«ЦЭ-ЦЭ, або ЦАЛУЙЦЕ ЦЕШЧУ»

       «ЦЭ-ЦЭ, або ЦАЛУЙЦЕ ЦЕШЧУ» — так называецца новая кніга пісьменніка АРКАДЗЯ ЖУРАЎЛЁВА, што нядаўна пабачыла свет у друкарні “Перамога”.
       Аркадзь Жураўлёў не перастае здзіўляць: яшчэ не паспела “абветрыцца” друкарская фарба кнігі казак “Чароўныя словы”, як новы сюрпрыз ад маладзечанскага аўтара.
       У новы зборнік пад адной вокладкай А.Жураўлёў сабраў лепшыя свае гумарыстычныя творы, што друкаваліся на старонках сатырычнага часопіса «Вожык», іншых выданняў Беларусі і Расіі. Многія творы «свежыя»,
напісаныя ў апошнія гады — камедыйныя ў адну дзею сцэнкі «Здзелка», «Сюрпрыз», «Жыць на радасць», дзе галоўныя героі – хцівы кіраўнік прадпрыемства, руплівая жанчына-развядзёнка, што прыняла прымака-выпівоху, але дзякуючы сваёй жаночай кемлівасці перавыхавала небараку ў прыстойнага чалавека, і рыбак-паляўнічы, які цураўся хатняй гаспадаркі дзеля сваіх мужчынскіх забаў.
       У свой час багата прыязных водгукаў атрымліваў як часопіс “Вожык”, так і аўтар сатырычнага “Роздуму пра жыццё”, які ў перакладзе В.Гардзея ён уключыў у зборнік. Цікавымі падаюцца апавяданні «Адзін забыўся, другі не панюхаў», «Пальчыкі абліжаш», «Юзік», «Палюбоўнік у заложніках» і інш. Павучальнай для некаторых сучасных мужчын падаецца казка для дарослых «Як Заяц заляцаўся».
       Творы, змешчаныя ў зборніку прыемна здзіўляюць свежасцю, нечаканасцю, а часам і гарэзлівасцю аўтарскага погляду на наша паўсядзённае жыццё. І кожны твор – нагода для ўсмешкі.
       Аркадзь Жураўлёў у каторы раз выступае ў ролі перакладчыка. На гэты раз вы зможаце пазнаёміцца з апавяданнем на беларускай мове рускага сатырыка М.Зошчанкі «Шчасце». У кнізе прадстаўлены творы, якія ажылі на сцэнах народных тэатраў краіны.
       «Гумар Аркадзя Жураўлёва з асаблівым стылем, з алегарычным намёкам і загадкавым паўсмехам у падтэксце, з “гаранскім” (маецца на ўвазе родная вёска Гарані на Смаргоншчыне) каларытам, дзе заўжды былі і байкі, і жарты. Нездарма яго ў 1998 г. рэдактар В.Болтач запрашаў  у штат часопіса “Вожык’’ — пісаў ва ўступным слове да кнігі заўчасна адышоўшы ў лепшы свет сябар аўтара, цудоўны паэт і гумарыст, былы кіраўнік секцыі сатыры і гумару ў Саюзе пісьменнікаў  Беларусі Мікола Шабовіч.
       Сяброўскі шарж выканаў мастацкі рэдактар «Вожыка» Аляксандр Каршакевіч.