Гумарэскі, фельетоны, байкі паэта і журналіста з Уздзеншчыны Віктара Сабалеўскага аб’яднаны ў кнігу “Была нядзеля, і мы дудзелі”, якая пабачыла свет ў мінскім выдавецтве “Колорград”. Член Саюза пісьменнікаў Беларусі добра вядомы на Міншчыне паэт і настаўнік Уладзімір Цанунін ў прадмове да выдання піша: “Творчасць Віктара Сабалеўскага добра вядома на Уздзеншчыне і за яе межамі. Гэта не толькі добры паэт, але і таленавіты, адказны журналіст, які вось ужо чацвёрты дзясятак гадоў асвятляе ў раённным, абласным, рэспубліканскім друку наша жыццё, смела ўскрывае недахопы нашай рэчаіснасці… Гісторыі, якія сабраў Віктар Сабалеўскі ў гэтай кніжцы, не выдуманыя, гэта наша жыццё. І ў гэтым каштоўнасць творчасці паэта і журналіста”.
Фестываль паэтычнай дружбы
Кніга паэзіі беларускі Бажэны Мацюк “Я яго адпускаю з Табой” – як выразны фрагмент паэтычнага фестывалю “Берагі дружбы”, што традыцыйна праходзіць у сяле Пакроўскае Растоўскай вобласці і збірае паэтаў Расіі, Украіны і Беларусі.
Чым адметная кніга Евы Нэмм «Большое представление для Сонечки»? Апроч займальных гісторый і яркіх малюнкаў, тут можна знайсці майстар-класы ад кактуса Пундзіка, пазнаёміцца з кнігавыдавецкай справай разам з гузікам Юзікам, паўдзельнічаць у віктарыне з Алоўкам…
Нагадаем, што Ева Нэмм — псеўданім, абрэвіятура імёнаў. Новая казка з серыі «Кніга Чараўніцтва» — плён супольнай творчай працы Алены, Вікторыі, Эміліі, Марыі і Маргарыты Стэльмах-Навумавых. Калі дзеці разам з дарослымі пішуць кнігі, атрымліваецца нешта незвычайнае. Няма нічога дзіўнага ў тым, каб знайсці чароўны куфэрак ці трапіць у мінулае. Таму героі падарожнічаюць у часе, вывучаюць флору і фаўну Белавежскай пушчы, спазнаюць таямніцы гісторыі: знаёмяцца з Францыскам Скарынам, даведваюцца пра жыццё Барбары Радзівіл… Адпаведна традыцыі чароўнай казкі, кніга вучыць дзяцей не баяцца цяжкасцяў, беражліва ставіцца да прыроды, быць добрымі і кемлівымі. Кніга «Вялікае прадстаўленне для Сонечкі» — гэта экскалібур, меч у каменні, чытач — маленькі хлопчык Артур, а група аўтарак — Мэрлін, той самы добры і мудры чараўнік, які рыхтуе Артура-чытача і адказвае на пытанне «Чаму?». Але выцягнуць меч Артурчытач павінен сам.
Нягледзячы на чароўны элемент, амаль усё, пра што гаворыцца ў кнізе, можна ўбачыць ужывую. І тут ёсць некалькі варыянтаў. Першы: звярнуць увагу на маляўнічыя ілюстрацыі. Таленавітая мастачка Кацярына Першына ажывіла не толькі мясціны, але і герояў. Другі: адправіцца ў падарожжа, бо мясціны, апісаныя Евай Нэмм рэальныя — былы маёнтак графа Эмерыка фон Гутэн-Чапскага, старадаўні парк, альтанка на беразе возера.
Нягледзячы на тое, што ў анатацыі кніга рэкамендавана як выданне «для чытання дарослымі дзецям», яна будзе вельмі арганічна глядзецца на дзявочым століку побач з люстэркам, пацеркамі, парфумай ды моднымі часопісамі. Мілая, светлая казка прыйдзецца даспадобы хутчэй дзяўчынкам, чым хлапчукам. Так, гэта папулярнае, нават крыху гламурнае выданне. Але вельмі важна, што праз гэту кнігу аўтары маюць на мэце прывабіць самага шырокага чытача да беларускай гісторыі. Скарына можа быць не толькі асветнікам і першадрукаром (постаццю непамерна велічнай для сучаснай дзяўчынкі), але і прыемным у стасунках, прыязным, задумлівым мужчынам, які выклікае як павагу, так і сімпатыю. Праз гэту сімпатыю і агульную добразычлівую атмасферу твора больш прывабнай і ў нейкім сэнсе больш утульнай будзе для маленькіх чытачоў наша гісторыя. Пошук новых мастацкіх стратэгій — заўсёды добрая справа!
Марыя ШЧЫПАНАВА
“Колькі колераў у лета? Дзіцячыя вершы, казкі, казачная аповесць”
Гэтая кніга – зборнік дзіцячых твораў вядомага беларускага пісьменніка Генадзя Аўласенкі. У першым раздзеле вас чакаюць вершыкі на самыя розныя тэмы: і вясёлыя загадкі з заменай літар (чаравік тут ператвараецца ў баравік, а куніцы становяцца суніцамі), і лаканічныя чатырохрадкоўі пра рохкаючых і рагочучых жыхароў двара, і дзіцячыя фантазіі пра сапраўдны заапарк у кватэры і палёты ў космас на табурэтах, а таксама калыханкі, весялінкі, гумарынкі…
Другі раздзел кнігі – гэта казкі пра звяроў, птушак, рыб, лясныя расліны, а яшчэ – пазнавальныя замалёўкі па гісторыі і геаграфіі, што расказвае аўтару (і чытачам) не хто іншы, як дзядуля Дняпро, самая вялікая і знакамітая беларуская рака.
Чаму правы бераг Дняпра значна вышэйшы за левы? Як спраўляе імяніны карась? Ці бываюць самы пяць метраў у даўжыню? Якую рыбу апошні раз бачылі ў водах Дняпра ажно ў 1927 годзе? Чаму дразды лепш за ўсіх спяваюць? Для чаго бабру плоскі хвост, падобны на вясло? Чаму мядзведзь зімой у бярлозе спіць? Якую птушку можна лічыць самай беларускай? Шмат гісторый і казак ведае дзядуля Дняпро. А якія яшчэ не ведае – тыя яму хутка прынясе маленькі чароўны Вожык, што ходзіць па лесе і збірае іх у берасцяны кошык. Менавіта яго казкі паслухаў аўтар і ўключыў іх у трэці раздзел.
А яшчэ ў кнізе прытаіліся невялікія гісторыі пра дзяўчынку Дашу і казачная аповесць пра Малпачку – дачку Нябеснага Дракона.
Патрыятызм… Ёсць шмат фармулёвак гэтага паняцця, аднак для звычайнай большасці людзей яго тлумачэнне абмяжоўваецца больш зразумелым «любоў да радзімы». Але ўсё ж радзіма — занадта агульнае паняцце, і кожны з нас укладае ў яго свой сэнс. Для многіх любоў да радзімы абуджае добрая беларуская кніга. Асабліва гэта актуальна ў выхаванні дзяцей, бо за імі — будучыня краіны. Адным з самых дзейсных сродкаў выхавання патрыятызму заўсёды была мастацкая літаратура.
З гумарам пра сумнае