Чым жыве сучасная беларуская літаратура? Iнтэрв’ю з дырэктарам — галоўным рэдактарам Выдавецкага дома “Звязда” Алесем Карлюкевічам

Iнтэрв’ю журналіста «Народнай газеты» з Алесем Карлюкевічам апублікавана з падзагалоўкам «Паспрабуем паставіць дыягназ сучаснай беларускай літаратуры».

Выдавецкі дом “Звязда” сёння значна ўплывае на літаратурную сітуацыю ў краіне. Менавіта ён, па вялікім рахунку, і вызначае кірунак літаратурнага развіцця. Напярэдадні Дня беларускага пісьменства мы паразважалі з дырэктарам — галоўным рэдактарам Выдавецкага дома “Звязда” Алесем Карлюкевічам аб супярэчнасцях літаратуры, сучаснага жыцця і чытацкіх чаканняў.

— Алесь Мікалаевіч, у кантэксце надыходзячага свята пісьменства так хочацца даць волю марам… Якой павінна быць ідэальная беларуская кніга?

— Пытанне гэтае настолькі складанае, наколькі складаныя зносіны пішучага з чытачом. Ідэальнай кнігі ў прыродзе не існуе, таму што любы мастацкі прадукт, любое мастацкае слова адразу падвяргаюцца крытыцы. Але, безумоўна, усё ж такі ёсць свае вяршыні, ёсць сусветная літаратура, ёсць нацыянальная класіка. І, зыходзячы з гэтых арыенціраў, мне здаецца, лепшыя беларускія пісьменнікі рухаюцца ў бок вельмі патрабавальнага чытача. Да чытача, для якога сёння адкрыты ўсе літаратуры свету. Да чытача, які ведае, што адбываецца ў самых розных асяродках — і ў нашай краіне, і на постсавецкай прасторы. Нават у той прасторы, якая складаецца і з англійскай, і з кітайскай моў. І кола такіх чытачоў будзе толькі павялічвацца. Ідэальная кніга — тая кніга, якая паказвае час, адносіны прасторы і часу. Хто з пісьменнікаў адпавядае гэтым патрабаванням, кожны чытач вырашае асабіста.

— Ці адбылася сёння ў літаратуры змена эліт?

— Эліта як у літаратуры, так і ў іншых відах мастацтва ў апошняе дзесяцігоддзе падвяргаецца крытыцы. На мой суб’ектыўны погляд, у сённяшняй беларускай літаратуры працуе шмат цікавых пісьменнікаў, проста неверагодная колькасць! Але я не магу сказаць, што адбылася нейкая змена, што паслядоўна перададзены традыцыі альбо пэўны мастацкі код з таго часу ў наш час.

Хачу назваць пісьменнікаў, якія мне цікавыя як чытачу. Я з задавальненнем чытаю прозу Алены Брава. Мне здаецца, многіх могуць зацікавіць мастацкія знаходкі і адкрыцці Уладзіміра Сцяпана і Уладзіміра Саламахі. Я лічу, што ёсць вельмі шмат цікавых паэтаў. Прычым і сярод тых, хто працуе ў традыцыйным рэчышчы, і сярод тых, хто вынаходзіць новыя формы.

З захапленнем як паэта і празаіка заўсёды чытаю Алеся Бадака. Шкада, што ён мала друкуецца. Гэты чалавек аднолькава таленавіты як у паэзіі, так і ў дзіцячай літаратуры, у прозе. Яго апавяданні, у тым ліку і апавяданне “Ідэальны чытач”, паказваюць высокі ўзровень мастацкай дасведчанасці, высокі ўзровень асэнсавання няпростага сённяшняга часу.

У дадатак да гэтых імёнаў хацеў бы назваць пісьменніка зусім іншага пакалення — Алега Аляксеевіча Ждана. Асабіста мяне ён уразіў гістарычным раманам “Князь Мсціслаўскі” і аповесцю “Геній”. Назаву таксама Алену Папову. Яна бліскучы драматург, але і ў сваёй прозе стварае дынамічныя і рэльефныя калізіі. У творах згаданых пісьменнікаў ёсць галоўны адказ — ці адбылася змена творчай эліты і ці ёсць яна ўвогуле.

— Узгадаем Фолкнера, які ўсё жыцце пісаў пра сваё маленькае выдуманае мястэчка Йкнапатофу, але праз гэты вобраз змог выказацца пра ўсе сусветные праблемы. Вы таксама заўсёды піярыце Пухавіччыну…

— Я і сёння гатовы яе піярыць. (Смяецца.) Гэта мая малая радзіма. Але ў адносінах да яе я выступаю хутчэй як краязнавец, публіцыст. Мастацкая публіцыстыка і мастацкае асэнсаванне той ці іншай прасторы — гэта ўсё ж так непараўнальна.

