава. Уявіце, напрыклад, як бы вы намалявалі галоўных герояў верша “Помощники”:
За ночь на хозяйской грядке
Зайцы навели порядки:
Где вчера росла капуста –
Нынче утром стало пусто,
И кудрявую морковку
Повыдёргивали ловко.
Радуются зайки –
Помогли хозяйке.
А вось мастак убачыў іх так: тры зайцы-непаседы ўпэўнена цягнуць гародніну з градкі, узброіўшыся плакатам “Калі не мы – то хто?”
А яшчэ паэтка пераклала на “дзіцячую мову” такія недзіцячыя паняцці, як “стрэс” і “любоў”. Ці здагадваліся вы, што каханне – гэта калі табе саступяць самую салодкую ў свеце цукерку, нават не пакаштаваўшы яе пры гэтым?
«Ни секунды тишины!»
Дзмітрый Юртаеў
Вершы Дзмітрыя Юртаева з яго дэбютнай дзіцячай кнігі, безумоўна, адразу падкупяць вас сваім выразным рытмам, лёгкім слогам і тонкім пачуццём гумару. Ды і галоўныя героі – вясёлыя, шумныя, няўрымслівыя і, што ўтойваць, часам непаслухмяныя, – спадабаюцца ўсім дзецям, якія без цяжкасцяў пазнаюць у іх сябе. Велікан Шурум-Бурум, напрыклад, шчыра прызнаецца: “Я кричу и грохочу, / Я свищу и хохочу, / Я кручусь-верчусь всё время, / Ни минутки не молчу!” Да верша прыкладаецца інструкцыя з дакладнымі ўказаннямі наконт таго, як трэба яго чытаць: гучна-гучна, што ёсць сілы тупаючы нагамі, са свістам, з крыкам, пляскаючы ў ладкі і барабанячы лыжкамі па каструлях – інакш нічога не атрымаецца. Сапраўднае свята непаслушэнства! Але ёсць у аўтара і кранальныя, філасофскія сюжэты: пра летуценную лашадку, якая вымушана пакорліва брысці па вуліцы “на своей лошадиной волне” і цягнуць нагружаную павозку, а ў глыбіні душы марыць лётаць, як птушачка, у нябеснай вышыні, удалечыні ад зямных праблем… Ці пра самотнага мядзведзіка, што быў у хлопчыка любімай цацкай, а цяпер сумуе ў адзіноце, палінялы і пацёрты, але верыць, што новы гаспадар абавязкова знойдзецца і забярэ яго дадому. Так ці іначай, ва ўсіх персанажаў усё будзе добра, бо, як запэўнівае нас Дзмітрый Юртаеў, “в любое время года / Здесь хорошая погода!”
«Удивительные приключения»
Міхаіл Дзеравянка
Гэта кніга – другое выданне ў серыі “Мишуткины сказки”. І зноў Мішутка, чарапашка Чап, Тыгра і Чароўны Светлячок акунаюцца ў свет неверагодных прыгод. Разам з сябрамі медзведзяня вучыцца плаваць (хоць для гэтага яму даводзіцца стаць галоўнай дзеючай асобай у розыгрышы пад назвай “Ратуйце! Акула!”), шукае бясцэнныя скарбы на дне акіяна (і знаходзіць нешта большае, чым золата і брыльянты), раскрывае сакрэт паспяховага выступлення на спартыўных спаборніцтвах (і атрымлівае залаты медаль як лепшы лыжны гоншчык)… Ну і, вядома, праяўляе свае лепшыя душэўныя якасці: дапамагае маме-сароцы вярнуць птушанятка, якое выпала з гнязда, разам з іншымі жыхарамі леса стварае Музей непатрэбных рэчаў, якія, безумоўна, знойдуць новых уладальнікаў. А яшчэ ў гэтай кнізе, як і ў папярэдняй, дзяцей чакаюць галаваломкі і спецыяльныя заданні на кемлівасць і ўважлівасць.
Алена Карпенка
Крыніца: Звязда