Відаць, час сучаснага беларускага Фолкнера яшчэ не прыйшоў. Ці будучыя Фолкнеры яшчэ не змаглі асэнсаваць нашу краіну, свае гарадкі і мястэчкі на такім узроўні, на якім змаглі ў свой час асэнсаваць Палессе Іван Мележ, Іван Навуменка альбо Барыс Сачанка. Але я думаю, што менавіта элементы такого падыходу, такога асэнсавання сваёй малой радзімы і вылучэнне яе месца ў вялікім свеце ёсць у прозе Валерыя Гапеева, які жыве ў правінцыі. Гэта, магчыма, ёсць у прозе Генадзя Аўласенкі, які шмат працуе і ў дзіцячай літаратуры, і ў паэзіі. Так ці іначай у творах Васіля Ткачова, Васіля Жушмы, Анатоля і Расціслава Бензярукоў. Гэта жаданне прыўзняць свой край, сваю старонку. Такім пісьменнікам быў Мікола Купрэеў, які хадзіў па Пружаншчыне, па іншых мясцінах і нагамі выхадзіў сваю прозу. Хаця ў літаратуры ён застаўся больш як паэт.

— Алесь Мікалаевіч, а дзе сёння паміж вёскай і горадам месца сучаснага беларускага пісьменніка?

— Вельмі складанае пытанне… З вышыні сённяшняга часу мне здаецца, што гэты водападзел вясковай і гарадской прозы штучны. Я маю на ўвазе той водападзел, что адбыўся ў 1960—70-я гады ў савецкай літаратуры. Ён быў навязаны. Калі нас цікавіць тая ці іншая тэма, мы звяртаеммца да нон-фікшн, чытаем дакументальную літаратуру, газеты з артыкуламі таго часу. Сёння такого падзелу няма. Незалежна ад таго, дзе працуе пісьменнік і якія ён вылучае тэмы ў сваёй творчасці.

— Якія галоўныя тэмы вы вылучылі б у сучаснай беларускай прозе? Здаецца, што ў творах ёсць нейкая разгубленасць нашага сучасніка…

— Калі казаць пра прозу, якую пішуць Аляксандр Брыт, Анатоль Андрэеў, Сяргей Трахімёнак, Уладзімір Саламаха, Георгій Марчук, то відавочна, што элемент разгубленасці — гэта выразны герой сучасных твораў. Мне нават калі-нікалі здаецца, што гэта сапраўдны персанаж. Калі слова “разгубленасць” жаночага роду, то мы можам уявіць, што гэта жанчына, якая прысутнічае ў сучаснай прозе. І тут я магу пагадзіцца з вашым пытаннем.

Разам з тым пісьменнікі па-ранейшаму таленавіта і яскрава пішуць пра вайну, пра драматызм тых падзей. І вось што цікава — доўгія гады я з гонарам падкрэсліваў, што гэта ўласцівасць выключна беларускага літаратурнага працэсу. Тое, што новые пакаленні не адышлі ад тэмы вайны. Узгадаем аповесць Алены Брава “Дараванне”. Але сёння ўжо разумею, што я памыляўся. Пісьменнікі, якія працуюць у Германіі, Францыі і іншых краінах Еўропы, таксама азірнуліся на вайну.

Пакаленне 40—50-гадовых беларускіх літаратараў спрабуе асэнсаваць перыяд злому савецкага часу. Добры прыклад у гэтым сэнсе — аповесць Андрэя Федарэнкі “Дзікі луг”. Гэта характэрная ілюстрацыя. Калі чалавек хоча асэнсаваць той час, няхай чытае гэты твор.

— Федарэнку называюць паслядоўнікам Васіля Быкава. Увогуле, ці павінны быць паслядоўнікі ў нашых класікаў?

— Ці з’яўляецца Федарэнка паслядоўнікам Быкава — гэта для мяне пытанне з пытанняў.

— Журналісты любяць штампы: вось гэты — паслядоўнік, гэты — не. А часам для самой літаратуры гэта некарысна…

— Я супраць такіх штампаў.

— Кажуць, што літаратура — справа адзіночак. Навошта патрэбны творчыя саюзы?

— Ніякі саюз не дапаможа пісьменніку, калі ён садзіцца перад аркушам паперы ці перад клавіятурай камп’ютара. Але разам з тым саюз можа паўплываць на творчую атмасферу ў краіне, на арганізацыю творчага жыцця. Гэта патрэбная адміністрацыйная структура, але ў дататак да таленту і працавітасці.

Гутарыў Валянцін Пепяляеў

«Созвучие»

Няма каментарыяў

Добавить комментарий

Ваш email не будзе апублікаваны.